Logo Polskiego Radia
Print

У Беларусі талакой сабралі грошы на помнік Касьцюшку

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 10.11.2017 16:25
  • помнік Касьцюшку.mp3
Старшыня кракаўскага фонду імя Касьцюшкі пахваліў беларусаў за ініцыятыву.
Foto: Gleb Labadzenka/www.talaka.org

Ініцыятары праекта плянуюць адкрыць помнік на пачатку наступнага году. Найлепшая дата - 4 лютага - у дзень народзінаў героя.

На краўдфандынгавай плятформе Talaka.by завяршылася кампанія па зборы сродкаў на выраб, усталяваньне й урачыстае адкрыцьцё помніка Тадэвушу Касьцюшку. Арганізатары змаглі сабраць 100% запрошанай сумы – 17,5 тысяч рублёў. Месцам усталяваньня помніка абраная вёска Мерачоўшчына ў Берасьцейскай вобласьці - месца нараджэньня героя. Цяпер вядуцца падрыхтоўчыя працы ды адпаведныя ўзгадненьні. Больш падрабязна пра ідэю ды хаду рэалізацыі праекта распавядае ініцыятар збору сродкаў Глеб Лабадзенка.

Глеб Лабадзенка: Збор сродкаў завяршыўся сёньня. Сабраныя 100% неабходнай сумы. Першапачаткова зьбіралася 11 тысяч рублёў, але потым, каб было больш узьнёсла ды велічна, дадаўся выраб пастамэнту, і сума вырасла. 640 чалавек паўдзельнічала ў зборы сродкаў. Апошнія 15% удалося сабраць дзякуючы дапамозе беларускага чэмпіёна сьвету Віталя Гуркова, які выставіў на дабрачынны аўкцыён свой шалік.

У заяўцы на «Талацэ» арганізатары зазначылі, што збор сродкаў вядзецца ў адказ на скандал вакол адкрыцьця помніка Касьцюшку ў швэйцарскім Залатурне, дзе ён памёр. Тады прагучалі папрокі з боку польскіх дыпляматаў, што славуты зямляк не адпаведна ўшанаваны ў Беларусі. У адказ на гэта Глеб Лабадзенка заклікаў беларусаў паказаць, што яны памятаюць і шануюць сваіх нацыянальных герояў - слаўных сыноў беларускай зямлі.

Глеб Лабадзенка: Нас падштурхнула швэйцарская ініцыятыва паставіць помнік да 200-х угодкаў сьмерці Касьцюшкі ў горадзе Залатурн. У мяне зьявілася пытаньне, маўляў, беларуская дыяспара ў Швэйцарыі сабралася ды зрабіла гэта, а ў Беларусі – на радзіме Тадэвуша Касьцюшкі – ніводнага помніка няма. Пасьля гэтага зьявіўся макет Гэніка Лойкі, высьветлілася, што ўсе падтрымліваюць гэтую ідэю. Цяпер мы займаемся выкананьнем адпаведнай працэдуры па ўсталяваньні помніка. Пакуль мы сутыкаемся з самым спрыяльным стаўленьнем на розных узроўнях.

Ініцыятыву беларускай грамадзкасьці прывітаў старшыня фундацыі імя Тадэвуша Касьцюшкі з Кракава Томаш Атрэмбскі. Ён распавёў, што палякі таксама сёлета зьбіралі сродкі на ўшанаваньне памяці героя. Сабраныя грошы скіраваныя на выраб памятнай дошкі, якая будзе ўсталяваная на высьпе Мартыніка, на якую трапіў Касьцюшка па дарозе ў Амэрыку.

Томаш Атрэмбскі: Я вельмі шаную беларусаў, за тое, што яны паставілі помнік Касьцюшку ў Залатурне й цяпер на месцы, дзе ён нарадзіўся. Я лічу, што гэта вельмі важная ініцыятыва. Асабліва таму, што гэта грамадзкая ініцыятыва саміх людзей, якія падтрымліваюць гэтую касьцюшкаўскую традыцыю. Гэта вельмі важная справа. У нас таксама ладзяцца падобныя ініцыятывы. Так, нядаўна фундацыя вырабіла памятную дошку ў гонар Касьцюшкі, які плывучы на вайну за незалежнасьць ЗША трапіў у 1776 годзе на выспу Мартыніка. Гэты факт малавядомы, таму мы спансаравалі памятную шыльду, якая цяпер плыве на караблі «Фрэдэрык Шапэн». У лютым будзе на Мартыніцы, дзе будзе ўсталяваная на сьцяне музэя рабства, каб ушанаваць факт, што там быў герой Польшчы й Беларусі.

Адкрыцьцё памятнай дошкі на Мартыніцы можа адбыцца ў той самы дзень, што й адкрыцьцё помніка Касьцюшку ў Беларусі. Гэты было б годнае завяршэньне 200-гадовага юбілею з дня сьмерці нацыянальнага героя Беларусі, Польшчы, ЗША й ганаровага грамадзяніна Францыі. На сёньняшні дзень налічваецца некалькі соцень помнікаў ды памятных знакаў Касьцюшку ва ўсім сьвеце, у тым ліку ў Польшчы, ЗША, Аўстраліі.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт