Logo Polskiego Radia
Print

Што думаюць пра сябе палякі

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 31.12.2017 10:30
  • Што думаюць.mp3
Адкуль у палякаў бярэцца нэгатыўны вобраз саміх сябе.
Foto: pixabay.com/CC0

У польскім грамадзтве даволі распаўсюджанае меркаваньне, што палякі вельмі часта наракаюць ды ня любяць сапляменьнікаў. Маўляў, гэта такая рыса нацыянальнага характару. Сучасная польская літаратура дасьледуе гэты стэрэатып.

Нядаўна на польскім кніжным рынку зьявілася кніга Адама Лешчыньскага пад выразнай назвай «Польшча – гэта проста дно». Абапіраючыся на дасьледаваньнях сучаснай польскай прэсы, Інтэрнэт-форумаў ды сацыяльных сетак, аўтар паспрабаваў разабрацца ў нацыянальных стэрэатыпах. У першую чаргу яго цікавіла тое, адкуль бярэцца распаўсюджанае меркаваньне пра вечнае нараканьне палякаў ды варожасьць да сваіх сапляменьнікаў. У кніжцы ёсьць шмат цікавых ды сакавітых цытат вядомых палякаў.

У размове з Польскім радыё аўтар распавёў, адкуль у палякаў бярэцца нэгатыўны вобраз саміх сябе. Чаму ён не зьмяняецца? Таксама падзяліўся тым, якія пазытыўныя рысы палякі бачаць у сябе.

Адам Лешчыньскі: Трэба разумець, што гэта не кніга пра тое, якія бываюць сапраўдныя палякі. Пра гэта немагчыма напісаць кнігу, бо палякі бываюць розныя. Гэта кніга пра вобраз, меркаваньне, якое існуе ў грамадзкай сьвядомасьці пра сябе, пра палякаў. Гэта спроба рэканструкцыі дадзенага вобраза, апісаньня яго ў літаратурнай форме, праз цытаты з лістоў, дзёньнікаў розных людзей. Гэта Раман Дамброўскі, Юзаф Пілсудскі, Вітальд Гамбровіч, Эва Сонэт, Ілёна Фэліцыяньска, Войцех Цэйроўскі, Баляслаў Прус. Шмат розных асобаў, аўтараў. Такі дыстылят вобразаў, пра саміх сябе.

Які гэта вобраз?

Адам Лешчыньскі: Перш за ўсё – гэта нэгатыўны вобраз. Я абапіраюся ў гэтай ацэнцы на вынікі сацыялягічных апытаньняў. Палякі думаюць пра сябе шмат чаго кепскага. Сьпіс крытычных заўваг вялізарны. Яны тычацца сацыяльнага жыцьця, эканомікі ды інтэлектуальнага ўзроўню нашай краіны. Гэта застаецца нязьменным ужо 200 гадоў. Палякі лічаць, што яны няветлівыя, недаверлівыя, гатовыя на падман, сварлівыя ды неляяльныя, ня любяць чытаць, інтэлектуальна разьвівацца. У якасьці нацыянальных геніяў увесь час згадваюць Каперніка ды Складоўскую-Кюры. Апроч таго, наракаюць на гарады, што яны брудныя, не прыбіраюцца, людзі рэдка мыюцца ды не дбаюць пра зубы. Вельмі моцна гэта крытыкаваў, дарэчы, Баляслаў Прус. Вось сталыя тэмы нашага ўнутранага дыскурсу за апошнія 200 гадоў.

З чым гэта зьвязана? У чым прычына нязьменнасьці такога перакананьня?

Адам Лешчыньскі: Абсалютна нічога не зьмянілася. Стогадовыя тэксты можна спакойна чытаць сёньня як актуальныя. Нічога не зьмянілася за выключэньнем мовы. На маю думку, гэта вынікае з гістарычнай траўмы. Палякі як народ апошнія 200 гадоў моцна пацярпелі. Калі кагосьці ўвесь час б'юць – натуральна, што ён пачынае думаць кепска пра сябе. Паразы моцна зьніжаюць самаацэнку. Любы, хто пару разоў зазнае паразу, пачынае думаць, што нешта са мной ня так. Другая прычына – гэта раўнаньне на Захад. Польшча была беднай і пэрыфэрыйнай краінай для Захаду. Маючы за суседа багатых немцаў і Захад, палякі параўноўвалі сябе з імі, у нас зьявіліся моцныя комплексы.

Што пазытыўнага палякі бачаць у сябе? Якія нацыянальныя рысы яны ацэньваюць на плюс?

Адам Лешчыньскі: Палякі думаюць пра сябе пазытыўна ў некалькіх катэгорыях. Пазытыўнай называецца такая рыса, як рашучасьць, гатоўнасьць да барацьбы. Іншая пазытыўная рыса – гэта гасьціннасьць. Яшчэ адна – гэта сямейнасьць. Таксама палякі любяць сваю нацыянальную кухню. Ганарацца таксама сваёй рэлігійнасьцю ды моцным пачуцьцём патрыятызму. Гэтымі рысамі палякі ганарацца.

Апошнія 200 гадоў у польскім грамадзтве захоўваюцца нэгатыўныя стэрэатыпы пра сябе. Нібыта палякі недаверлівыя, няветлівыя ды сварлівыя. Разам з тым цяпер узмацняецца пазытыўнае бачаньне нацыі, як гераічнай, гасьціннай ды сямейнай. Пра польскія стэрэатыпы распавядаў польскі літаратар Адам Лешчыньскі.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт