Logo Polskiego Radia
Print

Нямецкія выбары кідаюць цень на Эўропу

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 25.09.2017 12:11
  • Нямецкія выбары.mp3
Ангела Мэркель перамагла на выбарах, але для яе настае час выпрабаваньняў.
Foto: CHRISTIAN BRUNA/PAP/EPA

Паводле папярэдніх вынікаў на выбарах у Бундэстаг перамог Хрысьціянска-дэмакратычны саюз (CDU/CSU). Партыя Ангелы Мэркель атрымала 33% галасоў. На другім месцы - сацыял-дэмакраты (SPD) з 20,5%, а на трэцім - Альтэрнатыва для Нямеччыны (AfD) з 12,6% падтрымкай выбарцаў. Аглядальнікі зазначаюць, што настае час выпрабаваньняў для нямецкай канцлер.

Нямецкая фэдэральная выбарчая камісія агучыла ўступныя вынікі парлямэнцкіх выбараў у 2017-м годзе. Новы Бундэстаг будзе складацца з 709 дэпутатаў, якія прадстаўляюць шэсьць партый. Афіцыйныя вынікі будуць агучаны пазьней пасьля праверкі ўсіх скаргаў. Папярэднім разам нямецкаму выбаркаму спатрэбілася 17 дзён на праверку вынікаў галасаваньня. Сёлета можа быць яшчэ даўжэй, бо выбары праходзілі ў гарачай атмасфэры. З Бэрліна перадае карэспандэнт Польскага радыё Вальдэмар Машэўскі.

Вальдэмар Машэўскі: Некаторыя СМІ назвалі перамогу хадэкаў кашмарам Ангэлі Мэркель, якая зноў будзе канцлерам, але атрыманы вынік 33% галасоў падтрымкі для партыі – найгоршы з 1949 года. Прычынаў для радасьці ня маюць і сацыял-дэмакраты пад кіраўніцтвам Марціна Шульца. Вынік 20% – найгоршы ў гісторыі. Зь іншага боку, сапраўдным посьпехам называюць вынік лібэралаў ды эўраскептыкаў з Альтэрнатывы для Нямеччыны. З 12% галасоў дадзеная партыя стала трэцяў сілай у парлямэнце. Ва ўсходніх ландах AfD атрымала падтрымку на ўзроўні 21%. Нямецкія адмыслоўцы лічаць, што кепскія вынікі хадэкаў ды посьпех AfD зьменяць палітыку нямецкага ўраду ў першую чаргу ў сфэры прыёму імігрантаў.

Галоўным пытаньне сёлетняй выбарчай кампаніі стала справа імігрантаў. Рашэньне Ангелы Мэркель адкрыць межы для ўцекачоў з Сырыі прывяло да таго, што крайнія правыя з AfD адрадзіліся ды ўвайшлі ў парлямэнт. Гаворыць экспэрт фонду "Навука ды палітыка" з Бэрліну Кай-Ольф Лянг.

Кай-Ольф Лянг: Яшчэ два гады таму партыя AfD былі амаль мёртвай, аднак з-за хвалі міграцыі партыя адрадзілася, нягледзячы на ўнутраныя спрэчкі ды канфлікты. AfD ня мае ўплыву на вызначэньне палітыкі Нямеччыны за выключэньнем палітыкі міграцыі. Тут, думаю, усе палітычныя сілы будуць дзейнічаць асьцярожна.

Ангела Мэркель перамагла, але яе пазыцыі аслабелі - так камэнтуюць вынікі нямецкіх выбараў у эўрапейскіх СМІ. Гэта можа паўплываць на далейшую будучыню Эўразьвязу, перакананыя палітыкі ды экспэрты ў Брусэлі. Перадае карэспандэнтка Польскага радыё Бэата Пламэцка.

Бэата Пламэцка: Францыя націскае, каб прысьпешыць рэформы Эўразьвязу - Парыж хоча стварыць асобны бюджэт ды кіроўныя інстытуты для эўразоны. Нямецкія выбары азначаюць, што з боку Бэрліна ня будзе моцнай падтрымкі гэтай ініцыятывы, а стварэньне Эўропы двух хуткасьцяў запаволіцца.

У самой Нямеччыне палітыкі спрабуюць супакойваць настроі. Сыстэма перажыве гэты шок, заявіў кіраўнік канцылярыі Ангелы Мэркель Пэтэр Альтмаер.

Пэтэр Альтмаер: Калі параўнаць сытуацыю з суседнімі Францыяй, Бэльгіяй ды Галяндыяй, можна сказаць, што ў нас крайнія правыя значна слабейшыя, чым у суседзяў. Мы перакананыя, што наша сыстэма моцная ды ўсё вытрымае, у тым лік такі шок.

Свайго калегу падтрымала Ангела Мэркель. Яна заявіла, што чакала большай падтрымкі, але гэта не адмяняе абавязку фармаваньня ды кіраваньня новым урадам.

Ангэля Мэркель: Я ня буду хадзіць навокал, скажу проста – мы чакалі лепшых вынікаў. Пры гэтым варта нагадаць, што апошні тэрмін ў парлямэнце быў вельмі складаны, таму я радая, што мы выканалі нашу стратэгічную мэту на дадзеную выбарчую кампанію. CDU/CSU зьяўляецца найбольшай сілай й мы будзем фармаваць урад. Бяз нашай згоды ўрад ня зьявіцца.

Ангела Мэркель зазначыла, што пачне неўзабаве перамовы пра склад новай кааліцыі. Экспэрты зазначаюць, што новапаўсталая кааліцыя зьвяжа разам CDU, лібэралаў ды партыю зялёных.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт