Logo Polskiego Radia
Print

Тэатру Польскага радыё споўніліся 92 гады

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 29.11.2017 15:49
  • Тэатар Польскага радыё.mp3
Тэатар Польскага радыё зьяўляецца равесьнікам польскага радыёвяшчаньня.

Тэатральныя спэктаклі на радыё часта называюць «радыйным тэатрам уяўленьня». Тэатар Польскага радыё зьяўляецца равесьнікам польскага радыёвяшчаньня. 29 лістапада 1925 году ў эфір выйшаў першы радыёспэктакль. Гэта была п’еса Станіслава Выспянскага «Варшавянка» ў рэжысуры Алёйзы Кашына.

Годам пазьней, у 1926 г., Тэатар польскага радыё падрыхтаваў чарговыя радыёспэктаклі, гэта былі адаптацыі польскай літаратуры. З часам паўставалі адмыслова падрыхтаваныя для слухачоў арыгінальныя п’есы. Першая называлася «Паховіны Кейстута» Вітальда Гулевіча, запісаная ў студыі Польскага радыё ў Вільні ў 1928 годзе.

На сёньняшні дзень Тэатар Польскага радыё займаецца падрыхтоўкай і трансьляцыяй радыёспэктакляў, рэалізуе раманы ў сэрыях і радыёспэктаклі на аснове прозы. Штогод рыхтуе больш за дзесяьі прэм’ерных спэктакляў.

З 1956 году ў эфіры Польскага радыё прысутнічае радыёспэктакль «Матысякі» (Matysiakowie), а з 1960 – «У Езяранах» (W Jezioranach) – гэты факт зьяўляецца фэномэнам на фоне сусьветнага радыёвяшчаньня.

Першы радыёспэктакль «Варшавянка» ў 1925 годзе, і тое, як рыхтавалі гэтую перадачу, у 1975 годзе ўспамінаў рэжысэр Алёйзы Кашын, які пайшоў з жывых у 1977 годзе.

А.Кашын: Мой Божа, гэта ж ужо прайшло 50 гадоў з таго часу, але нейк жыва ў маёй памяці стаяць гэтыя дні, бо, відаць, яны выклікалі вялікія эмоцыі і былі для мяне вялікім творчым перажываньнем.

Тэатар Польскага радыё вылучаецца сваёй мастацкай ідэнтычнасьцю, дае слухачам вялікі прастор для ўяўленьня. У 1965 годзе казаў аб гэтым вядомы тэатральны крытык Войцех Натансон (памёр у 1996 годзе).

В.Натансон: Наймагутнейшы бок радыёперадачы – гэта абмежаваная колькасьць мер, якія яна прымяняе, што прымушае слухача выкарыстоўваць уяўленьне. Адначасова радыёслухачы застаўляюць аўтараў радыёспэктакляў настойліва працаваць са сваім уяўленьнем. Бо ж на радыё ня бачна таго, што актор і рэжысэр паказваюць з дапамогай жэстаў і руху.

Супрацу з Тэатрам Польскага радыё вельмі прэстыжнай лічылі польскія акторы. Некаторыя зь іх выступалі ў радыёспэктаклях многія гады. Асабліва цёпла аб працы ў радыёспэктаклях казаў выбітны актор і рэжысэр Густаў Галёўбэк (памёр у 2008 годзе).

Г. Галёўбэк: Канешне, што ў мяне ёсьць сэнтымэнты – і то вельмі вялікія. Для мяне радыёспэктакль важнейшы, чым звычайны тэатар. Такім чынам заахвочваць людзей да ўяўленьня рэчаіснасьці выключна з дапамогай словаў, без удзелу фізычнай асобы – гэта надзвычай цікавая задача, для якой патрабуюцца спэцыяльныя здольнасьці. Мабыць, яшчэ большыя, чым тады, калі мы ў жывую стаем перад публікай.

Галоўны рэжысэр Тэатру Польскага радыё Зьдзіслаў Нардэлі (памёр у 2006 годзе) часта падкрэсьліваў, што актор, які спраўдзіўся на радыё, дасканала справіцца на сцэне.

З.Нардэлі: Добры актор на радыё – гэта дасканалы актор на сцэне. Гэта значыць, тэхніка вымаўленьня на радыё вельмі цяжкая й складаная. Проста, трэба ўмець гаварыць у мікрафон і мець сваю адметнасьць, што вельмі важнае.

Пісьменьнік і аўтар радыёспэктакляў Анджэй Мулярчык у 1978 годзе казаў, што гэты від азнаямленьня з творам у найменшай ступені скажае літаратурны твор, і гэта задавальняе таксама аўтара твора.

А.Мулярчык: Гэта для нас праява павагі для нашых аўтарскіх правоў, якіх стараецца не парушаць ні рэжысэр, ні акторы. Такім чынам паўстае прадукт (калі можна выкарыстаць гэтае брыдкае слова ў гэтым выпадку), які ў вялікай ступені адпавядае ўяўленьню творцы. Інакш з тэлебачаньнем, кінафільмам, якія раздушваюць твор, бо літаратурны матэрыял «прапускаюць» праз сотні рук.

З тэатрам Польскага радыё на працягу многіх гадоў супрацоўнічалі выбітныя польскія аўтары, у тым ліку Мельхіёр Ваньковіч, Марыя Кунцэвічова, Ежы Шаняўскі, а таксама кампазытары: Ян Маклякевіч, Раман Палестэр, Тадэвуш Сыгетыньскі. Сярод рэжысёраў былі Аляксандр Бардзіня й Збігнеў Капалька ды Анджэй Пішчатоўскі і Ян Варэныця.

З 2001 году ў Сопаце праходзіць Фэстываль Польскага радыё і тэлебачаньня «Два тэатры», на якім выбіраюць лепшыя радыё- і тэлеспэктаклі.

Польскія радыёспэктаклі заваёўваюць прэстыжныя ўзнагароды на міжнародных фэстывалях радыё- і тэлевізійных мастацтваў Prix Italia, Prix Europa i Prix Futura ці Прэмія Астанкіна.

Тэатар Польскага радыё ня толькі зьбірае ўзнагароды, але таксама прызнае прызы – напрыклад Прыз вялікага бляску (Nagroda Wielkiego Splendora). З 1988 году, традыцыйна ў першы панядзелак сьнежня, Тэатар Польскага радыё ўшаноўвае выбітных актораў, рэжысэраў, драматургаў і кампазытараў.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт