Logo Polskiego Radia
Print

Ці трэба прымусова лячыць жанчын, якія п'юць падчас цяжарнасьці?

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 19.09.2017 17:01
  • ФАС.mp3
З такой прапановай зьвярнуўся да прэзыдэнта Польшчы абаронца правоў дзяцей.
Photo: pixaby. com/ CC0 Public Domain

Абаронца правоў дзяцей у Польшчы Марэк Міхаляк прапануе дзяржаве больш актыўна змагацца з пʼянствам цяжарных жанчын. Спажываньне алькаголю падчас цяжарнасьці выклікае цяжкія і трывалыя пашкоджаньні плоду, таму адказ на гэтае пытаньне – ці можна піць падчас цяжарнасьці – нельга пакідаць самім жанчынам.

Паводле інфармацыі Марэка Міхаляка, кожны год у Польшчы нараджаецца каля 9 тыс. дзяцей жанчын, якія спажывалі падчас цяжарнасьці сьпіртное. У тым ліку частка малечаў нараджаецца з гэтак званым сындромам ФАС (з ангельскай мовы – Fetal Alcohol Syndrome – фэтальны алькагольны сындром). Такое посталькагольнае пашкоджаньне плоду адлюстроўвае як псыхічныя, так і фізычных дэфэкты, якія праяўляюцца адразу пасьля нараджэньня дзіцяці і застаюцца з ім да канца жыцьця.

Абаронца правоў дзяцей зьвярнуўся да прэзыдэнта Польшчы з прапановай абмеркаваньня магчымых юрыдычных крокаў з мэтаю абароны ненароджаных дзяцей ад наступстваў пʼянства іх маці падчас цяжарнасьці. Законапраект прадбачвае, у прыватнасьці, што цяжарная, якая спажывае сьпіртныя напоі, можа быць накіраваная на прымусовае лячэньне ў бальніцу. Прапанова выклікала хвалю эмоцый і камэнтароў. Марэк Міхаляк адзначае, што перш за ўсё гэта толькі прапанова, а праблему неабходна вывучаць.

М. Міхаляк: Трэба прапанову прачытаць, старанна вывучыць. Я хачу яшчэ раз адзначыць, што ў Польшчы кожны год нараджаецца каля 9 тыс. дзяцей у кепскім стане здароўя з-за таго, што маці спажывала алькаголь. Сярод гэтых дзевяці тысяч прыкладна тысяча малечаў мае пасьляалькагольны сындром (ФАС). У іх назіраюцца вельмі цяжкія дэфэкты, якія застануцца да канца жыцьця. Гэтыя дзеці часта трапляюць у дамы дзіцяці, у іх вельмі невялікія шанцы на ўсынаўленьне, паколькі мала хто адважыцца ўзяць на сябе такі цяжар.

Законапраект выклікаў шырокі рэзананс у сродках масавай інфармацыі ды пратэсты, між іншым, амбудсмэна Адама Боднара. На ягоную думку, прымусовае лячэньне цяжарных – гэта форма пазбаўленьня асабістай свабоды, і таму яно выклікае сумненьні.

А. Боднар: Ці мы падбіраем сродкі вырашэньня грамадзкай праблемы, якія адэкватныя да важнасьці праблемы. Абаронца правоў дзіцяці гаворыць, што ўсе праграмы прафіляктыкі, лячэньня пʼянства не прынесьлі вынікаў, у сувязі з чым неабходна скарыстацца больш радыкальным мэтадам, уключна з пазбаўленьнем свабоды. А я задам пытаньнем, ці сапраўды мы зрабілі ўсё магчымае, каб змагацца з праблемай ФАС.

Адам Боднар паабяцаў у бліжэйшым часе прадставіць уласныя прапановы па дадзеным пытаньні.

Марэк Міхаляк цешыцца, што яго прапанова выклікала дыскусію на тэму спажываньня сьпіртнога цяжарнымі. Трэба змагацца з гэтай зьявай, каб дзеці нараджаліся здаровыя, – кажа абаронца правоў дзяцей.

М. Міхаляк: Мы зноў стаім перад пэрспэктывай, што за год народзіцца 9 тыс. хворых дзяцей, якія маглі нарадзіцца цалкам здаровыя. Магчыма, мой праект надта радыкальны, недасканалы, але трэба нешта рабіць па гэтай справе. я запрашаю ўсіх пачаць дыскусію, уносіць свае прапановы, уласныя законапраекты. Канешне, прасьцей за ўсё крытыкаваць прапановы іншых, але я хачу спытаць «Што вы прапануеце?». Мы вельмі хацелі б, каб гэтыя дзеці нарадзіліся здаровымі і каб маглі нармальна жыць.

Незалежна ад таго, ці дзяржава вырашае радыкальным чынам змагацца з пʼянствам цяжарных, ці не, то ўсё ж такі кожная жанчына, якая чакае нараджэньня дзіцяці, павінна памятаць, што нават самая малая колькасьць алькаголю можа пашкодзіць у разьвіцьці плоду. Асабліва небясьпечна спажываньне сьпіртнога ў першыя тры месяцы цяжарнасьці, калі фарміруюцца органы дзіцяці. Некаторым жанчынам здаецца, што адна чарка віна не пашкодзіць, але дактары раяць, каб для здароўя малечы і для ўласнага спакойнага сумленьня поўнасьцю адмовіцца ад алькаголю на гэты час.

ПР/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт