Logo Polskiego Radia
Print

«Гішпанія – гэта не СССР, а Каталёнія – не Летува ці Беларусь»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 03.10.2017 19:57
  • «Гішпанія – гэта не СССР, а Каталёнія – не Летува ці Беларусь».mp3
Беларусы сымпатызуюць усім, хто змагаецца за незалежнасьць, але стварэньне незалежнай Каталёніі – пакуль не неабходнасьць.
У адказ на брутальныя дзеяньні гішпанскай паліцыі каталёнцы аб'явілі ўсеагульную забастоўку. У адказ на брутальныя дзеяньні гішпанскай паліцыі каталёнцы аб'явілі ўсеагульную забастоўку. PAP/EPA/JUAN CARLOS CARDENAS

Уся Эўропа працягвае сачыць за падзеямі ў Каталёніі. Жыхары гэтага рэгіёну, насуперак волі гішпанскага парлямэнту, ураду й канстытуцыйнага суду, вырашылі правесьці рэфэрэндум аб незалежнасьці. Плебісцыт быў сарваны гішпанскай паліцыяй, якая жорстка разагнала людзей, што сабраліся ля выбарчых участкаў. Былі пабітыя больш за 800 грамадзянаў. Брутальны разгон рэфэрэндуму падагрэе сымпатыі да каталёнскай незалежнасьці, але наўрад ці прывядзе да стварэньня новай дзяржавы. Чаму? Пра гэта распавядаюць удзельнікі дыскусіі, якая прайшла ў Беларускім доме ў Варшаве.

Удзел у дыскусіі «Рэфэрэндум аб незалежнасьці Каталёніі», прынялі медыякансультант Аляксей Лявончык, вядучая «Белсату» Аліна Коўшык, тэлежурналістка і ў нядаўнім мінулым жыхарка Барсэлёны Тацьцяна Рэўт. Па Скайпе сытуацыю ў Каталёніі апісваў Павал Кірылёнак, якія жыве ў гэтым рэгіёне больш за 10 гадоў.

Чаму многіх беларусаў зацікавілі падзеі ў Барсэлёне? Таму, што Беларусь – гэта маладая краіна, якая атрымала незалежнасьць у выніку распаду вялікай імпэрыі. Беларусы маюць натуральную сымпатыю да ўсіх, хто змагаецца за нацыянальнае самавызначэньне. Падзеі ў Каталёніі важныя й таму, што яны зьмяняюць аблічча Эўропы, у якой мы ўсе жывем – камэнтуе медыякансультант Аляксей Лявончык.

Кожны народ мае права на самавызначэньне, аднак гэта не азначае, што паўстаньне незалежнай Каталёніі абсалютна неабходнае – мяркуе беларускі аналітык. Гішпанія – гэта не СССР, з якога захацелі выйсьці краіны Балтыі, і не Ірак, ад якога хочуць аддзяліцца курды.

У дэмакратычных краінах народы маюць магчымасьці дабіцца шырокіх палітычных і культурных правоў, не зьмяняючы дзяржаўных межаў. Калі ж межы зьмяняюцца, то гэта адбываецца шляхам доўгіх перамоваў, вынікі якіх прызнаюцца ўсімі – падкрэсьлівае Аляксей Лявончык. Дзеяньні гішпанскай паліцыі вартыя асуджэньня. Аднак каталёнцаў пакуль ніхто не зьбіраецца прыгнятаць, а магчымасьці перамоваў ня вычарпаныя – зазначае экспэрт.

/

Аляксей Лявончык: Па-першае, Гішпанія не развальваецца, як СССР. Гэта эканамічна моцная краіна, якая, у адрозьненьне ад позьняга Савецкага саюзу, расьце хуткімі тэмпамі. Па-другое, Гішпанія – не аўтарытарная краіна. Я ня думаю, што існавалі рэальныя прававыя мэханізмы выхаду з СССР. У Гішпаніі гэта выглядае іначай. Нават нягледзячы на нягнуткасьць уладаў у Мадрыдзе, я ўпэўнены, што ў каталёнцаў ёсьць магчымасьці ў прававым полі дамовіцца пра выхад. Нельга параўноўваць распад эканамічна слабай аўтарытарнай краіны з працэсамі, якія ідуць у эканамічна моцнай дэмакратычнай дзяржаве.

Ці зьявіцца на мапе Эўропы незалежная Каталёнія? У бліжэйшыя гады гэтага на адбудзецца – мяркуе Аляксей Лявончык. Супраць аднабаковага абвяшчэньня незалежнасьці любым рэгіёнам выступае як Гішпанія, так і Эўрапейскі зьвяз.

Аляксей Лявончык: Магу сказаць, што ў бліжэйшыя гады нічога не адбудзецца. Эўропа прыме тое рашэньне, якое прыняла Гішпанія. А Гішпанія вырашыла гэты рэфэрэндум праігнараваць. Мы маем дачыненьне з дэмакратыямі, у якіх палітыкі зьмяняюцца. Магчыма, новаму пакаленьне палітычных лідараў як Каталёніі, так і Гішпаніі ўдасца дамовіцца пра нейкі лепшы варыянт. Магчыма, гэта будзе вельмі шырокая аўтаномія, магчыма яшчэ нешта. Пакуль жа Гішпанія ня хоча пагрымліваць ніякія цэнтрабежныя тэндэнцыі ў іншых сваіх рэгіёнах, а Брусэль ня хоча падтрымліваць цэнтрабежныя тэндэнцыі на ўзроўні Эўразьвязу.

Імкненьне каталёнцаў да незалежнасьці падасца абсалютна натуральным кожнаму, хто ведае пра адрознасьць іх мовы й дыскрымінацыю, якую каталёнцы адчувалі ажно да канца 70-х гадоў ХХ стагодзьдзя – зазначыў жыхар Барсэлёны Павал Кірылёнак.

Сёньня каталёнцы маюць уласны ўрад і парлямэнт. Пакуль яны, аднак, ня маюць поўнай бюджэтнай аўтаноміі і ўласных сілавых службаў. Многія каталёнцы бачаць сваю будучыню ў незалежнай дзяржаве, але іх мары не падмацаваныя эканамічнымі й зьнешнепалітычнымі аргумэнтамі. Каталёнцы перакананыя, што іх дзяржаву адразу прызнаюць суседзі, і яна лёгка далучыцца да агульнага рынку Эўразьвязу. Аднак такіх абяцаньняў Барсэлёне ніхто не дае – кажа журналістка Тацьцяна Рэўт.

/

Тацьцяна Рэўт: Многія каталёнцы сапраўды бачаць сябе ў незалежнай дзяржаве й спадзяюцца на дапамогу Эўропы. Я стаўлюся да гэтага больш скептычна. Мне падаецца, матывацыя ўтрымаць межы Гішпаніі ў Эўропы мацнейшая. Мне падаецца, што паміж Мадрыдам і Барсэлёнай пачнуцца перамовы, але спачатку патрэбныя адстаўкі – і ня толькі гішпанскага прэм’ера Марыяна Рахоя, але й кіраўніка ўраду Каталёніі Карлеса Пудждэмона.

У 2014 годзе Каталёнія ўжо праводзіла не ўзгоднены з Мадрыдам рэфэрэндум аб незалежнасьці. Удзел у ім прынялі толькі каля 40% насельнікаў рэгіёну, таму ніякіх наступстваў ён ня меў. У сарваным Мадрыдам рэфэрэндуме 2017 году яўка таксама не перавысіла 40%, але абурэньне каталёнцаў лёгка не суцішыцца – лічыць Тацьцяна Рэўт.

Усе, хто сочыць за палітычным канфліктам у Каталёніі, чакаюць апошняга вырашальнага слова ня столькі ад Мадрыду, колькі ад Брусэля – заўважыў кіраўнік Беларускага дому Ўладзімер Кобец. Эўразьвяз стаў той арганізацыяй, дзякуючы якой Эўропа мірна вырашае свае праблемы ўжо 60 гадоў. Крызыс у Каталёніі пакажа, ці зможа Эўрапейскі зьвяз прапанаваць народам мірны шлях да самавызначэньня.

/

Уладзімер Кобец: Мы бачым, што эўрапейская цывілізацыя, дзякуючы разьвіцьцю міжнародных стасункаў, навучылася жыць мірна. Крызыс у Каталёніі – гэта лябараторыя, у якой павінны быць вынайдзены мэханізм мірнага вырашэньня падобных канфліктаў у рамках міжнароднага права, эўрапейскага права. Такі мэханізм у будучыні можа стаць прыкладам для ўсяго сьвету.

Канфлікт у Каталёніі даказвае, што нават на такім старым і багатым кантынэнце, як Эўропа, «гісторыя ня скончылася». У яе народаў ня зьнікла прага да нацыянальнага самавызначэньня. Застаецца спадзявацца, што цяперашнія эўрапейцы нашмат разумнейшыя за сваіх продкаў. Яны прыдумаюць, як даць максымальна шырокую незалежнасьць аднаму з эўрапейскіх народаў, не дапусьціўшы пры гэтым кровапраліцьця – спадзяецца Ўладзімер Кобец.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт