Logo Polskiego Radia
Print

«Захад 2017» ударыў па іміджу Беларусі

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 29.09.2017 16:30
  • Захад 2017.mp3
Раз на два гады войскі Беларусі ды Расеі ладзяць сумесныя вучэньні пад назвай «Захад».
Foto: pixabay.com/CC0

Першыя такія манэўры прайшлі ў 2009 –м годзе. Аднак найбольшы розгалас атрымалі менавіта сёлетнія вучэньні, якія прайшлі ў Беларусі з 14 па 20 верасьня.

На «Захад 2017» Менск ды Масква ангажавалі 13 тысяч жаўнераў, авіяцыя (25 адзінак), танкі, бронемашыны, артылерыю. Агулам амаль 700 адзінак вайсковай тэхнікі. Мэтай манэўраў было мадэляваньне паўнавартаснай вайны. Абарона саюза Беларусі й Расеі ад спробаў «Заходніх» – кааліцыі трох дзяржаў агрэсараў - захапіць частку Беларусі ды стварыць там сэпаратысцкую дзяржаву.

Гэтыя пляны выклікалі вельмі нэрвовую рэакцыю як у суседніх зь Беларусьсю краінах, у першую чаргу ва Ўкраіне, Летуве ды Польшчы, так і далей на Захадзе. Экспэрты з гэтых краін нават казалі, што пад выглядам вучэньням Расея плянуе ўвесьці войскі ў Беларусь і зладзіць правакацыі супраць суседзяў.

Гэтыя страхі не спраўдзіліся. Вучэньні завяршыліся, правакацый не было, расейскія войскі пачалі вяртацца назад. Адпаведныя заявы зрабілі прадстаўнікі беларускага ды расейскага міністэрстваў абароны.

Мы папрасілі экспэртаў прааналізаваць ды назваць асноўныя вынікі вайсковых вучэньняў «Захад» 2017 для Беларусі. Адмыслоўцы перакананыя, што манэўры маюць пазытыўныя ды нэгатыўныя рэзультаты.

Галоўны пазытыў у тым, што беларускае войска правяло вучэньні, падтрымлівае сваю баяздольнасьць. Гаворыць вайсковы аглядальнік газэты «Беларусы й рынка» Аляксандар Алесін.

Аляксандар Алесін: Пазытыўна тое, што беларуская армія павучылася страляць за расейскія грошы. Калі мы завялі сабе войска, яно павінна вучыцца страляць, падтрымліваць майстэрства на палігонах. Інакш у войску пачнуцца працэсы дэградацыі, якія могуць заразіць усё грамадзтва. Войска павінна ўвесь час вучыцца. У гэтым я бачу пазытыў вучэньняў «Захад 2017».

Аднак гэта не зусім кампэнсуе значныя страты, у асноўным на міжнароднай арэне, якія зазнала Беларусь. Тлумачыць менскі палітоляг Андрэй Фёдараў.

Андрэй Фёдараў: Масква хацела папсаваць беларуска-эўрапейскія адносіны, прадэманстраваць, што Беларусь ня ёсьць самастойная краіна, што ад яе нічога не залежыць. Таму зь ёй ня варта мець сур’ёзных адносінаў. Таксама былі дробныя правакацыі: інфармацыя пра танкавую армію, адмова сустрэчы кіраўнікоў. Я мяркую, што тут не былі чыстыя вучэньні, як 4 ці 8 год таму. На маю думку, цалкам сваёй мэты Масква не дасягнула. Беларуская кіраўніцтва прадэманстравала сваю пазыцыю, не дазволіла на правядзеньне радыкальнага сцэнару, якога апасаліся на Захадзе. Аднак вучэньні адбыліся, рыторыка была прарасейская, усё гэта ня будзе спрыяць разьвіцьцю беларуска-эўрапейскіх стасункаў.

Афіцыйнаму Менску яшчэ доўга давядзецца працаваць, каб кампэнсаваць панесеныя страты, зазначае Аляксандар Алесін.

Аляксандар Алесін: Беларускае кіраўніцтва незадаволена ў першую чаргу тым, што нанесеная значная шкода высілкам па навядзеньні мастоў з Захадам. Беларусь хоча добрых адносінаў з Захадам, зацікаўлена я атрыманьнем адтуль тэхналёгій, інвэстыцый. Афіцыйны Менск хоча, каб уся краіна стала свабоднай эканамічнай зонай, дзе маглі б паўставаць бізнэс ды супраца пры ўдзеле партнэраў усяго сьвету. На маю думку, дадзены курс будзе працягвацца, але давядзецца прыкласьці нашмат больш намаганьняў, каб кампэнсаваць інфармацыйную шкоду, якую нанесьлі гэтыя вучэньні.

У Беларусі адбыліся вучэньні «Захад 2017». Гэта стала нагодай для беларускага войска падтрымаць сваю баяздольнасьць. Аднак за гэта Менск заплаціў высокую цану – пагаршэньне іміджу нэўтральнай пляцоўкі па вырашэньні ўкраінскага канфлікту ды незалежнай ад Расеі краіны. Менавіта ва ўмацаваньне гэткага іміджу беларускія ўлады інвэставалі шмат высілкаў ды сродкаў апошнія 3 гады.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт