Logo Polskiego Radia
Print

Як адрозьніць прастуду ад грыпа й як ад яго абараніцца

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 17.10.2017 16:33
Калі мыць рукі 20 раз у дзень, то на 300% лепш абаронім сябе ад заражэньня - навуковыя дасьледаваньні.
Photo:pixaby. com/ CC0 Public Domain

Прыбліжаецца час асеньне-зімовых хвароб - насмарк, прастуда, грып. Якім чынам адрозьніць звычайную прастуду, якую можна вылечыць простымі спосабамі народнай мэдыцыны або безрэцэптнымі лекамі, ад небясьпечнага грыпу?

На пачатку грып нагадвае прастуду – гэта насмарк, кашаль, тэмпэратура, боль у суставах, мышцах, агулам дрэнны настрой, унутраны неспакой. Аднак у выпадку грыпа хворы адчувае сябе намнога горш, чым падчас прастуды. Лекар Міхал Суткоўскі зазначае, што й прастуду, і грып выклікаюць вірусы. Паставіць правільны дыягназ можа толькі лекар.

М.Суткоўскі: Пра тое, што гэта грып, можна меркаваць па тым, што, да прыкладу, пануе эпідэмія грыпу або СМІ б'юць трывогу, што грып набліжаецца з паўднёвага паўшар’я. У Польшчы сэзон грыпу - гэта студзен-люты. Цяпер у нас пераважае прастуда. Сам хворы ня адрозьніць прастуду ад грыпу, бо сымптомы хваробы амаль аднолькавыя. Калі стан не палепшаецца, то пачакаўшы 1-2 дні ад заражэньня трэба накіравацца да лекара.

Вірусы грыпу распаўсюджваюцца дыхальным шляхам, і таму можна заразіцца ў гарадзкім транспарце, у краме й на працы ад іншага хворага, які чыхануў, альбо дакранаючыся да прадметаў. Хваробы вельмі часта распаўсюджваюць дзеці, якія «зьбіраюць» вірусы ў садках і школах ды прыносяць іх дадому.

М.Суткоўскі: Вірусы знаходзяцца паўсюль – на дзьвярной ручцы, на стале, яны - у нас на далонях. Дарэчы, можна прадухіліць захворваньне, часта мыючы рукі. Акрамя вакцынацыі ад грыпа, якая ахоўвае ад ускладненьняў, варта крыху ізаляваць хворага, дбаць пра гігіену яго й вакол яго, не чыхаць дзе пападзе, а ў насоўку, і адразу ж яе выкідваць. Пасьля кожнага ачышчэньня носа абавязкова трэба памыць рукі. У сэзон захворваньняў ад кастрычніка да красавіка трэба часта мыць рукі – гэта дасканалы спосаб прафіляктыкі.

Дарэчы, навуковыя дасьледаваньні даказалі, што калі мыць рукі 20 раз у дзень, то на 300% лепш абаронім сябе ад заражэньня.

Высокая тэмпэратура, косьцева-сустаўная боль, агульная слабасьць сьведчаць пра тое, што хутчэй за ўсё мы падчапілі грып.

Пэрыяд захворваньня трэба праляжаць у пасьцелі – інфэкцыю нельга ігнараваць, бо могуць зьявіцца ўскладненьні: кардыёрэсьпіратарная недастатковасьць, міякардыт, абвастрэньне розных мэтабалічных захворваньняў. Грып асабліва небясьпечны для пажылых людзей і дзяцей. У сьвеце ад пасьлягрыпозных ускладненьняў кожны год памірае каля аднаго мільёна чалавек.

На пачатку хваробы грып можна лячыць народнымі мэтадамі: мёд, малако, часнык, імбір, бузіна чорная. У выпадку ўскладненьняў неабходна прымаць супрацьвірусныя лекі, - зазначае доктар Суткоўскі.

М.Суткоўскі: Існуюць супрацьвірусныя мэдыкамэнты, прызначаныя адмыслова для лячэньня грыпу. Іх выкарыстоўваюць даволі рэдка, напрыклад, у выпадку захворваньня грыпам цяжарных. Боль у грудной клетцы можа сьведчыць пра міякардыт. Такі сымптом неадкладна трэба пракансультаваць зь лекарам, бо міякардыт у выніку можа закончыцца перасадкай сэрца. Пашкоджаньне сэрца грыпам вельмі небясьпечнае - гэта часта здараецца ў маладых людзей, якія ігнаруюць рэжым, неабходны ў выпадку захваорваньня грыпам.


Вірус грыпу пастаянна праходзіць мутацыі. Ці вакцынацыя ад грыпу мае сэнс?

М.Суткоўскі: Мае сэнс. Сусьветная арганізацыя аховы здароўя рыхтуецца да розных сытуацый. Сёлета падрыхтаваная вакцына супраць чатырох вірусаў: тыпу А: (Michigan/45/2015 (H1N1) i Hong Kong/4801/2014 (H3N2) і супраць віруса тыпу B (Brisbane/60/2008 Victoria) і Phuket/3073/2013 (Yamagata). Гэтыя вірусы распаўсюджаныя цяпер на паўднёвым паўшар’і, асабліва вірус Hong Kong i Brisbane. Апошнім часам часьцей назіраецца вірус тыпу B, раней атакавалі нас вірусы тыпу А. Абодва вірусы вельмі небясьпечныя. Але ў нас ёсьць супраць іх лякарства – вакцына.

Доктар Міхал Суткоўскі падкрэсьлівае, што цяпер - найлепшы час для вакцынацыі супраць грыпу. Кошт прышчэпкі ў Польшчы – 30-40 злотых (16-18 беларускіх рублёў).

Яланта Сьмялоўская

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт