Logo Polskiego Radia
Print

Няма каму лячыць псыхічна хворых дзяцей

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 16.11.2017 15:13
У варшаўскім шпіталі дзеці чакаюць у чарзе да псыхіятра па сем-восем месяцаў.
Pixabay.com/Gerd Altmann/CC0 Creative Commons

Няма дапамогі для псыхічна хворых дзяцей, – піша «Rzeczpospolita». Сыстэма псыхіятрычнай апекі дзяцей у Польшчы практычна не існуе. У варшаўскім шпіталі на вул. Некланьскай дзеці чакаюць у чарзе да псыхіятра па сем-восем месяцаў. У іншых месцах нават год. У некаторых ваяводзтвах ёсьць толькі тры-чатыры такіх спэцыяліста. Бальнічныя аддзяленьні дзіцячай псыхіятрыі трашчаць па швах. А калі дзіця знаходзіцца ў стане, які пагражае яго жыцьцю, то яго неабходна прыняць неадкладна.

Здараецца, што дзеці, у адносінах якіх існуе падазрэньне, што яны могуць зьдзейсьніць самагубства, чакаюць візыту да лекара нават два тыдні. А тады бывае ўжо надта позна, – кажа прафэсар Барташ Лаза, кіраўнік Клінікі псыхіятрыі Варшаўскага мэдычнага ўнівэрсытэту.

Па ўсёй Польшчы ёсьць толькі тры цэнтры лячэньня нэрвовых расстройстваў у дзяцей. Часта малыя пацыенты трапляюць у шпіталь, які знаходзіцца ў сотнях кілямэтраў ад іх роднага дому, што ўскладняе частыя выезды дадому, а гэта ж зьяўляецца часткай тэрапіі, – тлумачыць дырэктар Мазавецкага цэнтру нэйрапсыхіятрыі Міхал Стэльманьскі.

Многія аддзяленьні перапоўненыя таксама таму, што іншыя былі закрытыя з-за адсутнасьці лекараў. Так было, напрыклад, у Радаме. Магчыма, такі ж лёс неўзабаве чакае аддзяленьне ў падваршаўскім Юзэфаве. Паводле дадзеных Галоўнай урачэбнай палаты, цяпер у Польшчы працуе 441 дзіцячы псыхіятар. У гэтым годзе восеньню пачалі вучыцца гэтай спэцыяльнасьці толькі 19 лекараў.

Rzeczpospolita/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт