Logo Polskiego Radia
Print

«Хочам, каб наш клюб быў зьявай у жыцьці беларускага грамадзтва»

PR dla Zagranicy
Vasil Sadouski 12.09.2017 16:52
  • Крумкачы.mp3
Каманда «Крумкачы», якая апынулася ў цяжкім фінансавым становічшы, разьлічвае на дапамогу заўзятараў.
sportnaviny.com

«Хочам, каб наш клюб быў зьявай у жыцьці беларускага грамадзтва»

«Крумкачы» – адзіны прыватны футбольны клюб беларускай вышэйшай лігі – працягвае барацьбу за далейшае існаваньне. Каманда, якая апынулася ў цяжкім фінансавым становічшы, разьлічвае на дапамогу заўзятараў.

Клюб «Крумкачы» сэнсацыйна заваяваў пуцёўку ў элітны дывізіён у лістападзе 2015 – на другім годзе свайго існаваньня. Гэтая падзея стала адной з самых топавых навінаў айчыннага футболу таго часу. Ня дзіўна, што й армія прыхільнікаў дружыны імкліва расла. Месяц таму кіраўніцтва паведаміла пра сурʼёзныя фінансавыя праблемы. Як стала вядома, каманда выбілася з графіку й ня можа выконваць свае абавязкі перад барысаўскім БАТЭ, у якога раней пазычала 150 тысячаў даляраў на патрэбы, зьвязаныя з удзелам у вышэйшай лізе.

Каб справіцца зь цяжкасьцямі, «Крумкачы» абвясьцілі збор сродкаў у інтэрнэце. 125 тысячаў рублёў патрэбныя, у прыватнасьці, на выплату заробкаў гульцам ды трэнэрам, арэнду спартовых пляцовак, гульню дзіцячых камандаў і іншыя мэты. Кажа старшыня праўленьня футбольнага клюбу Дзяніс Шунто.

Дзяніс Шунто: Дапамагчы клюбу можна на сайце talaka.by. Актыўнасьць цешыць нас. Кожны пералічаны рубель – частка працы пэўнай асобы. Гэта вельмі прыемна. Зь іншага боку, на нас кладзецца вялікая адказнасьць, калі людзі ўкладаюць у наш клюб грошы. Вядома, нам патрэбна вялікая сума. Але тое, што ўжо атрымалася сабраць – амаль 20 тысячаў беларускіх рублёў – таксама вельмі сур’ёзная дапамога. Сэнс кампаніі ў тым, каб верасень-кастрычнік пражыць з дапамогай нашых прыхільнікаў і проста людзей, якім неабыякавы лёс каманды. «Крумкачы» ў маім уяўленьні – гэта нешта большае чым футбольны клюб. Мы б хацелі, каб гэта была зьява ў жыцьці беларускага грамадзтва. Паколькі ў нас назьбіралася шмат праблемаў, якія заснавальнікі ды спонсары ня могуць вырашыць, прыйшлося выступіць з такім зваротам.

Цікава, што далейшы лёс клюбу не пакінуў абыякавымі, у тым ліку, замежных інтэрнэт-карыстальнікаў. А сама кампанія па зборы грошай дапамагла камандзе ў пошуку новых спонсараў. Ужо ёсьць падпісаны кантракт. Пра гэта нашай рэдакцыі паведаміў маркетоляг «Крумкачоў» Яўген Сакоўскі.

Яўген Сакоўскі: На дадзены момант праект падтрымаў 471 чалавек (многія зь іх пералічвалі грошы па некалькі разоў). Плацяжы паступалі 16 краінаў. У тым ліку, з Вялікабрытаніі, ЗША, Люксэмбургу, Бэльгіі, Расеі, Польшчы, Чэхіі. Геаграфія даволі шырокая. Нядаўна мы заключылі партнэрскае пагадненьне з кампаніяй, якая прадстаўляе ў Беларусі прысадкі ды маторную аліву. Будзем прадстаўляць брэнд. Думаю, на зьдзелку паўплывала тая кампанія, якую мы абвясьцілі. Пошук партнэраў не спыняецца й цяпер.

Фінансавыя праблемы, зь якімі сутыкнуўся клюб «Крумкачы», вынікаюць з саміх рэаліяў беларускага футболу, што зусім не прыстасаваны да прыватнай ініцыятывы, адзначае журналіст выданьня «Прессбол» Юры Доўнар.

Юры Доўнар: Думаю, ня толькі ў футболе прыватная ініцыятыва не заўсёды мае пэрспэктывы, карыстаецца падтрымкай ды атрымлівае разуменьне. Я так разумею, «Крумкачы» ў нейкай бліжэйшай пэрспэктыве разьлічвалі на, як яны самі кажуць, роўныя магчымасьці доступу да дзяржаўнага капіталу, на дзяржаўную падтрымку, на тое ж вызваленьне ад падатку на нерухомасьць. Яны хацелі паказаць прыклад прыватна-дзяржаўнай ініцыятывы. Верагодна, з самага пачатку гэта была ўтопія, але калі глядзець на той самы падатак на нерухомасьць, чаму 15 удзельнікаў чэмпіянату яго ня плацяць, а шаснаццаты на гэта ня можа разьлічваць? Лёгіка тут ёсьць. Іншая справа, што пакуль да канца прайсьці гэты шлях не ўдалося.

Кажучы пра «Крумкачоў», Юры Доўнар зьвяртае ўвагу – каманду, безумоўна, можна лічыць фэномэнам беларускага футболу. І справа ня толькі ў тым, што гэта адзіны прыватны клюб вышэйшай лігі. Важная адметнасьць таксама заключаецца ў здольнасьці аб’ядноўваць вакол сябе прыхільнікаў.

Юры Доўнар: У сваім апошнім матчы ў Салігорску «Крумкачы» прайгралі. Пры гэтым на выхадзе са стадыёну стаялі толькі заўзятары «Крумкачоў». Яны чакалі сваіх футбалістаў, пляскалі ім у далоні, размаўлялі з гульцамі. А прыхільнікаў каманды-пераможцы (дарэчы, у яе складзе адзін з галоў забіў Мікалай Януш, даволі вядомы футбаліст, у якога быў Дзень народзінаў) не было. Нікога не знайшлося, каб павіншаваць хаця б імяніньніка. Фэномэн «Крумкачоў» у тым, што іхныя заўзятары некалі, можа, цікавіліся гэтым спортам, але ў іх не было такой уцягнутасьці, пакуль не зьявіўся гэты клюб. Гэтых людзей нямала, і іх цікавяць працэсы, якія адбываюцца ўнутры каманды, а ня толькі тое, што дзеецца на полі. Але, магчыма, самае важнае, што ёсьць у гэтым клюбе – яго адкрытасьць. Кожны з аматараў можа наведаць любую трэніроўку, паразмаўляць з гульцамі і гэтак далей.

Пакуль зьбіраюцца грошы, сама каманда працягвае падрыхтоўку да матчаў. Бліжэйшы зь іх «Крумкачы» правядуць у суботу, 16 верасьня. У Менску клюб будзе прымаць гасьцей з жодзінскага «Торпедо-БелАЗ». Наведвальнікам гульні абяцаюць конкурсы з прызамі ды нават выступ вядомага ілюзіяніста.

Васіль Садоўскі

слухайце далучаны гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт