Logo Polskiego Radia
Print

"Сталінскія рэпрэсіі закранулі да 1 млн. 600 тыс. беларусаў"

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 20.11.2017 15:30
  • рэпрэсіі.mp3
Дасьледчык Ігар Кузьняцоў прапануе мяняць падыход да гістарычнай тэрміналёгіі.
photo: Pixabay.com/Peggy und Marco Lachmann-Anke/CC0 Creative Commons

Яшчэ напрыканцы мінулага стагодзьдзя масавыя рэпрэсіі 1930-1950-ых гг. знаходзіліся ў эпіцэнтры ўвагі гісторыкаў былых савецкіх рэспублік. Але, у выніку зьмены гістарычнай палітыкі, у некаторых дзяржавах гэтая тэма пачала зьнікаць з поля зацікаўленьня дасьледчыкаў. Аб гэтым, між іншым, казалі гісторыкі падчас канфэрэнцыі, прысьвечанай рэпрэсіям, якая адбылася ў Менску.

Прадстаўнічая міжнародная канфэрэнцыя сабрала як гісторыкаў зь Беларусі, так і дасьледчыкаў з іншых краін – Украіны, Польшчы, Летувы, Расеі. Зацікаўленьне тэматыкай адрозьніваецца ў залежнасьці ад краіны. Дасьледчык масавых рэпрэсій гісторык Ігар Кузьняцоў адзначае, што архівы НКУС у Беларусі ўсё яшчэ застаюцца закрытымі, таму беларускія гісторыкі з зайздрасьцю слухалі сваіх украінскіх калег.

І. Кузьняцоў: Украінскія калегі прадставілі інфармацыю, якая паявілася з адкрытых архіваў СБУ. Мы глядзелі на гэта вялікімі вачыма, таму што ў нас гэтага не было, няма і ў бліжэйшай пэрспэктыве ня будзе. Яны расказвалі пра маштабы рэпрэсіяў, пра галадамор, фэномэн даносчыкаў. Служба бясьпекі дала ім нават справы, фармуляры, якія ўтрымліваюць даносы. Нам было цікава ўбачыць гэтыя дакумэнты, якія недаступныя для беларускіх дасьледчыкаў.

Паміж бальшавізмам ды рэпрэсіямі існуе непарыўная сувязь. Пра гэта варта памятаць у сотую гадавіну кастрычніцкага перавароту. Дасьледчыкі казалі таксама, што рэпрэсіі насілі ня толькі палітычны, але таксама эканамічны характар. Ігар Кузьняцоў адзначае, што ў Беларусі было рэпрэсавана больш чалавек, чым лічылася дагэтуль. І называе новую лічбу, нават на мільён большую, чым тая, якая фігуравала раней.

І. Кузьняцоў: Розныя параграфы былі, скажам, за нявыплату сельгаспадатку. Рэпрэсіі былі шырокамаштабныя, ахоплівалі ня толькі палітычную сфэру. У нас няма афіцыйнай статыстыкі наконт маштабаў рэпрэсій у Беларусі, можна толькі казаць пра лічбы, якія называюць афіцыйныя дасьледчыкі, як Уладзімір Адамушка – 600 тыс. асоб. На маю думку, гэта не адказвае рэчаіснасьці. Я называю лічбы 1400000-1600000 чалавек. Паводле афіцыйнай лічбы рэабілітаваных, гаворыцца, што ў Беларусі было расстраляна 28 тыс. чалавек. Я кажу, што гэта каля 350 тыс. Я таксама запрапанаваў увесьці ў навуковае абарачэньне замест тэрміну «месцы масавых расстрэлаў і пахаваньняў на тэрыторыі Беларусі» іншы – «месцы зьнішчэньняў». У першым выпадку мы не згадваем пра тых, хто загінуў ад катаваньня, памёр ад голаду, холаду, хвароб у турме. Людзей зьнішчалі рознымі мэтадамі – душылі пасамі, расстрэльвалі кулямётамі, кідалі ў камэры дымавыя шашкі. Вязьняў забівалі пры дапамозе лома, кувалдаў, малаткоў. Гэта была пакутніцкая сьмерць. Ня ведаю, чаму так рабілі, можа, з-за садызму або ашчаджалі боезапасы.

Нягледзячы на жахлівасьць і масавасьць сталінскіх рэпрэсій у Беларусі, беларускае грамадзтва не цікавіцца гэтай праблематыкай. Акрамя вузкага кола дасьледчыкаў, гэтая тэма практычна не закранаецца ў сродках масавай інфармацыі. І таму жыхары ў сваёй масе абыякава ставяцца да гэтага пэрыяду. Ігар Кузьняцоў прыводзіць на гэта прыклад.

І. Кузьняцоў: Калі зьбіралі на памятны знак у Курапатах, давалі інфармацыю таксама ў дзяржаўныя СМІ, то за чатыры месцы ўдалося сабраць 3 тыс. даляраў. А калі зьбіралі на помнік Касьцюшку, то за кароткія тэрміны ўдалося сабраць у тры разы больш. У нас найноўшая гісторыя зьяўляецца нейкім табу. Гэты сындром 1937 году сядзіць у душах людзей. Сымптом страху застаецца да сёньня.

Пра міжнародную навуковую канфэрэнцыю пад назвай «Масавыя рэпрэсіі ў СССР у гістарычных дасьледаваньнях і калектыўнай памяці» распавёў кандыдат гістарычных навук Ігар Кузьняцоў. Сустрэчу дасьледчыкаў зладзілі навуковыя ўстановы Беларусі і Польшчы – Беларускі архіў вуснай гісторыі, Лятучы ўнівэрсытэт, Маладзёвае аб’яднаньне «Гісторыка», Польскі інстытут у Менску ды Інстытут славістыкі Польскай акадэміі навук.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт