Logo Polskiego Radia
Print

Пажаданьні палякам на 2018 год

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 30.12.2017 13:44
Першая просьба: каб жыхары краіны адышлі ад прорвы.
www.pixabay.com/CC0 Creative Commons

Канец новага году як звычайна багаты на падсумаваньні мінулых падзеяў і прагнозы на будучае. Журналісты, публіцысты друкуюць у розных выданьнях таксама свае пажаданьні на новы год. Тыднёвік «Do Rzeczy» – не выключэньне. Лукаш Важэха піша, што ён жадае палякам у 2018 годзе. У яго два галоўныя пажаданьні. Першае – каб народ адышоў ад прорвы. «У мяне такое ўражаньне, што ўсе мы над гэтай прорвай стаім, – піша аўтар. – Адным здаецца, што яны змагаюцца з варожай дыктатурай, і таму ўсе сродкі дазволеныя. Іншым – што іх акружае арда «унутраных Маскалёў», а кожны, хто хаця б крыху крытыкуе ўладу, становіцца здраднікам. Мы страчваем здольнасьць размаўляць, можа на павышаным тоне, але размаўляць. Для некаторых можа быць прыкрай навіной, што тыя «іншыя» ня зьнікнуць, не пераедуць на ПМЖ на Мадагаскар. Трэба з імі жыць у адной Польшчы».

Другое пажаданьне – каб палякі зразумелі, наколькі важная свабода. Ня тая вялікая, пра якую згадваюць на дзяржаўных урачыстасьцях і пішуць у вершах, а тая малая, штодзённая – свабода ад дзяржаўнага прэсінгу, кантролю, свабода самастойна прымаць рашэньні й атрымліваць іх наступствы. Гэтая вялікая свабода ў нас ёсьць, хаця яна, канешне, не дадзеная раз і на заўсёды. Але ад гэтай малой свабоды ўлада, як папярэдняя, так і цяперашняя, спакваля адрэзвае малыя кавалачкі, заўсёды кажучы, што гэта для нашага дабра. Калі мы не скажам рашуча «Досыць!», то далей будуць адрэзваць, да таго часу, калі нічога не застанецца.

Вы скажаце, што я пэсыміст, – піша аўтар. Не, я рэаліст, а таксама ідэаліст. Веру, што мая задача – перасьцерагаць, пакуль хопіць сілы. Калі людзі не апамятаюцца, то неўзабаве ад Польшчы нічога не застанецца, акрамя асобных варожых плямёнаў, якімі кіруе або адна, або другая партыя.

Do Rzeczy/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт