Logo Polskiego Radia
Print

Польскія школьнікі занялі высокае месца ў міжнародным рэйтынгу

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 12.12.2017 17:24
  • чытаньне.mp3
Дасьледаваньне правярае, як 10-гадовыя дзеці ўмеюць чытаць.
Bild: Flickr/Pedro Jesus

Вучні 4-ых клясаў полськіх школ занялі высокае месца ў міджнародным рэйтынгу чытаньня. Польскія школьнікі трапілі на 6-ае месца сярод вучняў 50-ці дзяржаў.

Міжнароднае дасьледаваньне (PIRLS) уменьня чытаць са зразуменьнем датычыць вучняў чацьвёртых клясаў пачатковых школ. Гэта адно з важнейшых адукацыйных дасьледаваньняў на сьвеце. Яно датычыць 10-гадовых дзяцей. Раней ім былі ахопленыя школьнікі з трэціх клясаў пачатковых школаў, а цяпер – з чацьвёртых, паколькі рэформа на нейкі час панізіла школьны ўзрост зь сямі да шасьці гадоў. Праўда, у дасьледаваньні прымалі ўдзел ня ўсе школьнікі – толькі 800 вучняў з амаль 4,5 тыс., якія пачалі вучыцца ва ўзросьце шасьці гадоў.

Найлепш чытаюць вучні ў Расеі, яны занялі першае месца, за імі ідуць вучні з Сынгапуру. Школьнікі з Польшчы трапілі ў шосты радок. Сярод эўрапейскіх дзесяцігадовых дзяцей на лепшым месцы вучні з Фінляндыі, Ірляндыі або Нарвэгіі. Дарэчы, Польшча папала ў лік сямі краін, вынікі якіх практычна не адрозьніваюцца ў статыстычным пляне.

Вучні лепш чытаюць літаратурныя тэксты, чым тэхнічныя, навукова-папулярныя тэксты або інструкцыі, – адзначае прафэсар Кшыштаф Канажэўскі, польскі каардынатар дасьледаваньня PIRLS 2016.

К. Канажэўскі: У польскай школе радзей, чым трэба было б, дзеці чытаюць папулярна-навуковыя тэксты, брашуры, рэклямныя тэксты. Канешне, не такія нахабныя рэклямы, як здараюцца ў СМІ, але агулам вучні павінны часьцей знаёміцца з тэкстамі, якія нам усім прыходзіцца чытаць штодзённа. Адзін з прыкладаў такога тэксту – гэта расклад курсіраваньня транспарту. Дзіця павінна ўмець прачытаць і зразумець такі тэкст, умець знайсьці інфармацыю, каторая яму патрэбная.

У ходзе дасьледаваньня ўсе дзеці адказвалі на 179 пытаньняў тэсту, якія адносіліся да шасьці літаратурных тэкстаў і шасьці папулярна-навуковых. Канешне, адзін вучань не адказваў на столькі пытаньняў адначасова, яны былі падзеленыя. Польскія вучні нядрэнна справіліся з праверкай іх магчымасьцяў чытаць розныя тэксты. Аднак, на самой справе большасьць з іх чытаць ня любіць.

К. Канажэўскі: Польскія вучні гавораць, што яны ня любяць чытаць. На жаль, мы ня ведаем, не пыталі, што яны чытаюць дома, акрамя абавязковых тэкстаў з падручнікаў і праграмных твораў. Дарэчы, у чацьвёртым клясе, відаць, яшчэ ранавата пра гэта пытаць. Але бачна, што чытаньне нельга назваць хобі нашых дзяцей.

На думку віцэ-міністра адукацыі Мацея Копця, на падставе дасьледаваньня можна сказаць, якія веды здабылі ўжо польскія вучні ў чацьвёртым клясе.

М. Копэць: Нас, несумненна, радуе тое, што гэта высокая адзнака. Радуе нас таксама тое, што група вучняў, якія не спраўляюцца з чытаньнем, адносна невялікая. І цешыць вялікая колькасьць вучняў, якія паказваюць пасьпяховасьць.

Што цікава, дзяўчынкі чытаюць лепш, чым хлопцы. Гэтая тэндэнцыя назіраецца па ўсім сьвеце, але ў іншых разьвітых краінах розьніцы паміж поламі меншыя, чым у польскіх школах.

У Польшчы больш, чым у іншых краінах, вельмі пасьпяховых вучняў (20% у Польшчы, сярэдні вынік – 10%) і менш самых слабых (2% і адпаведна 4% на сьвеце). Аднак ёсьць таксама праблемы. Акрамя таго, што польскія вучні ня любяць чытаць, яны таксама маюць самыя адмоўныя адносіны да школы. Дзеці не адчуваюць гонару ад сваёй школы, не адчуваюць, што яны частка гэтай адукацыйнай установы. Гаворка ідзе не пра адмоўны досьвед, напрыклад, зьбіваньне равесьнікамі ці іншыя формы насільля, а пра звычайную нелюбоў да школы як да інстытуцыі.

Вынікі дасьледаваньня могуць сьведчыць пра тое, што празьмерна шмат увагі ў школе надаецца мастацкай літаратуры, а замала навукова-папулярным ды іншым тэкстам. Акрамя таго, у школе вучні вельмі рэдка карыстаюцца кампутарам – толькі ў 9% клясаў, а на сьвеце – амаль у адной чацьвёртай клясаў.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт