Logo Polskiego Radia
Print

Немцы лечаць нэанацыстаў

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 18.11.2017 15:55
Дзяржава ды няўрадавыя арганізацыі дапамагаюць нэанацыстам адрачыся ад фашысцкай ідэалёгіі.
pixabay.com/Public Domain CC0

Ужо некалькі гадоў у Нямеччыне гучна расказваюць пра членаў крайне правых арганізацый. Дзяржава ды няўрадавыя арганізацыі дапамагаюць нэанацыстам «лячыцца».

Тыднёвік «Polityka» расказвае гісторыю 24-гадовай Хэйдзі Бэнэкэнштэйн. Яна 8 гадоў была фанатычнай нэанацысткай.

Хэйдзі было толькі тры годзікі, калі бацька забраў яе з сабою ў сямейны лягер нацыяналісцкай арганізацыі, а восем – калі ў Польшчы на Мазурах нямецкія нэанацысты рвалі на кавалкі й палілі скрадзены польскім скаўтам сьцяг. Хэйдзі нарадзілася ў 1992 годзе ў вёсцы пад Мюнхэнам. Бацька камандаваў сям'ёй як воінскім падразьдзяленьнем. Ён быў рады, калі яго другая дачка вырашыла ставіцца да малой Хэйдзі як да пракажонай, калі сястра пасябравала з філіпінкай. Калі Хэйдзі наведвала былы канцлягер у Дахау з клясам, бацька падбухторваў дзяўчыну ставіць у сумнеў усё, што казаў настаўнік і задаваць нязручныя пытаньні.

Сёньня Хэйдзі непрыемна вяртацца да тых успамінаў: злыя твары, уніформы, паходні, свастыкі, гітлераўскае прывітаньне і яна, маленькая дзяўчынка.Сёньня ў Нямеччыне яна стала зоркай, былой нацысткай. Аб гэтым яна расказвае ў сваёй кніжцы «Нямецкая дзяўчына. Маё жыцьцё ў нэанацысцкай сямʼі».

Хэйдзі не адзінкавы такі выпадак. Падобных успамінаў былых нэанацыстаў у Нямеччыне шмат. У гэтых людзей у пэўны момант нараджаюцца сумневы, і яны шукаюць дапамогі. Часта падтрымку аказваюць родныя, але часта таксама іх знаходзяць няўрадавыя або дзяржаўныя арганізацыі, якія імкнуцца паказаць іх грамадзтву, як прыклад вылечаных з нэанацызму.

Polityka/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт