Logo Polskiego Radia
Print

Бізнэс хацеў бы бачыць М. Маравецкага на пасадзе прэм'ера

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 06.12.2017 14:34
Пакуль што невядома, ці Маравецкі заменіць на пасадзе Бэату Шыдла.
Бэата Шыдла і Матэвуш МаравецкіБэата Шыдла і Матэвуш МаравецкіPAP/Radek Pietruszka

Прадпрымальнікі вельмі хацелі б бачыць на пасадзе прэм’ер-міністра Польшчы цяперашняга міністра разьвіцьця, віцэ-прэм’ера Матэвуша Маравецкага. Пакуль яшчэ невядома да канца, ці Маравецкі заменіць на пасадзе Бэату Шыдла, але гэта вельмі верагодна. На думку эканамістаў і прадстаўнікоў бізнэсу, гэта была б добрая зьмена – піша «Puls Biznesu».

Калі б сапраўды Маравецкі стаў прэм’ерам, самыя важныя задачы для яго – гэта ажыцьцяўленьне эканамічнай праграмы партыі «Права і справядлівасьць» ды паляпшэньне адносінаў з Эўрапейскім Зьвязам. Тое, ці Маравецкі стане прэм’ерам, залежыць ад старшыні групоўкі Яраслава Качыньскага. Неафіцыйна вядома, што ў партыі ёсьць таксама праціўнікі такой перастаноўкі. Многія блізкія супрацоўнікі Качыньскага адносяцца да міністра разьвіцьця даволі холадна, не ўспрымаюць яго як сапраўднага чальца ПіС, частка баіцца, што стане ахвярай чыстак ва ўрадзе – дадае выданьне «Dziennik Gazeta Prawna».

Яраслаў Качыньскі павінен атрымаць «дабро» ад палітычнага камітэту сваёй партыі. Калі гэта яму не ўдасца, то ён сам узначаліць кабінэт міністраў. Раней казалі, што прэм’ерам стане Качыньскі. Калі цяпер акажацца, што ён прызначыць на гэтую пасаду Маравецкага, то гэта, магчыма, будзе азначаць, што старшыня шукае для сябе пераймальніка. Такое рашэньне можа пачаць у партыі вайну за лідарства, паколькі многія дзеячы ПіС успрымуць такі крок старшыні як ягоную слабасьць – мяркуе ананімны чалец Рады міністраў.

Puls Biznesu/Dziennik Gazeta Prawna/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт