Logo Polskiego Radia
Print

Крэмль перад выбарамі: Мы ў коле ворагаў

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 06.12.2017 15:10
  • Крэмль перад выбарамі Мы ў коле ворагаў.mp3
Пра што будуць казаць і што будуць рабіць расейскія ўлады падчас надыходзячай выбарчай кампаніі?
МаскваМаскваpixabay.com/CC0 Public Domain

Падчас прэзыдэнцкай кампаніі, якая неўзабаве пачнецца ў Расеі, крамлёўскія СМІ будуць з падвойнай сілай пераконваць расейцаў, што іх краіна апынулася ў «коле ворагаў», а ўлады ўзмоцняць ціск на незалежных журналістаў. Такія прагнозы разьвіцьця сытуацыі на бліжэйшыя месяцы апублікаваў Польскі інстытут міжнародных справаў. Ці расейскія ўлады, каб падняць свой рэйтынг, пойдуць на нейкія варожыя дзеяньні ў стасунку суседзяў? Як Крэмль адрэагуе на нядаўнюю забарону расейскай дэлегацыі ўдзельнічаць у Алімпійскіх гульнях? Пра гэта мы размаўляем з аналітыкам Польскага інстытуту міжнародных справаў Агнешкай Лягуцкай.

Зьнешняя палітыка – гэта тая тэма, якая заўсёды дазваляла расейскім уладам аб’яднаць вакол сябе грамадзтва і падняць свой рэйтынг. У перавыбарных прамовах кіраўнік Расеі гарантавана будзе ўдзяляць шмат увагі зьнешнепалітычным пытаньням – лічыць палітоляг Агнешка Лягуцка (Agnieszka Legucka), аўтар дакладу «Міжнародныя аспэкты выбарчай кампаніі Ўладзімера Пуціна».

Пры гэтым новай «малой пераможнай вайны» – напрыклад, узмацненьня баявых дзеяньняў у Данбасе й Сірыі ці дэстабілізацыі ўнутрыпалітычнай сытуацыі ў краінах Захаду – Масква праводзіць ня будзе. Гэтага ня хочуць самі расейцы – тлумачыць Агнешка Лягуцка. Апошнія апытаньні паказваюць, што толькі 14% грамадзянаў падтрымліваюць ідэю «пашырэньня расейскай сфэры ўплыву», а 59% расейцаў чакаюць ад уладаў мірнага й бясьпечнага разьвіцьця краіны.

Менавіта таму Ўладзімер Пуцін пачаў усё часьцей выступаць зь міратворчымі ініцыятывамі – кажа экспэрт.

Агнешка Лягуцка: Нядаўна Пуцін агучыў прапанову паслаць міжнародныя міратворчыя сілы ў Данбас. Аднак ані Ўкраіна, ані міжнародная супольнасьць не пагодзяцца рабіць гэта ўмовах якія прапануе Расея. Такой прапановы, хутчэй, чакаюць самі расейскія грамадзяне. Тое самае можна сказаць і пра ініцыятывы мірнага ўрэгуляваньня вайны ў Сірыі. Падчас выбарчай кампаніі Пуцін будзе прадстаўляць сябе як лідара, які шукае мірнага вырашэньня канфліктаў і прапануе супрацоўніцтва.

Пры гэтым ня варта спадзявацца, што рыторыка Крамлёўскіх СМІ ў стасунку да Захаду стане больш лагоднай. Кантраляваныя ўладамі тэлеканалы надалей будуць скідваць на замежжа віну за пагаршэньне эканамічнай сытуацыі ў Расеі – кажа Агнешка Лягуцка.

Агнешка Лягуцка: Пераконваньне грамадзянаў у тым, што яны знаходзяцца ў «кальцы ворагаў» дазваляе абгрунтаваць многія штодзённыя эканамічныя праблемы – эканамічную стагнацыю, рост цэнаў, праблемы з працаўладкаваньнем. Тое, што расейцам стала жыць горш, надалей будуць тлумачыць інтрыгамі Захаду. Калі адыйсьці ад гэтай рыторыкі, то прыйдзецца растлумачыць, што віна ляжыць на плячах Крамля, што для зьняцьця заходніх санкцыяў неабходна вярнуць Крым і вывесьці войскі з Данбасу.

Абвінавачаньні Захаду ў «русафобіі» ўзмоцняцца пасьля таго, як Міжнародны алімпійскі камітэт за сыстэматычнае ўжываньне допінгу не дазволіў расейскім спартоўцам выступаць пад сьцягам сваёй дзяржавы на зімовай Алімпіядзе ў Карэі.

Агнешка Лягуцка: У Расеі рашэньне МАК успрынялі як аплявуху, як непавагу да Расеі й яе спартовых дасягненьняў. І гэтая рэакцыя ўпісваецца ў агульны рытуал крамлёўскай рыторыкі: у чарговы раз гаворыцца, што Расея добрая, а ўвесь сьвет беспадстаўна апалчыўся супраць яе. Таксама гэтая рэакцыя добра ўпісваецца ў выбарчую кампанію Ўладзімера Пуціна. СМІ будуць казаць, што расейскі кіраўнік добры і настаўлены мірна, але ён вымушаны супрацьстаяць ціску з усяго сьвету. Улады будуць заяўляць, што рашэньне Алімпійскага камітэту было прынятае, каб сымбалічна пакараць Расею. Пры гэтым, мне падаецца, расейскіх спартоўцаў усё ж-такі вышлюць выступаць пад нэўтральным сьцягам.

Падчас выбараў расейскія спэцслужбы ўзмоцняць ціск на журналістаў, блёгераў і апазыцыянэраў, каб давесьці да мінімуму крытыку Крамля ў СМІ.

1 лістапада ў Расеі ўвайшоў у жыцьцё закон, які дазваляе ўладам блякаваць прыватныя віртуальныя сеткі VPN. У выніку магчымасьці ананімнай камунікацыі ў Сеціве істотна скароцяцца. А папраўкі ў закон аб СМІ, прынятыя 15 лістапада, абавяжуць такія мас-мэдыя, як Радио «Свобода» ці «Голос Америки» зарэгістравацца ў якасьці «замежнага агента».

На міжнароднай арэне Расея будзе збліжацца з дзяржавамі, якія кідаюць выклік Злучаным Штатам – напрыклад, з Кітаем, Іранам і Сірыяй. Расея будзе старацца дыскрэдытаваць урады заходніх краінаў – у тым ліку й Польшчы. Прапаганда будзе ўсё часьцей расказваць пра польскі нацыяналізм, а таксама падкрэсьліваць супярэчнасьці ў адносінах Варшавы з Нямеччынай, Украінай ці ўладамі Эўрапейскага зьвязу – піша ў сваім дакладзе Агнешка Лягуцка.

Падчас прэзыдэнцкіх выбараў крамлёўскія СМІ будуць актыўна зьвяртацца да міжнародных тэмаў, але грамадзяне чакаюць зусім іншага – сьцьвярджае экспэрт. «Расейскае грамадзтва спадзяецца, што ўлады будуць гаварыць пра праблемы ў сфэры аховы здароў’я, адукацыі, правасудзьдзя. З гэтымі праблемамі расейцы сутыкаюцца штодзённа, і яны на працягу доўгага часу накладваюцца адна на адну», – падсумоўвае Агнешка Лягуцка.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт