Logo Polskiego Radia
Print

У выніку зьмены закону аб выбарах кожны зможа фінансаваць кандыдатаў

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 20.12.2017 15:59
Выбарчую кампанію, напрыклад, зможа фінансаваць «багаты дзядзя».
Photo: pixabay.com/CC0 Public Domain

На гэтым тыдні вышэйшая палата польскага парлямэнту (Сэнат) зоймецца разглядам выбарчага заканадаўства, паколькі кіруючая партыя "Права й справядлівасьць" прапануе ўнясеньне паправак і дапаўненьняў у кодэкс. «Rzeczpospolita» піша, што вялікія рознагалосьсі выклікае прапанова, каб сябраў Дзяржаўнай выбарчай камісіі выбіралі палітыкі. На думку апазыцыі, яны будуць судзьдзямі на ўласным працэсе, паколькі ДВК зоймецца таксама кантролем фінансаў выбарчых камітэтаў.

Пытаньні выклікае таксама зьмена, якая дае права кожнаму выбаршчыку ладзіць свабодную агітацыю за свайго кандыдата, без атрыманьня згоды яго афіцыйнага прадстаўніка. На думку спэцыяліста па выбарчаму праву Томаша Гансёра (Tomasz Gąsior), папраўка будзе мець сур’ёзныя наступствы. Цяпер агітацыя лічыцца дзейнасьцю выбарчага камітэту. Гэтая дзейнасьць падлягае сьцісламу кантролю, між іншым ёсьць абмежаваньні ў ліміце выдаткаў, форме выплаты, тэрмінах атрыманьня і выдаткаваньня сродкаў, крыніцах фінансаваньня і г.д. А калі можна будзе праводзіць свабодную агітацыю, без атрыманьня згоды ўпаўнаважанага, то агітацыйнай дзейнасьцю могуць пачаць займацца іншыя суб’екты, чым выбарчыя камітэты. Іхнія выдаткі ўжо ня будуць падлягаць кантролю Дзяржаўнай выбарчай камісіі. Выбарчую кампанію, напрыклад, зможа фінансаваць «багаты дзядзя», які гэта робіць быццам бы бескарысьліва.

Зьмены ў закон аб выбарах уносяцца надта хаатычна, пасьпешна і непрадумана, – камэнтуе Зузана Данброўска (Zuzanna Dąbrowska) у выданьні.

«Rzeczpospolita»/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт