Logo Polskiego Radia
Print

Немцы ажыцьцяўляюць мару стаць лекарам у Польшчы

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 21.12.2017 14:56
У Шчэціне адзін год на мэдыцыне каштуе 10 тысяч эўра.
pixabay.com/Public Domain CC0

Умовы паступленьня на мэдыцыну ў Нямеччыне вельмі складаныя. Будучыя студэнты чакаюць прыняцьця ў мэдыцынскі ўнівэрсытэт нават 6 гадоў.

Канстытуцыйны суд Нямеччыны на гэтым тыдні выдаў пастанову, што ўмовы паступленьня на мэдыцыну ў краіне часткова парушаюць Вярхоўны закон.

У Нямеччыне на адно месца ў мэдыцынскай школе прыходзіцца ў сярэднім пяць кандыдатаў. Таму прыём рэгулюе прынцып Numerus Clausus. Гэта азначае, што за першым разам могуць быць прынятыя толькі выпускнікі сярэдніх школ з сярэдняй адзнак 1.0, што ў Беларусі адпавядае 10 балам. Яны атрымліваюць 20% з 9 тысяч месцаў на мэдыцынскіх ВНУ. Пра 60% месцаў вырашае сама ВНУ - каго прыме, а каго не, і таксама прымае тых з самымі лепшымі адзнакамі. Астатнія 20% месцаў застаюцца для найбольш цярплівых кандыдатаў. Такім чынам выпускнікі сярэдніх школ у Нямеччыне могуць чакаць месца і 6,5 гадоў.

"У мяне няма дастаткова добрых адзнак дзеля таго, каб паступіць у Нямеччыне, – кажа студэнт Арон. Таму адразу пасьля экзамену на атэстат сталасьці я падаў дакумэнты ў Польшчу".

Луіза думала чакаць месца ў мэдыцынскім унівэрсытэце ў Нямеччыне. Працавала санітаркай, здабыла кваліфікацыі фізіятэрапэўта і прайшла стаж мэдсястры. Аднак, калі ёй споўнілася 25 гадоў, вырашыла зьехаць вучыцца ў Польшчу. – У Нямеччыне ніхто мне ня мог сказаць, колькі яшчэ буду чакаць свайго месца на мэдыцыне: год, два, ці тры. А я хачу стаць лекарам, – кажа Луіза.

Таму многія студэнты з-за Одэру выбіраюць вучобу ў Польшчы, напрыклад, у Паморскім мэдыцынскім унівэрсытэце ў Шчэціне. Мовай выкладаньня зьяўляецца ангельская. У Шчэціне адзін год на мэдыцыне каштуе 10 тысяч эўра. Унівэрсытэт супрацоўнічае зь нямецкім мэдыцынскім канцэрнам Asklepios, які мае шэраг сваіх паліклінік і бальніц, і там стаж праходзяць нямецкія студэнты шчэцінскага ўнівэрсытэта. 100% зь іх хочуць працаваць у Нямеччыне.

www.dw.com/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт