Logo Polskiego Radia
Print

Антывірус, падазраваны ў шпіянажы, надзвычай папулярны ў польскай адміністрацыі

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 22.11.2017 14:34
Калі амэрыканскія дзяржустановы пазбываюцца антывіруса Касьперскага, польскія афіцыйныя ўстановы працягваюць яго купляць.
pixabay.com/Public Domain/CC0

Антывірус Касьперскага, які падазраюць у шпіянажы на карысьць Расеі, зьяўляецца самай папулярнай антывіруснай праграмай у польскай дзяржаўнай адміністрацыі. Пра гэта піша газэта Rzeczpospolita.

Да сярэдзіны сьнежня гэтага году кампутары ўсіх амэрыканскіх афіцыйных установаў павінныя пазбавіцца ад антывірусных праграмаў фірмы Kaspersky Lab. Рашэньне амэрыканскага ўраду стала вынікам артыкулу ў газэце Wall Street Journal. Выданьне паведаміла, што антывірус могуць выкарыстоўваць крамлёўскія спэцслужбы, каб атрымаць доступ да файлаў карыстальнікаў.

Дэпутат польскага сэйму Адам Андрушкевіч зьвярнуўся да Міністэрства лічбавай эканомікі Польшчы з запытам, якія дзяржустановы карыстаюцца расейскім антывірусам. Міністэрства не было ў стане такую інфармацыю прадставіць. Ускосныя зьвесткі кажуць, што Kaspersky зьяўляецца надзвычай папулярным.

У кастрычніку польскае дзяржаўнае тэлебачаньне TVP закупіла больш за 5 тысячаў ліцэнзіяў Касьперскага. Тэндары на закупку расейскіх праграмаў аб’явілі Дзяржаўная лясная служба, акружная пракуратура ў горадзе Жэшаў, установы, адказныя за пэнсійнае забесьпячэньне. У мінулым годзе антывірус Касьперскага набыла падатковая інспэкцыя Варшавы і Міністэрства аховы здароўя. Касьперскі зьяўляецца самай таннай праграмай на рынку.

Ці польскія дзяржворганы маюць падставы для трывогі? Wall Street Journal пісаў, што на сэрвэрах Касьперскага ізраільскія хакеры знайшлі інфармацыю, скрадзеную з амэрыканскага Агенцтва нацыянальнай бясьпекі. Kaspersky Lab сьцьвярджае, што гэтая інфармацыя трапіла на сэрвэр абсалютна выпадкова – з-за дзеяньняў супрацоўніка амэрыканскай спэцслужбы, які прынёс сакрэтную інфармацыю дадому і працаваў зь ёй на заражаным вірусам кампутары. Антывірус адрэагаваў і адаслаў архіваваны каталёг на цэнтральны сэрвер кампаніі. Вытлумачэньні Kaspersky Lab задавальняюць, аднак, ня ўсіх. Дрэнным сыгналам зьяўляецца ўжо тое што за сэрвэрамі Касьперскага сочаць спэцслужбы – піша Rzeczpospolita.

Rzeczpospolita/ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт