Logo Polskiego Radia
Print

Як у Польшчы будуць рабіць пакупкі ў нядзелю?

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 30.11.2017 17:47
Супэрмаркеты прыдумалі некалькі спосабаў, як абысьці забарону весьці гандаль у нядзелю.
pixabay.com/Public Domain/CC0

З сакавіка ў Польшчы ўступае ў жыцьцё забарона гандляваць у нядзелю. Крамы будуць адчыненыя толькі ў першую і апошнюю нядзелю месяца. А з 2020 году забарона гандлю ў нядзелю стане поўнай. Аднак супэрмаркеты прыдумаюць, як абыйсьці абмежаваньні – піша Gazeta Wyborcza.

Закон утрымлівае шмат выключэньняў, зь якіх могуць скарыстацца як малыя, так і вялікія крамы. Напрыклад, працаваць будуць пякарні й кавярні. Малаверагодна, што супэрмаркеты, такія як Biedronka ці Lidl, будуць маскавацца пад булачныя. Хутчэй а ўсё, яны будуць пашыраць франшызы. Малыя крамы, якімі загадваюць індывідуальныя прадпрымальнікі, будуць працаваць пад лягатыпам вялікіх карпарацыяў і прадаваць тавары з супэрмаркетаў.

Вельмі верагодна, што па пятніцах й суботах вялікія крамы будуць адчыненыя да самай ночы, а кліентаў яны будуць прыцягваць пры дапамозе розных скідак. Харчовыя тавары, такія як рыс, макароны ці каўбасу, цяпер можна будзе купіць і на заправачных станцыях. Таксама ў нядзелю ня будуць зачыняцца вялікія гандлёвыя цэнтры, якія працуюць на вакзалах – напрыклад, у Кракаве ці Катавіцэ.

Аднак з выключэньняў з закону змогуць скарыстацца ня ўсе. Забарона гандлю ў нядзелю мацней за ўсё ўдарыць па супэрмаркетах у памежных гарадах – такіх як Беласток ці Жэшаў. Таксама моцна пацярпяць малыя і сярэднія фірмы, што разьмяшчаюцца ў гандлёвых цэнтрах і спэцыялізуюцца на паслугах. Іх гадавыя страты ацэньваюцца ў мільярд эўра. Крамам у гандлёвых цэнтрах прыйдзецца звольніць каля 20 тысячаў асобаў. Найбольш адчувальна забарона гандлю ў нядзелю ўдарыць па крамах вопраткі. Мяркуецца, што яны страцяць каля 300 мільёнаў эўра і звольняць 6-7 тысячаў працаўнікоў.

Gazeta Wyborcza/ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт