Logo Polskiego Radia
Print

У Асьвенцыме судзяць беларусаў

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 17.10.2017 17:03
  • У Асьвенціме.mp3
Іх абвінавачваюць у апаганьваньні месца памяці.

Чацьвёра беларусаў былі ўдзельнікамі скандальнага "пэрформансу" перад брамай Музэю Аўшвіц-Біркенаў. Акцыя стала прычынай судовага працэсу.

Сёньня ў Асьвенцыме пачаўся суд, а прычынай працэсу сталі падзеі 24 сакавіка бягучага году перад брамай з надпісам «Arbeit macht frei» музэя на месцы былога нацысцкага канцэнтрацыйнага лягера Аўшвіц-Біркенаў, распавяла Катажына Калонка з прэс-службы ўстановы.

Катажына Калонка: Пры канцы сакавіка бягучага года група ў складзе 12 чалавек розных нацыянальнасьцяў распранулася пад надпісам «Arbeit macht frei». Падчас акцыі было забіта ягня. Гэта нячастая акцыя ў нас, хутчэй гэта адзінкавы выпадак.

Кіраўніцтва музэя напісала на сваім twitter, што выкарыстаньне сымболікі Аўшвіц для любых маніфэстацый і гэпінінгаў зьяўляецца абуральным ды заслугоўвае на пакараньня. Гэта зьневажае памяць усіх ахвяр нацысцкага канцэнтрацыйнага лягеру.

Кіраўніцтва музэя выклікала паліцыю. Паліцыянты затрымалі ўдзельнікаў гэтай акцыі. Сярод затрыманых было шэсьць грамадзян Польшчы, чатыры беларусы ды немец. Затрыманыя заявілі, што пэрформанс - у абарону міру ў сьвеце ды супраць вайны на Данбасе, у Сырыі, супраць дыскрымінацыі ўкраінцаў ды мусульман.

Паліцыя паставілася інакш да гэтых падзей. У дачыненьні да ўдзельнікаў пачалі крымінальную справу па артыкуле 261 «Апаганьваньне месцаў памяці».

Сёньня раніцай у раённым судзе ў Асьвенцыме пачаўся працэс над удзельнікамі пэрформансу. Паводле інфармацыі з суду, працэс складаны - шмат сьведак ды шмат абвінавачаных.

Дзьве асобы сярод удзельнікаў «пэрформансу» абвінавачваюцца дадаткова ў «забіцьці жывёлы з надзвычайнай жорсткасьцю». Ідзецца пра забіцьцё ягняці падчас акцыі. Катажына Кучыньска з агульнапольскай Асацыяцыі абароны жывёл Animals выступіла як грамадзкі вінаваўца на працэсе, зазначыўшы, што ўдзельнікі акцыі паводзілі сябе не як актывісты, а звычайныя злачынцы.

Катажына Кучыньска: Уся гэтая акцыя нелягічная, няма ніякага сэнсу, абсалютна непатрэбна загінула жывёла. Сьмерць была вельмі жудасная, дзікая. Яшчэ ўсё гэта адбывалася ў такім месцы, як Музэй Аўшвіц-Біркенаў. Для мяне гэта ўсё абсалютна немаральна ды неэтычна й заслугоўвае на найвышэйшае пакараньне.

Абвінавачаныя папрасілі ў суда ўмоўнага пакараньня за зьдзейсьнены ўчынак. Суд адмовіў у гэтым, матывуючы тым, што акцыя мае абуральны характар, а матывацыі ўдзельнікаў дзіўныя.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт