Logo Polskiego Radia
Print

Агенты Пуціна імкнуцца дэстабілізаваць Украіну

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 03.11.2017 14:45
Крэмль плянаваў сэрыю тэрактаў ды нападаў на ўкраінскіх палітыкаў у Кіеве.
Foto: EPA/SERGEY VAGANOV/PAP

Пра гэта піша штодзёнка «Gazeta Polska», спасылаючыся на ўкраінскую вайсковую пракуратуру.

Выданьне зазначае, што расейскія агенты плянавалі правесьці сэрыю тэрактаў на тэрыторыі Ўкраіны, цэльлю якіх было 1600 чалавек, у тым ліку высокапастаўленыя чыноўнікі, службоўцы ды супрацоўнікі праваахоўных органаў. У адказ Украіна аб’явіла пра ўвядзеньне рэжыму ўзмоцненага кантролю на зьнешніх межах.

Пра сэрыйны характар расейскіх дзеяньняў сьведчыць той факт, што за апошнія месяцы ва Ўкраіне адбылося 15 палітычных забойстваў, за якімі стаяць расейскія агенты, піша выданьне. На мінулым тыдні тэрарысты расстралялі машыну чачэнскага актывіста ды змагара за незалежнасьць Адама Асмаева, у выніку абстрэлу загінула ягоная жонка – лекарка Аміна Акуева. Яшчэ раней крамлёўскія агенты спрабавалі забіць дэпутата Вярхоўнай Рады Ўкраіны Ігара Масійчука. Ад выбуху дэпутат моцна пацярпеў, загінуў ягоны ахоўнік ды мінакі.

У адказ на гэтыя дзеяньні ўкраінскія спэцслужбы ўзмацняюць ахову зьнешніх межаў краіны. Інтэнсыфікуюцца антытэрарыстычныя ды контрвыведкавыя апэрацыі, піша выданьне.

юл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт