Logo Polskiego Radia
Print

Sieci Prawdy: Чалавек Масквы ў Варшаве

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 06.11.2017 15:28
Пракуратура расьсьледуе, ці не атрымаў Вальдэмар Паўляк хабар за добразычлівасьць пазыцыі Польшчы ў адносінах да Расеі.
Foto: Polskie Radio/Valery Sauko

Штотыднёвік «Sieci Prawdy» апублікаваў артыкул пра падзеі 2010 года, калі тагачасны міністар эканомікі Польшчы Вальдэмар Паўляк вёў перамовы з Расеяй адносна газавага кантракту.

Пракуратура расьсьледуе, ці не атрымаў Вальдэмар Паўляк хабар за добразычлівасьць пазыцыі Польшчы ў адносінах да Расеі.

Выданьне нагадвае, што газавы дагавор, заключаны палітыкам, не зьяўляецца выгадным для польскай дзяржавы, таму што павышае колькасьць газу, які купляе Польшча ў Расеі, і адначасова замацоўвае адмову Польшчы ад шматмільённага прыбытку за транзыт расейскага газу на Захад.

Журналісты штотыднёвіка «Sieci Prawdy» сьцьвярджаюць, што магло б быць яшчэ горш, калі б Вальдэмару Паўляку ўдалося рэалізаваць усе свае сцэнары і варыянты.

«Адным з іх было падаўжэньне «ямальскага» кантракту да 2037 года, і па гэтым пытаньні былы міністар клапаціўся пра расейскія інтарэсы нават больш, чым самі расейцы», – піша выданьне, дадаючы, што Паўляк таксама разглядаў варыянт стварэньня электраэнэргетычнага злучэньня з Калінінградзкай вобласьцю, дзе расейцы хацелі разьмясьціць атамную электрастанцыю.

«Рэалізацыя падобных плянаў магла б «забіць» летувіскую, латвійскую і эстонскую электраэнэргетыку, з-за чаго Польшча стала б ворагам балтыйскіх краін у энэргетычнай палітыцы», – адзначыў адзін з аўтараў артыкула Марцін Вікло.

Пры гэтым палітыкі Польскай сялянскай партыі, лідэрам якой на працягу многіх гадоў быў Вальдэмар Паўляк, адхіляюць прадʼяўленыя ў артыкуле абвінавачаньні. Сам жа былы міністар эканомікі прадпрымае спробу перанесьці адказнасць за газавы кантракт на свайго папярэдніка на пасадзе з партыі «Права і справядлівасьць», адзначаючы, што ў працэсе перамоваў выкарыстоўваюцца розныя мэтады, але важней за ўсё – канчатковы вынік, які, па словах Паўляка, зьяўляецца для Польшчы здавальняючым, – чытаем у артыкуле тыднёвіка «Sieci Prawdy» пад назвай «Чалавек Масквы ў Варшаве».

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт