Logo Polskiego Radia
Print

Раскрываецца праўда пра савецкія рэпрэсіі

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 21.10.2017 12:30
  • Раскрываецца праўда.mp3
Савецкія рэпрэсіі як аснова сёньняшніх парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі.
ipn.gov.plipn.gov.plFoto: ipn.gov.pl

У Вільні адбыўся IV Беларускі праваабарончы форум. У рамках форума прайшлі дыскусія на тэму ўстанаўленьня ісьціны пра савецкія рэпрэсіі.

Беларускі праваабарончы форум – гэта заўважальнае мерапрыемства па тэме правоў чалавека ў рэгіёне. У сустрэчы бяруць удзел праваабаронцы з Беларусі, Эўропы ды краін рэгіёна. У праграме дыскусіі пра стан правоў чалавека ў Беларусі, стан праваабарончай супольнасьці, адукацыю ў сфэры правоў чалавека. Таксама ладзяцца паралельныя мерапрыемствы. Адным з такіх мерапрыемстваў стала экспэртная панэль на тэму: Права на ўстанаўленьне ісьціны. Савецкія рэпрэсіі як аснова сёньняшніх парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі. Дыскусію зладзіла грамадзкая арганізацыяБеларускі дакумэнтацыйны цэнтар з удзелам адмыслоўцаў з Украіны, Беларусі ды Летувы.

Паводле словаў гісторыка ды архівіста Зьміцера Дразда, кепская сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі тлумачыцца між іншым тым, што па сёньняшні дзень ня высьветлена праўда пра савецкія рэпрэсіі, тэма замоўчваецца, улады бароняць беспакаранасьць карнікаў НКУС, а не інтарэсы ахвяр.

Зьміцер Дрозд: Трэба адкрыта сказаць, што Беларусь – гэта фактычна апошняя савецкая дзяржава, якая засталася. У нас застаўся той самы сьцяг, той жа герб ды гімн, і назву КДБ мы таксама захавалі. Поўная пераемнасьць. У нас засталася савецкая ідэалёгія, нядаўна Лукашэнка сказаў, што трэба вяртаць у прамысловасьць сталінскія мэтады кіраваньня. Гэта абсалютна пасьлядоўная пазыцыя дзяржавы, што пра Савецкі Саюз мы памятаем толькі добрае, рэпрэсіі ня трэба чапаць, гэта было даўно, гэта быў толькі фрагмэнт, а так гісторыя СССР была цудоўная. Шкада, што ён разваліўся. Усе структуры, уключна з КДБ ды МУС, прытрымліваюцца гэтай дзяржаўнай палітыкі. Таму, калі ты прыходзіш у КДБ знаёміцца са спарвай, то інтарэс ахвяры менш бароняцца, чым інтарэсы катаў. Ад вас схаваюць прозьвішчы сьледчых, тых, хто расстрэльваў. Пра іх інтарэсы клапоцяцца, а пра ваша права ведаць – не.

Ва Ўкраіне разьвітваюцца з такім падыходам. Пасьле рэвалюцыі годнасьці новыя ўлады ўзялі курс на поўнае адкрыцьцё архіваў былога савецкага КДБ. Вельмі важна, каб украінскае грамадзтва ўрэшце даведалася праўду пра сваю гісторыю, пра тое, што ў савецкія часы больш за 8 мільёнаў украінцаў сталі ахвярамі савецкіх рэпрэсій, распавёў Андрэй Когут з Архіва СБУ.

Андрэй Когут: Згодна з новым законам з пакета дэкамунізацыйных законаў, усе савецкія дакумэнты КДБ адкрытыя для ўсіх. Расьце колькасьць зваротаў да нас. Ужо ёсьць вынікі, расьце колькасьць зваротаў ад грамадзян Украіны ды замежнікаў. Мы бачым, што адкрыцьцё архіваў – гэта адзін з фактараў, які дае магчымасьць пераасэнсаваць савецкае мінулае. Гэта дапамагае паглядзець на тое мінулае й пабачыць, што адбывалася насамрэч, а не тое, што нам імкнулася паказаць камуністычная прапаганда.

Найдалей па шляху высьвятленьня ісьціны пра савецкае мінулае зрабіла Летува. У краіне зьмяніўся погляд на гісторыю другой паловы ХХ ст. Так сталася дзякуючы апрацоўцы ды адкрыцьці архіваў савецкага КДБ, якія засталіся ў Летуве. Гаворыць Вільма Экціце з Адмысловага архіва Летувы.

Вільма Экціце: Вельмі вялікі ўплыў. Мы проста перапісалі гісторыю. У нас створаны цэнтар генацыду ды супраціву Летувы, мы апублікавалі сьпісы палітычных ахвяр, прызнаем людзей змагарамі супраць акупацыі нацысткай Германіі ды Савецкага Саюза. Пасьля адкрыцьця архіваў КДБ, пайшла новая гісторыя. Мы ведаем, што савецкі рэжым быў па-просту акупацыйны, што было змаганьне супраць яго, і былі рэпрэсаваныя зусім нявінныя людзі.

Удзельнік дыскусіі зазначалі, што трэба працягваць уздымаць тэму савецкіх рэпрэсій, шукаць ды публікаваць інфармацыю пра рэпрэсаваных, дамагацца іх рэабілітацыі. Гэта актуальная тэма, бо без інтэграцыі памяці пра таталітарныя злачынствы 1917-1991 гг., немагчыма паляпшэньня стану правоў чалавека, пра што сьведчыць Беларусь.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт