Logo Polskiego Radia
Print

Будзе збудаваны канал, які спалучыць Балтыку з Вісьліньскім залівам

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 02.11.2017 13:27
Дзякуючы каналу вырасьце турыстычны рух на Балтыйскай касе і вокал Вісьлінскага заліву.
photo: Pixabay.com/Kerttu Northman/CC0 Creative Commons

Інтэрнэт-сайт «Niezalezna.pl» піша пра будаўніцтва новага шляху, які спалучыць Балтыйскае мора зь Вісьлінскім залівам. Дзякуючы гэтаму вырасьце колькасьць турыстаў, ня толькі летам, але таксама ў іншыя поры году.

19 кастрычніка міністар воднай гаспадаркі і ўнутраных водных шляхоў Марэк Грубарчык заявіў, што канал праз Балтыйскую касу будзе праходзіць у мясцовасьці Новы Сьвят. Меркаваньнем мясцовых уладаў, дзякуючы каналу вырасьце турыстычны рух на Балтыйскай касе і вокал Вісьлінскага заліву. Тым ня менш, паралельна неабходна разьвіваць тэхнічную інфраструктуру вакол каналу – гандлёвыя, гастранамічныя, спартыўныя паслугі.

«Турыст, калі ўжо прыедзе на месца, павінен дзесьці затрымацца, пераначаваць, паесьці, адпачыць. Нельга інвэстыцыі абмежаваць да гідратэхнічнай інфраструктуры», – кажа войт гміны Штутова Якуб Фарынадэ (Jakub Farinade). Важна таксама будаваць новыя дарогі, каб турыстаў не адпужвалі коркі, якія назіраюцца ўжо і цяпер, а могуць быць яшчэ большыя.

Адной з ідэй, якая павінна зьменшыць аўтамабільны рух, зьяўляецца рамонт вузкакалейкі паміж Штутовам і Крыніцай Морскай. Акрамя таго, па словах Якуба Фарынадэ, для турыстаў плянуецца збудаваць Музэй Вісьлінскага заліва або Музэй філёзафа Артура Шопэнгаўэра, які правёў тут часы маладосьці.

Будаўніцтва новага воднага шляху павінна пачацца ў будучым годзе, а закончыцца ў 2022. Праект поўнасьцю фінансуецца са сродкаў дзяржаўнага бюджэту. Вісьлінскі канал павінен мець 1,3 кілямэтра даўжыні і 5 мэтраў глыбіні.

Niezalezna.pl/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт