Logo Polskiego Radia
Print

Чаму Польшча ня хоча ўводзіць эўра?

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 08.11.2017 14:13
Ёсьць некалькі прычынаў – як эканамічных, так і палітычных.
pixabay.com/Public Domain CC0

Дыскусія наконт увядзеньня ў Польшчы агульнаэўрапейскай валюты эўра вядзецца на старонках папулярнай штодзёнкі Dziennik Gazeta Prawna. У 2008 годзе тагачасны польскі прэм’ер Дональд Туск паабяцаў, што Польшча далучыцца да Эўразоны ўжо ў 2012 годзе, аднак усяго праз тыдзень пасьля прамовы прэм’ера збанкрутаваў амэрыканскі банк Lehman Brothers, што стала сыгналам пачатку сусьветнага эканамічнага крызысу.

Падчас эканамічных бураў у Эўропе курс польскай валюты аўтаматычна падаў, а танны злоты рабіў таньнейшым польскі экспарт, на якім трымаецца эканоміка. Таму кожны ўрад, пачынаючы з 2008 году, адкладваў уваходжаньне Польшчы ў Эўразону. Не выключэньнем зьяўляецца і кансэрватыўны ўрады партыі «Права й справядлівасьць». Цяперашні міністар эканамічнага разьвіцьця Матэвуш Маравецкі заявіў, што Польшча зможа ўвесьці эўра не раней чым праз 10 гадоў, калі польская эканоміка наблізіцца да гаспадаркі краінаў Заходняй Эўропы.

У міністэрстве эканомікі і цэнтральным банку краіны былі распушчаныя аддзелы, якія адказвалі за падрыхтоўку Польшчы да ўвядзеньня эўра. Праціўнікі далучэньня да Эўразоны найчасьцей прыводзяць тры аргумэнты.

Па-першае, яны зазначаюць, што ўласная, больш падатлівая на ваганьні валюта падштурхоўвае польскі экспарт. Па-другое, яны не ня ўпэўненыя ў стабільнасьці Эўразоны. Скептыкі зьвяртаюць увагу на розьніцу ў эканамічным разьвіцьці паміж моцнымі краінамі Паўночнай Эўропы і слабымі краінамі Поўдня, якія да сёньняшняга дня ня хочуць праводзіць рэформаў. Нарэшце, трэці аргумэнт – палітычны. Многія польскія палітыкі не жадаюць уводзіць эўра, бо адмова ад уласнай валюты – гэта адмова ад вялікай часткі дзяржаўнага сувэрэнітэту.

Разьвітвацца са злотым не жадаюць і польскія грамадзяне. Калі ў 2002 годзе ўвесьці эўра хацелі больш за 60% палякаў, то ў 2017 годзе 70% выступаюць супраць далучэньня да Эўразоны.

Dziennik Gazeta Prawna/ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт