Logo Polskiego Radia
Print

«Прыватныя фірмы ў беларускі ЖКГ ня прыйдуць»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 25.10.2017 17:02
  • «Прыватныя фірмы ў беларускі ЖКГ ня прыйдуць».mp3
Усе прадпрымальнікі ведаюць: нельга прыходзіць у тыя сфэры, дзе існуе канкурэнцыя з дзяржавай – экспэрт.
pixabay.com/Public Domain/CC0

У мінулыя 7 дзён беларускія ўлады актыўна абмяркоўвалі рэформы жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, агучвалі пляны дэмакратызаваць Закон «Аб масавых мерапрыемствах», а лідары апазыцыі спрабавалі вывесьці на вуліцы беларусаў, абураных эканамічнай сытуацыяй у краіне. Ці прыйдуць прыватныя фірмы ў камунальную сфэру, і ці будуць камунальныя тарыфы пад’ёмнымі для насельніцтва? Ці дазволяць улады беларусам свабодна мітынгаваць? І чаму на сацыяльна-эканамічны пратэст у Менску выйшлі ўсяго некалькі соцень чалавек? Гэтыя пытаньні ў «Палітычны люстэрку» абмяркоўваюць Аляксандар Папко й аналітык Цэнтру Астрагорскага Рыгор Астапеня.

Ад бязьвізу Беларусь не адмовіцца

На пэрыяд правядзеньня Чэмпіянату сьвету па футболе 2018 году Расея можа ўсталяваць памежныя пасты – заявіў 20 кастрычніка намесьнік міністра ўнутраных справаў Расеі Аляксандар Гаравы. Каб гэтага не адбылося, расейскія ўлады патрабуюць ад Менска «гарманізаваць міграцыйнае заканадаўства». Ці адмовіцца Беларусь ад 5-дзённага бязьвізавага ўезду для замежных турыстаў, каб ня мець клопатаў на расейска-беларускай мяжы?

Рыгор Астапеня: Я ня думаю, што Беларусь ад чагосьці адмовіцца па дзвюх прычынах. Па-першае, нічога надзвычайнага не адбываецца. Хіба ўсе краіны, якія праводзяць буйныя міжнародныя мерапрыемствы, узмацняюць кантроль над уласнымі межамі. Напрыклад, тое самае было на Чэмпіянаце Эўропы па футболе ў Францыі год таму. Па-другое, Беларусь у прынцыпе не тая краіна, якая любіць адкочваць назад свае рашэньні. Нават няшчасны Дэкрэт № 3 улады дагэтуль не адмянілі, а што ўжо казаць пра рашэньне, да якога Беларусь ішла можа цэлае дзесяцігодзьдзе.

Ня лезь туды, дзе твой канкурэнт – дзяржава

Аляксандар Лукашэнка ня супраць прыходу прыватных кампаній у сфэру ЖКГ, але хоча прымусіць прыватныя фірмы працаваць па дзяржаўных тарыфах. Пра гэта кіраўнік Беларусі заявіў 20 кастрычніка на нарадзе прысьвечанай камунальнай гаспадарцы. Ці прыйдуць прыватныя прадпрыемствы на такіх умовах, якія прапануе Лукашэнка?

Рыгор Астапеня: Не прыйдуць. Канешне, будуць выключэньні, але масавага прыходу ня будзе. Прычына ў простым прынцыпе, які ведаюць хіба ўсе беларускія прадпрымальнікі й замежныя інвэстары: нельга ў Беларусі прыходзіць у тыя сфэры, дзе існуе відавочная канкурэнцыя з дзяржаўнымі прадпрыемствамі і дзяржава яшчэ ўводзіць празьмерныя рэгуляцыі. Напрыклад, нечым падобную сытуацыю да сферы ЖКГ можна пабачыць у страхавым бізнэсе, дзе дзяржава проста дыскрымінуе прыватня фірмы. Таму яму лепш шукаць новыя магчымасьці ў тых сфэрах, дзе дзяржаўнага ўмяшальніцтва значна менш.

Пратэсты яшчэ могуць паўтарыцца

Усяго каля 200 чалавек прынялі ўдзел у «Маршы абураных беларусаў 2.0» арганізаваным Мікалаем Статкевічам 21 кастрычніка. Чым тлумачыцца такая невялікая колькасьць удзельнікаў у параўнаньні зь веснавымі маніфэстацыямі? Беларусы зьмірыліся з пагаршэньнем эканамічнай сытуацыі, знайшлі як адаптавацца да яе ці баяцца арыштаў і штрафаў? Маніфэстацыяў, падобных на пратэсты супраць «дэкрэту аб дармаедах», больш ня будзе?

Рыгор Астапеня: Я думаю, што тут можна сказаць пра тое, што пратэсты адбываліся ў розных умовах. У час вясновых акцыяў людзі пратэставалі супраць Дэкрэту №3, які толькі пачаў дзейнічаць, пасьля досыць галоднай зімы, якая супала з ростам аплаты за жыльлёва-камунальныя паслугі. І канец тых пратэстаў некаторыя камэнтатары зьвязвалі ня толькі з рэпрэсіямі, але й з тым, што людзі паехалі на лецішчы. І вось цяпер яны вярнуліся. Пакуль іх сытуацыя не пагоршылася ў параўнаньні з вясной, а трэці дэкрэт застаецца ў падвешаным стане. Магчыма, таму і няма пратэстаў. Але гэта не значыць, што іх і далей не будзе, асабліва калі жыльлёва-камунальныя паслугі зноў падаражэюць.

Дазвол мітынгаваць на задворках – гэта не дэмакратызацыя

У Беларусі ўводзіцца заведамляльны прынцып арганізацыі масавых мерапрыемстваў. Такія зьмены прадугледжваюць папраўкі ў Закон «Аб масавых мерапрыемствах», якія цяпер разглядае Палата прадстаўнікоў. Ці праводзіць мітынгі ў Беларусі стане так жа лёгка й свабодна, як у Заходняй Эўропе? Што падштурхнула ўлады да дэмакратызацыі закону аб масавых сходах?

Рыгор Астапеня: Канешне так свабодна ня стане, і наагул пакуль выглядае, што новы закон ня мае ніякіх асаблівых паляпшэньняў. То бок, улады дазволяць праводзіць мітынгі на Бангалёры без афіцыйнага дазволу, а проста з папярэджаньнем. Шчыра кажучы, цяжка назваць гэта дасягненьнем, калі ў прынцыпе ўлады ніколі не былі супраць, каб апазыцыя зьбіралася на Бангалёры. Таму я думаю, што гэтае дзеяньне хутчэй мае на мэце напусьціць пылу ў вочы Захаду, чым сапраўды нешта зьмяніць у краіне.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт