Logo Polskiego Radia
Print

Расейскія «ветлівыя людзі» могуць паявіцца ў розных месцах

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 11.12.2017 15:36
Экспэрт: Расея прадстаўляе сабою рэальную пагрозу, калі хочаш міру, рыхтуйся да вайны.
Foto: Day Donaldson/flickr.com/Commercial use allowed

Выданьне «Rzeczpospolita» друкуе артыкул аўтарства экспэрта па міжнародных зносінах, галоўнага рэдактара партала biznesalert.pl Войцеха Якубіка пра магчымую пагрозы з боку Расеі. Гэта адказ-палеміка на артыкул палітыка Януша Корвіна-Мікэ, які мяркуе, што Расея не зьяўляецца такой вялікай пагрозай, як мяркуюць многія палякі, і ўзамен за супрацоўніцтва з ЗША прапануе хаўрус з Францыяй і Расеяй. На думку Якубіка, гэта не рэалізм, як свае погляды прадстаўляе Корвін-Мікэ, а небясьпечны рамантызм, ад якога неабходна адмаўляцца ў сытуацыі рэальнай пагрозы з усходу.

Канешне, немагчыма поўнасьцю прадбачыць будучую небясьпеку, адкуль яна прыйдзе. Але разьвіцьцё падзей у Крыме паказвае, што расейскія «ветлівыя людзі» могуць паявіцца, напрыклад, у нарвэскай правінцыі ў Арктыцы, каб праверыць хуткасьць рэакцыі NATO. Па тых жа прычынах небясьпека можа пагражаць так званаму сувальскаму калідору, які знаходзіцца там, дзе сутыкаюцца балтыйскія дзяржавы і Польшча, непадалёк ад Калінінградзкай вобласьці.

Залежнасьць ад паставак расейскай энэргетычнай сыравіны павялічвае верагоднасьць атак з боку Расеі. NATO можа толькі пераконваць сваіх сябраў павялічваць бясьпеку праз пошукі альтэрнатыўных крыніц паставак, а палітыкі павінны пераканаць грамадзтва, што неабходна павышаць уласную бясьпеку праз узбраеньне. Калі хочаш міру, рыхтуйся да вайны, – такой высновай заканчвае свае разважаньні Войцех Якубік.

Rzeczpospolita/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт