Logo Polskiego Radia
Print

У Польшчы судзяць беларусаў за апаганьваньне Аўшвіц-Біркэнаў

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 19.10.2017 15:55
  • У Польшчы судзяць беларусаў.mp3
Групе 12 «пэрформэраў» пагражае да двух гадоў пазбаўленьня волі.
Foto: Arch. czytelnika\www.gazetakrakowska.pl

Нагадаем, пры канцы сакавіка міжнародная група пэрформэраў, сярод якіх былі палякі, беларусы ды немец, распрануліся перад брамай музэю, скавалі сябе ланцугамі ды забілі авечку 15-ю ўдарамі нажа ў пратэсьце супраць войнаў на сьвеце і ў абарону міру.

Кіраўніцтва музэю назвала дадзеную акцыю абуральнай, зазначыўшы, што яна абражае памяць ахвяр нацысцкага канцлягеру, і падала ў суд

17 кастрычніка ў раённым судзе Асьвенціма пачаўся працэс над удзельнікамі акцыі. Пракуратура запатрабавала штрафаў ды ўмоўнага пазбаўленьня свабоды за апаганьваньне месца памяці й двух гадоў турмы за забойства жывёлы.

Пракурор: Што тычыцца злачынства зьвязанага з апаганьваньнем месца памяці, то тут ідзецца пра штрафы ды ўмоўнае пазбаўленьне свабоды. За забойства жывёлы пагражае 2 гады пазбаўленьня свабоды.

Удзельнікі акцыі назвалі яе пэрформансам у абарону міру, супраць войнаў на Данбасе ды Сырыі. Забойства жывёлы патлумачылі жаданьнем нагадаць пра ахвяры войнаў, якія гінуць. Так казаў у судзе адзін з удзельнікаў групы.

Адам Б.: Гэта быў антываенны пратэст. Усё рабілася дзеля таго, каб заахвоціць да актывізацыі антываенных высілкаў з боку краін Эўропы, у тым ліку Польшчы. Я не хацеў апаганіць гэтае месца, я яго шаную, лічу сьвятым. Менавіта таму мы там мусілі ўсё зрабіць, бо там загінула многа людзей. Гэтыя людзі павінны нам нагадваць пра жахі вайны. Я ведаў, што большасьці людзей не спадабаецца забойства, авечка – гэта жывая істота. Разам з тым, я бачыў ахвяры вайны – мёртвых людзей. Я думаў, што сьмерцю авечкі, кроўю, я зьвярну ўвагу на тое, што недзе гінуць людзі.

Суд палічыў гэтыя тлумачэньні недастатковымі й прызначыў працяг разгляду справы на 4 сьнежня.

Бажэна Халецка: Абвінавачаныя назвалі свае матывы, якімі яны кіраваліся зьдзяйсьняючы чын, у якім іх абвінавачваюць. Суд прызнаў гэтыя матывы мала верагоднымі й вырашыў працягнуць разгляд дадзенай справы.

Мы запыталіся ў прысутнага на працэсе рэдактара мясцовага парталу Fakty Oświęcim Паўла Водняка, якая была аргумэнтацыя ўчынку з боку ўдзельнікаў. Ці гэта прагучала верагодна?

Павал Водняк: Для мяне асабіста гэты пэрформанс быў абсалютнай памылкай. Гэтыя людзі спадзяваліся, што ўсе СМІ сканцэнтруюцца на іх пасланьні, якое было мірнае. Галізнаю ды жудасным актам забіцьця ягняці яны хацелі зьвярнуць увагу на тое, што ў сьвеце працягваюцца войны, што трэба змагацца за мір. Аднак разьліў крыві, сам гэты акт сьведчыць, што на крыві ды гвалце міру не збудуеш.

За апошнія 20 год ніхто не ладзіў ніякіх пэрформансаў у Аўшвіц. Гэтая была неадпаведная акцыя, перакананы наш суразмоўца.

Павал Водняк: Падчас маёй 18 гадовай журналісцкай кар’еры, не памятаю, каб быў падобны скандал. Каб хто-колечы дазволіў сабе акцыю пад выглядам мастацкай, артыстычнай дзейнасьці на тэрыторыі месца памяці Аўшвіц-Біркэнаў. Такога не было.

«Голая акцыя» пад брамай Асьвенціма, як назвалі як польскі СМІ, выклікала скандал ды прыцягнула ўвагу журналістаў. Здаецца, не зусім такую, якую б хацелі арганізатары. Паводле сьведак працэсу, у гэтай справе засталося шмат незразумелага. Большасьць удзельнікаў не да канца ведала, што будуць рабіць, арганізатарамі былі дзьве асобы. Іх тлумачэньні былі мала пераканаўчыя. На спробы рэдакцыі зьвязацца зь імі арганізатары не адказалі.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт