Logo Polskiego Radia
Print

Погляд на постсавецкую прастору праз песьню «Despacito»

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 25.12.2017 15:30
  • Погляд праз песьню.mp3
Дзякуючы сусьветнаму гіту можна ўбачыць набалелае і праблемы былых савецкіх рэспублік.
Foto: screen z youtube.com

Краіны, што паўсталі на руінах, СССР усё больш жывуць сваім жыцьцём. Пры гэтым на праблемы ў многіх ёсьць падобны рэцэпт -- гумар. Вельмі добра гэта паказвае папулярная культура.

Цікавы прыклад нам дае папулярны шлягер «Despacito». Дадзеная песьня мае мноства варыяцый, моўных варыянтаў, якія запісваюць самі людзі ды выстаўляюць на Youtube. Не засталася яна без ўвагі й у краінах былога савецкага блёку, але у розных народаў яны выклікала розныя асацыяцыі. Так у Летуве "Despacito" пераўтварыўся ў "Depozito", то бок экалягічны падатак-дэпазыт на шкло і плястмасу, які тамтэйшыя ўлады ўвялі год таму. Дадзенае рашэньне выклікала крытыку з боку грамадзтва, у тым ліку і музычную, распавядае сацыялінгвіст Уладзіслаў Гарбацкі з Вільні.

Уладзіслаў Гарбацкі: Гэта пародыя ды сьцёб з летувіскай рэчаіснасьці, асабліва палітыкі ўраду, які прыняў закон пра экалягічны падатак, Depоzitо па-летувіску, на шкло, плястмасу і бутэлькі. Многія пачалі казаць, што гэта падвышае кошты, што палітыкі бяруцца за драбязу ды ня бачаць сапраўдныя праблемы. Напрыклад, масавую працоўную міграцыю летувісаў на Захад. Экалягічны падатак ніяк гэтую сытуацыю ня палепшыць.

Ва Ўкраіне «Despacito» пераўтварыўся ў «Де ж те сито?», і атрымаў народнае гучаньне ды гендэрную накіраванасьць. Тлумачыць журналістка Яна Стэпневіч.

Яна Стэпневіч: Мы бачым сучасную песьню ў народным фольк-выкананьні. Ва Ўкраіне захоўваецца трэнд папулярнасьці фольк-музыкі, у розных музычных спалучэньнях. Гэта і этнагурт Онука, Гайдамакі, Kozak-system ды іншыя. Па зьмесьце, гэтая песьня паказвае з гумарам вострыя сацыяльныя праблемы: хатні гвалт, гендэрную няроўнасьць, месца жанчыны ў грамадзтве. Як бачым з фіналу песьні, роля і месца жанчыны ва Ўкраіне зьмяняецца. У песьні пяецца: без сіта будзем сытыя, і мужчыну якія выцягвае піццу.

Затое вострапалітычную афарбоўку лацінаамэрыканскі шлягер атрымаў у Расеі. Там «Despacito» пераўтварыўся ў «Пососи ты», і стаў антыпуцінскім маніфэстам, гаворыць палітоляг Павал Усаў.

Павал Усаў: Такіх самародкаў, якія пішуць песьні на вострыя сацыяльна-палітычныя тэмы ў Расеі даволі шмат. Можна прыгадаць Быкава, праект Паэт-Грамадзянін Ефрэмава, дзе публічна выказвалася крытыка пуцінскага кіраваньня Расеяй. Тут жа мы бачым прыклад рэакцыі маладзейшага пакаленьне, вострую праяву незадавальненьня. Ва ўмовах, калі ў Расеі няма апазыцыі, а ўся палітычная прастора зачышчаная, таму і зьяўляюцца такія рухі зьнізу, грамадзяне, якія не баяцца выказваць свае думкі.

«Despасitо» па-гішпанску азначае павольна. У арыгінале сьпяваецца, пра тое, каб павольна таньчыць, радавацца жыцьцю. У нашым рэгіёне, радавацца жыцьцю атрымліваецца далёка не ўсім. Больш распаўсюджана рэагаваць на навакольныя стрэсы гумарам ды сатырай. Гэта, відаць, тое, што яшчэ яднае краіны рэгіёна.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт