Logo Polskiego Radia
Print

Паляваньне на паляўнічых

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 28.10.2017 15:21
Усё больш уладальнікаў зямлі ў Польшчы выдвараюць паляўнічых са сваёй тэрыторыі.
photo: Pixabay.com/Manfred Richter/CC0 Creative Commons

Выданьне «Polityka» закранае тэму паляваньняў у Польшчы. Да гэтае пары паляўнічыя маглі ўсё – заганяць зьвяроў па чужой прыватнай зямлі, нават не пытаючыся дазволу ды не паведамляючы ўладальніку. А ўладальнік, які супраціўляўся, мог заплаціць штраф. Спадар Кшыштаф, які купіў некалькі гектараў зямлі пад Варшавай і зьехаў са сталіцы, быў зьдзіўлены такімі законамі. І пачаў барацьбу з паляўнічымі, унёс справу ў Ваяводзкі адміністрацыйны суд. Два тыдні таму суд прыняў рашэньне ў яго карысьць.

Па ўсёй Польшчы ўсё часьцей суды прымаюць падобныя рашэньні – па просьбе ўладальнікаў зямельных участкаў, у тым ліку фэрмэраў, абавязваюць паляўнічыя структуры выключыць дадзеную тэрыторыю з паляўнічых акругаў. Гэта азначае, што там ужо нельга будзе паляваць. Напрыклад, ад паляваньняў удалося вызваліць сваю зямлю вядомаму ў Польшчы пісьменьніку Анджэю Стасюку або ўладальнікам коннага заводу ў Бэскідзе Нізкім, якія маюць 300 гектараў лясоў і палей. Гэта стала магчыма дзякуючы выраку Канстытуцыйнага суду, які ў ліпені 2014 году заявіў, што законы, якія дазваляюць паляўнічым праводзіць паляваньні без атрыманьня згоды ўладальніка, парушаюць канстытуцыйнае права прыватнай уласнасьці. Рашэньне ўступіла ў сілу праз паўтара году, за гэты час неабходна было ўнесьці адпаведныя папраўкі ў законы. Паляўнічыя-дэпутаты парлямэнту імкнуліся прасунуць у Сэйме абсурднае права, што ўладальнік зямлі, які не жадае бачыць у сябе паляўнічых, павінен даказаць, што ён кіруецца рэлігійнымі або ідэйнымі прынцыпамі. Але нават моцнай групе парлямэнцкіх паляўнічых не ўдалося ўвесьці такога права.

Аматары паляваньняў спадзяваліся, што супраць паправак выступяць фэрмэры, якія атрымліваюць ад паляўнічых структур грашовую кампэнсацыю за зьнішчэньні, нанесеныя дзікімі жывёламі. Але сяляне ў большасьці таксама задаволеныя зьменамі. Справа ў тым, што паляўнічыя ня толькі топчуць пасевы і насаджэньні, але могуць несьці таксама рэальную небясьпеку. Раней нельга было ім забараніць паляваць на прыватнай тэрыторыі – палях ці лясах.

Паляўнічыя спачатку рабілі выгляд, што нічога не сталася, і працягвалі паляваць, але цяпер да іх ужо даходзіць, што справа сур’ёзная, і што тэрыторыі, на якой яны могуць паляваць, становіцца ўсё менш.

Polityka/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт