Logo Polskiego Radia
Print

"Жывая гісторыя" крочыць па Ўсходняй Эўропе

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 15.10.2017 10:45
  • event турызм.mp3
Усьлед за Заходняй Эўропай, дзе папулярнасьць здабыў гэтак званы "event турызм", на гэта робяць стаўку і на Ўсходзе.
Foto: pixabay.com/CC0

У Беларусі такім чынам ажывілі старыя вайсковыя фартыфікацыі ды колішнія памежныя мястэчкі. Падобны падыход шырыцца й ва Ўкраіне.

"Event турызм" – гэта панятак, які адмыслоўцы выводзяць ад ангельскага слова event, то бок падзея, мерапрыемства, акцыя. За апошняе дзесяцігодзьдзе гэткі тып адпачынку атрымаў шырокі распаўсюд у Эўропе, асабліва на Захадзе. Напрыклад, у такую краіну, як Гішпанія, мільёны турыстаў прыцягваюць ня толькі пляжы й мора, але й адмысловыя інсцэніраваныя мерапрыемствы, асаблівая атмасфэра паўднёвых фэстаў ды сьвятаў.

За апошнія гады ў Цэнтральнай Эўропе таксама зьявіўся шэраг імпрэзаў, якія прыцягваюць мільёны турыстаў, хаця б інсцэнізацыя бітвы пад Грунвальдам у Польшчы, якая з вузкай імпрэзы для зацікаўленых асобаў пераўтварылася ў міжнародную турыстычную падзею, альбо фэстываль "Славян ды вікінгаў" на высьпе Волін, дзе гады правядзеньня імпрэзы прывялі да пабудовы пастаяннай экспазыцыі – вёскі вікінгаў.

Таксама ў Беларусі расьце колькасьць такіх падзеяў, якія ладзяцца рэгулярна, каб ажывіць гісторыю ды прыцягнуць турыстаў. Гэта й рыцарскія фэсты пад Наваградкам, сьвяткаваньня перамогі на лініі Сталіна, фэстываль культур "Ракаўскі фэст" ды іншыя.

Як выглядае сытуацыя з event турызмам ва Ўкраіне? Гэтая краіна мае велізарны гістарычны патэнцыял. Ці тут таксама ёсьць такія месцы альбо тэмы, якія актыўна выкарыстоўваюцца ў турызьме, як элемэнт папулярызацыі гісторыі краіны? На гэтую тэму мы размаўляем з кандыдатам гістарычных навук, выкладнікам Кіеўскага нацыянальнага ўнівэрсытэта імя Тараса Шаўчэнкі Арцёмам Папакіным.

Арцём Папакін: Ва Ўкраіне ёсьць шмат месцаў турыстычна прыцягальных, асабліва на Заходняй Украіне - фартыфікацыі ды замкі на Падолі, ёсьць шмат месцаў. Што тычыцца ажыўленьня такіх месцаў, то галоўную ролю ў гэтым адыгрываюць рэканструктары. Ва Ўкраіне папулярна гістарычная рэканструкцыя ўсяго таго, што зьвязана з падзеямі да 1914-га году. Потым людзі крыху адышлі ад гэтага. Куды тут гуляцца, калі ідзе сапраўдная вайна. Толькі цяпер прыходзіць разуменьне, што рэканструкцыя – гэта не гульня ў вайну, а папулярызацыя гісторыі.

Якія гэтага наступствы?

Арцём Папакін: Цяпер шырыцца практыка арганізацыі рэканструктарскіх акцый на гістарычных аб’ектах: замках, мястэчках ці гарадах. Напрыклад, 14 кастрычніка ў Віньніцы будзе мерапрыемства, прысьвечанае ўкраінскай рэвалюцыі. Цяперашні 2017 год юбілейны - сто гадоў таму пачаліся рэвалюцыйныя падзеі, войны, якія прывялі да зьяўленьня першай украінскай дзяржавы ў ХХ-м стагодзьдзі. Цяпер ва Ўкраіне імкнуцца выкарыстаць гэты гістарычны юбілей. Падобныя мерапрыемствы ладзяцца ў Кіеве, у Львове, у Івана-Франкоўску. Мясцовая ўлада ў паразуменьні з рэканструктарамі, якія займаюцца гэтым як хобі, далучаюць да правядзеньня такіх акцый.

Якія яшчэ гістарычныя фэсты ладзяцца цяпер ва Ўкраіне?

Арцём Папакін: Апроч украінскай рэвалюцыі ў нас штогод у Камянцы-Падольскім адбываюцца фэстывалі, прысьвечаныя гісторыі 17-га стагодзьдзя. Даволі папулярныя тэмы ва Ўкраіне – гэта, вядома ж, Сярэднявечча. Непадалёк ад Кіева ёсьць такі гістарычны парк "Кіеўская Русь", дзе часта ладзяцца сярэднявечныя фэстывалі. Яны прысьвечаны як падзеям зь гісторыі Кіеўскай Русі, так і ўмоўна заходнеэўрапейскаму Сярэднявеччу. Вельмі папулярная таксама ІІ сусьветная вайна. На гэтую тэму таксама праводзяцца мерапрыемствы. Знакавым месцам тут зьяўляецца гітлераўская стаўка "Werwolf" падчас вайны, непадалёк Віньніцы. Паступова ва Ўкраіне намагаюцца, за прыкладам Эўропы, ладзіць акцыі ў фармаце гэтак званай "жывой гісторыі". Гэта дазваляе ня толькі пабачыць "мёртвыя аб’екты гісторыі", але і ўявіць ды даведацца, як жылі людзі ў тыя часы.

У Беларусі была такая сытуацыя, што сярод турыстычных напрамкаў дамінавалі іншыя краіны: Поўдзень, Захад. Цяпер назіраецца інтарэс да беларускай гісторыі. Як выглядае сытуацыя ва Ўкраіне, ці ёсьць інтарэс да сваёй гісторыі?

Арцём Папакін: Інтарэс ёсьць, але цяжка сказаць, чаго больш: унутранага турызму ці замежных паездак. Сёлета сытуацыю ўскладняе яшчэ той факт, што ўкраінцы атрымалі магчымасьць бязьвізавага выезду ў ЭЗ. Многія людзі гэтым скарысталіся. Разам з тым ёсьць разуменьне таго, што ў самой Украіне ёсьць шмат невядомага, таго, што ня бачылі. Ёсьць шмат турыстычных аб’ектаў. Гэты турызм трэба разьвіваць. Шмат складанасьцяў з-за таго, што многія аб’екты – гэта савецкая спадчына, дзе не было зацікаўленасьці ў прыцягваньні турыстаў, бо была дзяржаўная падтрымка. Цяпер дзяржава прызначае на гэта меншыя сродкі. Музэям ды ўстановам прыходзіцца думаць, як павялічыць сваю турыстычную прыцягальнасьць. Добры прыклад Камянец-Падольскі, дзе імкнуцца прыцягнуць турыстаў. Шмат робіцца ў Кіеве, напрыклад, Музэй гісторыі Ўкраіны. Ладзяцца выставы, лекцыі, прыцягваюцца практыкі, каб ня проста дэманстраваць археалягічныя помнікі, але паказваць, як рабілі ў тыя часы адзежу, зброю й гэтак далей.

Размаўляў Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт