Logo Polskiego Radia
Print

Расьце экспарт польскіх тавараў ва Ўкраіну

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 28.12.2017 14:50
Экспарт выйшаў на ўзровень, які назіраўся перад анэксіяй Крыму і вайной на Данбасе.
фото: pixabay.com/domena publiczna

Польшча вяртаецца на ўкраінскі рынак – паведамляе «Dziennik Gazeta Prawna». На працягу трох кварталаў году польскія прадпрымальнікі прадалі ва Ўкраіне тавары за 13,4 млрд. злотых. Гэта амаль на 32% больш, чым годам раней. Такім чынам быў пабіты рэкорд экспарту ва Ўкраіну, зафіксаваны ў 2013 годзе – тады ён склаў 13,3 млрд. Гэта азначае, што экспарт выйшаў на ўзровень, які назіраўся перад анэксіяй Крыму і вайной на Данбасе. У выніку гэтых падзей эканоміка Ўкраіны моцна скарацілася – яе ВУП упаў, але ў мінулым годзе зафіксавалі ўжо рост – на 2%.

Польскія прадпрыемствы ўмела выкарысталі эканамічны рост, хоць і невялікі, у суседзкай краіне. Польшча – блізкая суседка, а польскія прадпрымальнікі добра ведаюць патрэбы ўкраінскага рынку, – адзначае старшыня Польска-украінскай эканамічнай палаты Яцэк Пехота. Назіраецца таксама стабілізацыя банкаўскага сэктару ды ўкраінскай грыўні, а гэта станоўча ўплывае на польскі экспарт. На думку Славаміра Матушака з Цэнтра ўсходніх дасьледаваньняў, хуткі рост экспарту ва Ўкраіну выкліканы быў таксама пачаткам дзейнасьці пагадненьня пра зону свабоднага гандлю з Эўрапейскім Зьвязам, якое адмяніла шмат бар’ераў у гандлёвым абмене.

Што польскія фірмы прадаюць ва Ўкраіну? Часьцей за ўсё гэта вырабы электрамашыннай прамысловасьці, хімічнай галіны, плястмасавыя вырабы, мінэралы, сельскагаспадарчыя прадукты, тавары лёгкай прамысловасьці, дрэваапрацоўчай і папяровай прамысловасьці.

Dziennik Gazeta Prawna/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт