Logo Polskiego Radia
Print

10 год Польшчы ў Шэнген

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 23.12.2017 13:30
  • 10 год Польшчы.mp3
10 год таму Польшча ўступіла ў зону Шэнген, дзе няма памежнага кантролю ды мытных межаў.
prawy.pl

Сёньня ў Польшчы згадваюць падзеі дзесяцігадовай даўніны.

21 сьнежня 2007 года Польшча ды 8 іншых краін ЭЗ: Чэхія, Вугоршчына, Эстонія, Летува, Латвія, Славаччына, Славенія ды Мальта далучыліся да Шэнгенскай прасторы. Сёньня да гэтай бязмытнай прасторы належаць 26 дзяржаў.

Дзесяць год таму афіцыйныя ўрачыстасьці адбыліся на польска-летувіскім памежным пераходзе ў Будзіску, дзе а поўначы мяжу адчынілі тагачасныя прэзыдэнты Польшчы ды Летувы – Леч Качыньскі ды Вальдас Адамкус. Польскі прэзыдэнт выступіў тады з адозвай, у якой выказаў задавальненьне з далучэньня Польшчы да Шэнгенскай зоны.

Лех Качыньскі: Ажыцьцявілася вялікая мара палякаў, якая яшчэ дваццаць год таму здавалася нерэальнай. Далучэньне да прасторы Шэнген – гэта вялікі дзень.

Прэзыдэнт Летувы Вальдас Адамкус сказаў тады, што пашырэньне зоны Шэнген – гэта гістарычная падзея, зьніклі межы, якія былі вынікам агрэсіўнай палітыкі.

Вальдас Адамкус: Мы сталі сьведкамі таго, як зьнікаюць межы, якія дзялілі людзей, якія дзялілі народы. Дваццатае стагодзьдзе характарызавалася несправядлівасьцю, гвалтам, чаму спрыялі існуючыя тады межы.

У той дзень афіцыйныя ўрачыстасьці прайшлі на многіх межах. Так на памежным пераходзе ў Параёве, на стыку польскай, нямецкай і чэскай межаў сустрэліся тагачасны польскі прэм’ер Дональд Туск ды нямецкая канцлерка Ангэля Мэркель. Яна сказала, што жыхары Эўразьвязу рады таму, што зьнікаюць межы, якія яшчэ жывыя ў памяці многіх жыхароў кантынэнта.

Ангэля Мэркель: Мы, старэйшыя, памятаем, што свабода падарожнічаць, гэта ня нешта відавочнае. Таму мы вельмі рады, што дзеці, якія ўдзельнічаюць у сёньняшняй урачыстасьці, будуць расьці ва ўмовах эўрапейскай нармальнасьці, пра якую марылі іх дзяды ды бацькі, за якую яны пакутавалі.

21 сьнежня 2007 года памежныя службы працавалі да апошняй хвіліне. А 23:59 у апошні раз па пашпарце з праверкай дакумэнтаў перасек мяжу Польшчы і Чэхіі жыхар Цешына на памежным Мосьце сяброўства.

Мінак: Яшчэ пятнаццаць хвілін будуць правяраць. Гэта гістарычная хвіля. Я штодня хаджу праз мяжу і вельмі рады, што заўтра ўжо можна будзе ехаць без пашпарта.

Польшча падпісала Шэнгенскую дамову ў 2004-м годзе пасьля ўступленьня ў Эўразьвяз. Тры гады заняло дапасаваньне польскага заканадаўства ды тэхнічнай памежнай інфраструктуры да патрабаваньня Шэнгенскай дамовы. Ліквідацыя памежнага кантролю на ўнутрыэўрапейскіх межах Польшчы адбылося толькі праз тры гады, пры канцы сьнежня 2007.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт