Logo Polskiego Radia
Print

Летува ініцыюе «плян Маршала» для Ўкраіны

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 09.11.2017 15:55
  • плян Маршала.mp3
Вільня хацела б, каб Эўразьвяз прызначыў на разьвіцьцё Ўкраіны 50 мільярдаў эўра.
Andrius KubiliusAndrius KubiliusFoto: Andrius Petrucenia/Flickr/commons.wikimedia.org/CC BY-SA 2.0

«Плян Маршала» вядомы з пасьляваенных часоў, калі дзякуючы адмысловай праграме дапамогі для Эўропы з боку ЗША, заходнія краіны змаглі аправіцца ад вайны й выйсьці на сьцежку разьвіцьця. Цяпер з ініцыятывай новай праграмы фінансавай дапамогі для Ўкраіны выступіла Летува. Вільня запрапанавала, каб у рамках "Усходняга партнэрства" ЭЗ прызначыў 50 мільярдаў эўра на падтрымку ды разьвіцьцё малых й сярэдніх прадпрыемстваў ва Ўкраіне цягам наступных 10 гадоў. Неафіцыйна дадзеную прапанову назвалі «новым плянам Маршала».

У панядзелак гэты праект быў прадстаўлены на сустрэчы амбасадараў краін, якія бяруць удзел у праграме «Усходняга партнэрства». Вільня хацела б, каб гэтую ініцыятыву зацьвердзілі падчас лістападаўскага саміту Ўсходняга партнэрства. Больш падрабязна пра новую ініцыятыву распавёў Польскаму радыё былы летувіскі прэм’ер Андрыюс Кубіліюс.

Андрыюс Кубіліюс: Гэтая ініцыятыва пачалася ў парлямэнце Летувы, і я меў магчымасьць далучыцца да яе. Мы пачалі яшчэ вясной, задаючы пытаньне: як мы можам дапамагчы Ўкраіне ісьці наперад? Карацей кажучы, мы хацелі ўбачыць, як мы можам выкарыстаць наша сяброўства ў розных заходніх арганізацыях, і перш за ўсё ў Эўрапейскім Зьвязе, і тут мы пачалі шукаць падтрымку. Украіна шмат дасягнула, ЭЗ паспрыяў яе разьвіцьцю. Ёсьць дамова аб супрацоўніцтве, свабодным гандлю і фінансавая падтрымка. Тым ня менш, мы спыталіся, якую мэту мае прэзыдэнт Расеі Уладзімір Пуцін наконт Украіны. Мы адказалі сабе, што мэта адна: не дазволіць Украіне як дзяржаве дамагчыся посьпеху.

Каб прадухіліць рэалізацыю дадзеных намераў, Летува прапануе вызначыць іншую мэту перад Украінай, да якой яна б імкнулася. Гэта збліжэньне з Захадам, якое было б узнагароджанае фінансавай падтрымкай.

Андрыюс Кубіліюс: Летува стала пасьпяховай, таму што на пачатку 1990-х гадоў нам, Польшчы ды іншым краінам, якія вызваліліся ад расейскай акупацыі, заходнія дзяржавы прапанавалі пэрспэктыву ўступленьня ў Эўрапейскі Зьвяз. Яны вельмі выразна сфармулявалі задачу. Калі мы будзем праводзіць рэформы, будзем зьмяняцца і рухацца наперад, тады ў канцы тунэля нас чакае сьвятло. Украіна правяла шмат рэформаў, але яна ня мае пэрспэктывы стаць чальцом Эўразьвязу ў бліжэйшай будучыні. Захад заняты сваімі праблемамі. Украіне ўсё яшчэ шмат чаго трэба зрабіць. Таму ўзьнікла пытаньне: якую мэту можна ім вызначыць. Сьвятлом у тунэлі можа быць фінансавая падтрымка.

Для пасьпяховай рэалізацыі пляна патрэбна стварыць адмысловую ўстанову, якая б працавала празрыста ды адказвала б за эфэктыўнасьць выдаткаваньня грошай.

Андрыюс Кубіліюс: Мы прапануем ня толькі збор сродкаў у Эўразьвязе, але і стварэньне спэцыяльнай установы ва Украіне, якая будзе кантраляваць і забясьпечваць празрыстасьць. Галоўная праблема Ўкраіны ў тым, што яна ня можа распараджацца грашыма, нават тымі, што цяпер атрымоўвае. Не ў стане рыхтаваць праекты, таму вопыт Летувы і Польшчы быў бы патрэбны. Гэты плян прадугледжвае, у прыватнасьці, стварэньне спэцыяльнага фонду і арганізацыі, якая будзе кантраляваць выкарыстаньне грошай пад рэформы дзяржавы. Мы назвалі гэтую ініцыятыву «плянам Маршала для Ўкраіны». ЭЗ некалі падрыхтаваў такі плян для Балкан, Нямеччына прасоўвае падобны плян для Афрыкі, а мы кажам, што нельга забываць пра краіны на Ўсходзе і пра партнэрства зь імі. Вытокі пляну ідуць з Варшавы, пасьля таго, як мы ўхвалілі гэтую ініцыятыву ў парлямэнце Летувы, мы мелі магчымасьць прадставіць яе на пасяджэньні трох краін: Польшчы, Летувы ды Ўкраіны. Пазьней агучылі яе на кангрэсе ў Мальце, у якім таксама ўдзельнічала канцлер Германіі Ангела Мэркель і прэзыдэнт Украіны Віктар Парашэнка. Ідэю шырока падтрымалі.

Летувіскі палітык зазначыў, што разьлічвае на тое, што плян выкліча абмеркаваньне, прагназуе практычную рэалізацыю ў першай палове наступнага года.

Андрыюс Кубіліюс: 23 лістапада ў Брусэлі пройдзе саміт "Усходняга партнэрства", дзе адным з элемэнтаў дыскусіі будзе наш плян. Мы чакаем, што ў сьнежні будзе прынятае рашэньне аб наданьні спэцыяльнага мандату Эўрапейскай камісіі ды Эўрапейскаму інвэстыцыйнаму фонду ў справе падрыхтоўкі канкрэтнага пляну з прапановамі. Мы спадзяемся, што рэалізацыя пляну пачнецца ў лютым ці сакавіку. Мы разьлічваем, што фінансавая падтрымка для Ўкраіны будзе паступаць ня толькі ад ЭЗ, але і з іншых краін, такіх як Канада, дзе жыве вялікая ўкраінская дыяспара, і ЗША.

Пакуль не было афіцыйнай рэакцыі Брусэля на гэтую прапанову. Вядома, што «плян» ня будзе згаданы ў дакумэнтах лістападаўскага саміта ЭЗ. У Брусэлі пакуль лічаць, што Эўразьвяз мае дастаткова інструмэнтаў для фінансавай падтрымкі Ўкраіны, і стварэньне новых ня мае сэнсу. Аднак афіцыйная Вільня не здаецца ды не адмаўляецца да свайго пляну.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт