Logo Polskiego Radia
Print

"Гнілы" кампраміс па пытаньні забароны нядзельнага гандлю

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 28.11.2017 14:14
  • гандаль.mp3
З 1 сакавіка будучага году гандаль будзе дзейнічаць цягам дзьвюх нядзель у месяц.
www.pixabay.com/CC0

Дадзенае рашэньне польскіх уладаў сьмела можна назваць клясычным «гнілым кампрамісам». Быццам бы ўдалося прыняць абмежаваньне нядзельнага гандлю, але на самой справе яно поўнасьцю не задавальняе ніводзін з зацікаўленых бакоў. Нагадаем, зь першага сакавіка будучага году гандаль будзе дзейнічаць цягам дзьвюх нядзель у месяц, з кожным годам працоўных нядзель будзе менш, і ў 2020 годзе ўсе нядзелі для працаўнікоў гандлёвых цэнтраў стануць свабоднымі ад працы.

Законапраект, прыняты парлямэнтам, цяпер ляжыць на стале прэзыдэнта Анджэя Дуды. Прадстаўнік галавы дзяржавы Павал Солях кажа, што прэзыдэнт прыме рашэньне пра падпісаньне закону пасьля разгляду ўсіх аргумэнтаў, у тым ліку эканамічных.

П. Солях: Прэзыдэнт разгледзіць усе аспэкты законапраекту, і толькі тады вырашыць, як паступіць. У прынцыпе, забарона нядзельнага гандлю – гэта крок у добрым напрамку. Тым ня менш, прэзыдэнт зробіць свой крок пасьля таго, як пазнаёміцца з аргумэнтамі ўсіх бакоў.

Прыняты законапраект у поўнай ступені не задавальняе ні палітыкаў, ні сьвятароў каталіцкага касьцёла, ні аўтараў новага прававога рашэньня. Справа ў тым, што ў пачатковы варыянт было ўнесена вельмі шмат паправак і дапаўненьняў, і таму паявілася шмат выключэньняў з правілаў. Дэпутат Гжэгаж Длугі з руху Кукіз’15 кажа, што ягоная партыя падтрымлівае закон, але хацелася б, каб ён быў больш празрысты.

Г. Длугі: Я б хацеў, каб гэта было больш чыстае. У будучым годзе правілы стануць такімі складанымі, што кожны заблытаецца, калі гандлёвая нядзеля, калі крамы зачыненыя, калі адчыненыя і гэтак далей. Часам трэба быць больш рашучым, я нават хацеў сказаць, трэба быць мужчынам.

Закон неабходна дапрацоўваць, – лічыць дэпутат Эўрапейскага парлямэнту ад групоўкі Польская сялянская партыя Яраслаў Каліноўскі. Палітык нагадвае, што абмежаваць нядзельны гандаль патрабаваў перш за ўсё прафсаюз «Салідарнасьць».

Я. Каліноўскі: Старшыня «Салідарнасьці» Пётр Дуда дабіўся свайго. У выніку празь некалькі гадоў у нас нельга будзе гандляваць у нядзелю. А можа, трэба пайсьці далей, і прыдумаць нейкую кампэнсацыю для тых, каму ўсё ж такі прыйдзецца ў нядзельныя выходныя дні працаваць.

Праціўнікі забароны гандлю ў нядзелю прыводзілі аргумэнты, што наступствам увядзеньня новага права будуць высокія страты гандлёвых аб’ектаў, якія выпрацоўваюць у нядзелю вялікі працэнт сваіх даходаў. Ня ўсе згодныя з дадзеным меркаваньнем. На думку эканаміста прафэсара Анджэя Барчака, вялікіх страт ня будзе. Падобныя абмежаваньні дзейнічаюць у Нямеччыне, Францыі, Аўстрыі, а эканомікі гэтых дзяржаў квітнеюць і неяк ніхто не гаворыць, што ім пагражае вялікі заняпад.

Па словах прадстаўніка кіруючай партыі «Права і справядлівасьць» Яраслава Сэліна, аўтары стараліся браць пад увагу эканамічныя наступствы ўвядзеньня новага права, і таму расклалі ўвядзеньне канчатковага варыянту на такі доўгі пэрыяд – тры гады. А ўвядзеньня забароны патрабавала грамадзкая справядлівасьць.

Я. Сэлін: 37 гадоў таму палякі страйкавалі, змагаючыся яшчэ з камуністычнымі ўладамі. І тады адным з патрабаваньняў былі ўсе свабодныя нядзелі. У сваю чаргу ў свабоднай Польшчы мы дачакаліся такіх часоў, калі ў асобных людзей не было ніводнага свабоднага дня, і нават у некаторых сэктарах эканомікі ім прыходзілася працаваць у кожную нядзелю.

У пачатковым грамадзкім законапраекце, які забараняў нядзельны гандаль, усе нядзелі павінны былі стаць свабоднымі. Аднак дэпутаты ўнесьлі ў дакумэнт свае папраўкі, і таму забарона на гандаль будзе ўводзіцца паступова. Акрамя таго, забарона не датычыць між іншым бэнзазаправачных станцыяў, чыгуначных вакзалаў і партоў, аптэк, часткі кветкавых крамаў, інтэрнэт-крамаў. Адмыслоўцы адзначаюць ужо, што гандаль знойдзе выйсьце, каб кампэнсаваць сабе страты. Напрыклад, праз разьвіцьцё інтэрнэт-гандлю, які ня будзе забаронены. Нават, магчыма, можна будзе заказваць прадукты харчаваньня праз інтэрнэт, і атрымліваць іх у краме, у тым ліку ў нядзелю. Іншы цікавы нюанс – забарона працы крам будзе пачынацца з шостай гадзіны раніцы ў нядзелю, а не з поўначы. Гэта выклікае боязі, што гандлёвыя цэнтры пачнуць працаваць ноччу з суботы на нядзелю, а пакупнікі прывыкнуць да гэтай новай формы пакупак. Толькі ці супрацоўнікі такіх крам будуць задаволеныя?

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт