Logo Polskiego Radia
Print

Улады ацэняць мараль пэдагогаў

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 09.10.2017 16:07
Паводле настаўнікаў, яны павінны адказваць за тое, як вучаць, а не за тое, ці жывуць яны без шлюбу.
pixabay.com/Public Domain CC0

З наступнага году дырэктары школ раз на тры гады будуць ацэньваць этычныя паводзіны настаўнікаў. Гэтак вынікае з праекту распараджэньня Міністэрства адукацыі. Акрамя гэтага, дырэктар школы павінен ацаніць узровень польскай мовы, якой валодае настаўнік: ці мова прыгожая і правільная, а таксама ацаніць асабістую культуру пэдагога.

Саюз польскіх настаўнікаў б’е трывогу, што гэтае правіла вядзе да ацэнкі сьветапогляду, і таму настаўнікі будуць патрабаваць ад міністра адукацыі адмены гэтага неадназначнага запісу. Паводле іх, пэдагогі павінны адказваць за тое, як яны вучаць, а не за тое, ці жывуць яны без шлюбу, або выхоўваюць няшлюбнае дзіця. Мясцовыя ўлады, якія ўтрымліваюць школы, таксама лічаць, што новыя правілы будуць правяраць ляяльнасьць да кіроўнай партыі «Права і справядлівасьць» ды запалохваць настаўнікаў, якія хацелі б прадэманстраваць свае погляды пасьля працы. «Такім чынам «ПіС» фундуе нам фашызм», – кажа Рышард Стэфаняк, намесьнік мэра горада Чэнстахова (Częstochowa).

Настаўнік, які будзе адчуваць сябе пакрыўджаным, можа адклікацца да Міністэрства адукацыі. Ці ацэнка маралі настаўніка была справядлівай, канчаткова будуць вырашаць суды.

Суразмоўцы газэты расказалі, што ў Малапольскім ваяводзтве кіраўнік аддзелу Мінадукацыі запатрабаваў ад дырэктараў школ інфармацыю, у якіх патрыятычных мерапрыемствах будуць удзельнічаць іхныя школьнікі. – Такім чынам дырэктар будзе вызначаць настаўнікаў на розныя маршы. Цяперашняя сытуацыя мне нагадвае 50-тыя гады мінулага стагодзьдзя, калі не пажадана было, каб настаўнік хадзіў у касьцёл. «Зараз зьмены ідуць у адваротным накірунку», – кажа дырэктар школы ў Пулавах.

Dziennik. Gazeta Prawna/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт