Logo Polskiego Radia
Print

Экспэрт: Адной з ключавых мэтаў “Захаду-2017” была прапаганда

PR dla Zagranicy
Vasil Sadouski 21.09.2017 16:29
  • Адной з ключавых мэтаў “Захаду-2017” была прапаганда.mp3
Манэўры, што завяршыліся ў гэтую сераду, сталі тэмай дыскусіі, якая адбылася ў Беларускім доме ў Варшаве.
PAP/EPA/TATIANA ZENKOVICH

Манэўры «Захад-2017» скончаныя, але ўсё яшчэ застаюцца прадметам дыскусіяў. Чаго чакаць пасьля завяршэньня вучэньняў, якія не адзін месяц трымалі ў напружаньні значную частку грамадзтва, палітыкаў ды навукоўцаў? Адказ на гэтае пытаньне паспрабавалі знайсьці ўдзельнікі сустрэчы, якая адбылася ў Варшаве.

Беларускі дом гэтым разам наведалі сацыёлягі ды палітычныя аглядальнікі зь Беларусі, Расеі і Ўкраіны, якія сваю дасьледчую дзейнасьць вядуць у Польшчы. Усіх разам сабраў Цэнтар палітычнага аналізу й прагнозаў. Адна з асноўных тэмаў для абмеркаваньня – магчымасьць таго, што ў Беларусі застануцца войскі Расеі, якая ўжо неаднаразова выкарыстоўвала ваенную моц на чужой тэрыторыі.

Нягледзячы на ўсю непрадказальнасьць дзеяньняў Крамля, удзельнікі сустрэчы лічаць такі сцэнар малаімаверным. Гэта нявыгадна самой Беларусі. Раней краіна падпісала Дамову аб звычайных узброеных сілах у Эўропе. Гэты дакумэнт (Расея, дарэчы, зь яго выйшла) прадугледжвае рэгулярныя замежныя інспэкцыі, мэта якіх – кантроль колькасьці ўзбраеньняў. Кажа журналіст беларускай рэдакцыі Польскага Радыё, навуковы супрацоўнік Цэнтру East Аляксандар Папко.

Аляксандар Папко: Беларусь зьяўляецца часткай пагадненьняў, якія абмяжоўваюць рост узбраеньняў у Эўропе. Калі зьявіцца расейская ваенная база, гэта прывядзе да росту колькасьці ўзбраеньняў на беларускай тэрыторыі. Гэта можна будзе лёгка праверыць, дзякуючы той жа самай Дамове аб адкрытых паветраных прасторах. Гэта дамова, якая прадугледжвае авіяцыйныя інспэкцыі. Гэтыя інспэкцыі рэгулярна праводзяцца над Беларусьсю. І мне цяжка ўявіць, што такая інспэкцыя з удзелам польскіх самалётаў ды самалётаў іншых краінаў не заўважыць нейкай расейскай вайсковай базы. Разьмяшчэньне такой базы абсалютна ізалюе Беларусь ня толькі ад Эўразьвязу, але й ад Украіны. І гэта Аляксандру Лукашэнку зусім не патрэбна.

У сваю чаргу, аналітык Цэнтру палітычнага аналізу й прагнозаў Аляксандар Алешка лічыць, што і ў расейскага боку зараз не было намеру пакідаць сваіх вайскоўцаў ды ўзбраеньне на беларускай тэрыторыі. Паводле аглядальніка, адной з галоўных мэтаў вучэньняў «Захад-2017» зьяўлялася прапаганда.

Аляксандар Алешка: Гэтая прапаганда скіраваная на Захад, каб паказаць Захаду, што Расея прысутная ў Беларусі, што Расея гатовая даць адпор Захаду. Акрамя таго, прапаганда скіраваная й на расейскае грамадзтва. Гэта апошнія вялікія вучэньні перад выбарамі Пуціна. То бок, тут трэба паказаць мускулы. Што тычыцца беларусаў, ня думаю, што арганізатары манэўраў прысьвяцілі вялікую ўвагу гэтаму накірунку. Галоўным было даслаць мэсэдж Захаду і расейскаму грамадзтву.

Хоць экспэрты і выключаюць магчымасьць ваеннага ўмяшаньня з боку Расеі, цікавасьць выклікае здольнасьць саміх беларусаў супрацьстаяць гіпатэтычнай пагрозе з усходу. Як адзначае экспэрт Цэнтру East кандыдат навук пры Польскай акадэміі навук Вераніка Лапуцька, цяперашнія тэндэнцыі не дазваляюць рабіць аптымістычных прагнозаў.

Вераніка Лапуцька: Мы ня бачым ярка выражаных прабеларускіх настрояў. У тым ліку, у ключавых ведамствах краіны. Яны зараз пытаюцца лявіраваць. Але я думаю, што на іх узьдзейнічае пэўны ціск, яны ня могуць актыўна выражаць сваю пазыцыю. Яны павінныя памятаць, што багата хто зь сілавых ведамстваў мае расейскія карані. Гэта людзі, што прыехалі зь іншых частак былога СССР. У іх вельмі часта ёсьць адукацыйнае ці прафэсійнае заплечча ў Расеі. Калі казаць пра беларускае насельніцтва, яно інфільтраванае расейскай інфармацыйнай прасторай.

Падсумоўваючы сустрэчу, яе мадэратар, палітоляг Павал Усаў, заўважыў – падобныя дыскусіі будуць ладзіцца і ў будучыні. Узяць удзел у іх змогуць усе ахвотныя.

Павал Усаў: Мы хочам, каб сярод беларусаў, якія жывуць у Варшаве, пачаўся інтэлектуальны рух. Гаворка вядзецца пра дыскусіі, якія тычацца праблемаў, зьвязаных зь Беларусьсю, яе будучым, пэрспэктывамі. Мэта такіх сустрэч – не дасягненьне выніку, зьвязанага з аналітычным прадуктам. Асноўная мэта – прыцягнуць у дыскусійнае поле як мага больш людзей. Гэта пакуль што першыя крокі. Думаю, што ў пэрспэктыве, улічваючы колькасьць беларусаў, якія знаходзяцца ў розных навучальных установах Варшавы, у такіх дыскусіях будзе ўдзельнічаць усё больш нашых суайчыньнікаў.

Плянуецца, што дыскусіі будуць адбывацца штомесяц. Сярод тэмаў, якія зьбіраюцца закрануць арганізатары – праблема беларускай ідэнтычнасьці ў сучасным сьвеце, правядзеньне рэформаў. Зьвярнуць увагу абяцаюць таксама й на важнейшыя падзеі ў краінах-суседках.

Васіль Садоўскі

слухайце далучаны гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт