Logo Polskiego Radia
Print

На гэтым тыдні распачнецца чарговы раунд перамоваў па брэксіце

PR dla Zagranicy
Vasil Sadouski 25.09.2017 18:47
Назіральнікі чакаюць, што менавіта цяпер будуць выпрацаваныя ўмовы, на якіх адбудзецца "развод" Вялікабрытаніі з Эўразьвязам.
pixabay.com/Public Domain CC0

Час прымаць рашэньні. На гэтым тыдні ў Брусэлі распачнецца чарговы (чацьвёрты па ліку) раунд перамоваў па брэксіце. Назіральнікі чакаюць, што менавіта цяпер будуць выпрацаваныя ўмовы, на якіх адбудзецца "развод" Вялікабрытаніі з Эўразьвязам, паведамляе сьвежы нумар газэты Rzeczpospolita.

Сярод тэмаў, што больш за ўсё цікавяць экспэртаў – памер кампэнсацыі з боку Лёндану, правы грамадзянаў, а таксама статус мяжы, якая разьдзяляе Ірляндыю з Паўночнай Ірляндыяй. Два дні таму прэм’ер Туманнага Альбіёну Тэрэза Мэй выступіла ў Флярэнцыі зь вялікай прамовай, прысьвечанай брэксіту, аднак асноўныя пытаньні так і засталіся без адказаў.

Паводле Брусэлю, выходзячы з эўрапейскай супольнасьці, Вялікабрытанія павінна заплаціць 60 мільярдаў эўра. Тым часам, падлікі Лёндану куды больш сьціплыя – усяго 20 мільярдаў. Гэта вынікае зь неафіцыйная інфармацыі, якую распаўсюдзілі ангельскія мэдыі. Кажучы пра мяжу паміж дзьвюма часткамі Ірляндыі, Мэй заявіла адзінае пра добрую волю захаваньня міру на высьпе.

Што тычыцца правоў грамадзянаў, то, па словах кіраўніка кабінэту міністраў, брытанскія суды змогуць (хоць і ня будуць абавязаныя) браць пад увагу пастановы суду ЭЗ у стасунку да грамадзянаў Эўразьвязу, што знаходзяцца на тэрыторыі Абʼяднанага Каралеўства. Назіральнікі адзначаюць – найбольш праблемным сёньня зьяўляецца менавіта грашовае пытаньне, дасягнуць кампрамісу па якім будзе вельмі складана. А вось адносна палітыкі рэгіянальнай бясьпекі поўнае паразуменьне. Брытанскі ўрад прапануе эўрапейскім партнэрам усебаковы саюз у гэтай галіне.

св

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт