Logo Polskiego Radia
Print

У Польшчы прайшлі прэзыдэнцкія дажынкі, традыцыя якіх сягае 1927 году (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 18.09.2017 17:09
  • дажынкі.mp3
Дажынкі адбыліся ў вёсцы, у гісторыю якой упісаныя постаці расейскіх імпэратараў, Юзэфа Пілсудзкага й прэзыдэнтаў Польшчы.
Прэзыдэнцкая пара ў дажджы пад парасонам купляе на рынку хатнія вырабыПрэзыдэнцкая пара ў дажджы пад парасонам купляе на рынку хатнія вырабыPAP/Marcin Obara

Калі беларусу сказаць слова “дажынкі”, то хутчэй за ўсё на думку прыйшло б штогадовае асеньняе сьвята, якое праводзіцца з удзелам Аляксандра Лукашэнкі кожны раз у іншым горадзе. Больш за тое, суправаджаецца аўральнай рэканструкцыяй горада, пасьля якой у недзяржаўных СМІ зьяўляюцца шматлікія матэрыялы пра недапрацоўкі й халтуру ў працэсе аднаўленьня.

У Польшчы таксама ёсьць прэзыдэнцкія дажынкі. Асноўнае адрозьненьне ад беларускіх – гэта тое, што польскія маюць доўгую гісторыю й што адбываюцца ў адным месцы.

А паколькі польскія прэзыдэнцкія дажынкі адбываюцца ў адным месцы, то аўральная рэканструкцыя не праводзіцца.

Анджэя
Анджэя Дуду частуюць напоем/PAP/Grzegorz Michałowski

І вось, польскія дажынкі традыцыйна прайшлі ў вёсцы Спала ў Лодзінскім ваяводзтве ў цэнтральнай Польшчы. Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда наведаў дажынкі разам з жонкай Агатай.

Выступаючы ў Спале, Анджэй Дуда падзякаваў хлебаробам за іх працу, нагадаўшы, што менавіта сяляне кормяць народ і зьяўляюцца падмуркам традыцый.

А.Дуда: З пакаленьня ў пакаленьне польскія сяляне перадаюць традыцыю земляробства, яны пастаянна змагаюцца зь цяжкасьцямі, у тым ліку й зь цяжкасьцямі прыроднага характару.

Кіраўнік польскай дзяржавы зазначыў, што польскія сяляне ня толькі вырошчваюць хлеб, але й таксама зьяўляюцца апорай дзяржавы, у тым ліку і ў галіне бясьпекі.

А.Дуда: Хлебаробы абараняюць Рэч Паспалітую кожны дзень, бо менавіта дзякуючы ім краіна забясьпечаная харчаваньнем, яны даюць нам харчовую бясьпеку. Польскія сяляне кормяць ня толькі сваіх суайчыньнікаў: Польшча экспартуе сельскагаспадарчую прадукцыю й прадукты харчаваньня ў шмат якія краіны. Многа дзе ў сьвеце польская харчовая прадукцыя – гэта сынонім высокай якасьці, і за гэта я вельмі ўдзячны польскім фэрмэрам.

У Спалу як і штогод прыбылі тысячы сялян, аматараў народнага мастацтва й прадстаўнікоў улад розных узроўняў.

Гісторыя Спалы і ўвогуле прэзыдэнцкіх дажынак вельмі цікавая.

Агата
Агата Корнхаўзэр-Дуда спрабуе рэгіянальныя прысмакі/PAP/Grzegorz Michałowski

Вакол Спалы – прыгожыя густыя лясы, якія на працягу вякоў прыцягвалі паляўнічых. І таму нядзіўна, што спальскія лясы прыйшліся даспадобы царскай сям’і, бо пасьля падзелу Польшчы гэты рэгіён уваходзіў у склад Расейскай імпэрыі. Упершыню сюды ў 1876 годзе прыехаў цэсарэвіч Аляксандр, пазьнейшы цар Аляксандр ІІІ.

Гасьцей прымаў мясцовы ксёндз Людвіг Жмудоўскі, таксама вялікі аматар паляваньня, які ў сваім дзёньніку напісаў: ”Цэсарэвіч гэтак закахаўся ў нашых лясах, што тут будзе пабудаваны паляўнічы дом, мост праз раку Піліцу, і мы будзем часьцей сустракаціся са сьвяцейшай асобай”. І вось, у 1884 годзе пабудавалі драўляны палац.

PAP/Marcin
PAP/Marcin Obara

У адной з заляў многія элемэнты былі вырабленыя з рога аленяў, а пад рагамі аленяў і ласёў, які віселі на сьценах, былі невялічкі таблічкі з надпісамі: А.ІІІ, М.ІІ, W.ІІ. Гэта азначала імя паляўнічага, які застрэліў жывёлу: Аляксандр ІІІ Раманаў, Мікалай ІІ Раманаў, Вільгельм ІІ Гогенцолерн. Побач з палацам з часам узьвялі казармы для казацкай сотні й егераў, афіцэрскі клюб, дамы для гасьцей.

Пачастунак
Пачастунак для прэзыдэнта/PAP/Marcin Obara

У 1900 годзе дадаткова былі ўзьведзеныя два гасьцінныя дамы, якія існуюць па сёньняшні дзень, а ў іх месьцяцца пансіянаты. На тэрыторыю лясоў і рэзыдэнцыі ўваход быў забаронены, царскую сям’ю й манаршых гасьцей ахоўвалі казакі. Дарэчы, з-за таго, што Спала стала царскім паляўнічым угодзьдзем, з ваколіц было выселена некалькі вёсак, а на іх месцы пасаджаны лес. У 1916 годзе да Спалы была пракладзена чыгунка, аднак Раманавы не пасьпелі ёй скарыстацца, бо пачалася Першая сусьветная вайна, а пазьней – бальшавіцкі пераварот, у выніку якога імпэратарская дынастыя канула ў гістарычную бездань.

PAP/Marcin
PAP/Marcin Obara

У часы міжваеннай Польшчы палац у Спале быў рэзыдэнцыяй маршала Юзэфа Пілсудзкага ды прэзыдэнтаў Польшчы.

У 1927 годзе ў Спале ўпершыню прайшлі агульнапольскія, гэтак званыя прэзыдэнцкія дажынкі, і іх традыцыя працягваецца й па сёньняшні дзень. У мясцовасьці захавалася шмат арыгінальных гістарычных будынкаў, і таму варта наведаць Спалу, каб ужывую пазнаёміцца з багатай гісторыяй гэтага польскага рэгіёну. А найлепш наведаць, зразумела, падчас прэзыдэнцкіх дажынак, каб пазнаёміцца з польскім вясковым калярытам.

вс

Мастацкая
Мастацкая частка дажынак/PAP/Grzegorz Michałowski

PAP/Grzegorz
PAP/Grzegorz Michałowski

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт