Logo Polskiego Radia
Print

У сьвяточны пэрыяд вельмі шмат прадуктаў харчаваньня выкідваецца

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 02.01.2018 15:10
  • харчаваньне.mp3
Неабходна мяняць законы і стаўленьне людзей, каб менш ежы марнавалася.
Ілюстрацыйны здымакІлюстрацыйны здымакwww.pixabay.com/CC0 Cteative Commons

У нашай славянскай традыцыі сьвяты зьяўляюцца вельмі важным элемэнтам жыцьця. Палякі выключна ўрачыста адзначаюць Божае нараджэньне, гэта для іх, бадай, самая важнае сямейнае сьвята. У сваю чаргу беларусы па традыцыі гучна адзначаюць Новы год, і тады адбываецца багатае застольле, сталы павінны прагінацца ад розных закусак ды алькаголю. І нярэдка здараецца, што праз дзень-два палову ежы трэба выкінуць.

Парадокс сучаснага сьвету: калі сотні тысяч людзей галадаюць і нават паміраюць ад голаду, іншыя сотні тысяч ня ведаюць, як спажыць усю купленую і падрыхтаваную ежу. У Польшчы па традыцыі на калядным стале павінна быць абавязкова 12 страў. Вельмі цяжка спрабаваць кожную, а тым больш зьесьці ўсё, што знаходзіцца на сьвяточным стале. Кожны год перад сьвятамі, перад Новым годам сродкі масавай інфармацыі раяць, каб не перабольшваць з пакупкамі, купляць столькі харчаваньня, каб пазьней не выкідваць, але і так вельмі шмат ежы застаецца і марнуецца. Калісьці, у 80-ыя гады, калі ў Польшчы назіраўся дэфіцыт харчаваньня, пакупкі «пра запас» былі абгрунтаваныя. Цяпер жа, наадварот, харчаваньня ў Эўропе празьмерная колькасьць, таму крамы робяць усё магчымае, каб прадаваць як мага больш, – адзначае доктар Крыстына Рэйман з Галоўнай школы вясковай гаспадаркі.

К. Рэйман: У Эўропе ды Польшчы назіраецца празьмерная вытворчасьць харчаваньня, у сувязі з чым крамы ўвесь час атрымліваюць новыя партыі тавару, а для гандлю сьвяточны пэрыяд – гэта найлепшы час, калі ўсё прадасца. Трэба сказаць, што ёсьць пэўныя плюсы цэнтральнага плянаваньня – гэта балянс паміж попытам і прапановай, але можа таксама паявіцца дэфіцыт. У сваю чаргу ў свабодным рынку кожны вырабляе столькі, колькі можа і хоча. У Польшчы прадукты харчаваньня адносна танныя, і таму людзі часта купляюць зашмат, яны могуць сабе на гэта дазволіць.

З іншага боку ў грамадзтве жыве шмат людзей, якія прымушаныя лічыць кожны грош, ім не хапае часта нават на тавары першай неабходнасьці. Гэтыя людзі ахвотна карыстаюцца дапамогай банкаў харчаваньня, – гаворыць Марыя Кавалеўска з арганізацыі «Польскія банкі харчаваньня».

М. Кавалеўска: Банкі харчаваньня аказваюць падтрымку звыш аднаму мільёну васьмістам тысячам асоб. Так што маштаб патрэбаў агромністы. Мы даем бедным людзям перш за ўсё прадукты харчаваньня, гэта наша асноўная дзейнасьць. Сапраўды, харчаваньне цяпер адносна таннае, і магчыма таму людзі перасталі яго паважаць. Калісьці нельга было выкідваць хлеба, гэта было грахом. Цяпер жа падыход да ежы зьмяніўся. Банкі харчаваньня ў рамках сваёй дзейнасьці стараюцца таксама вучыць людзей шанаваць харчаваньне. Перш за ўсё мы вучым дзяцей, адкуль паходзіць харчаваньне. Малыя дзеці часта мяркуюць, што малако бярэцца з крамы, а ў курыцы чатыры ножкі (таму што столькі ў адной упакоўцы). Калі дзіця даведваецца, колькі працы трэба ўкласьці, каб зрабіць гэтую сымбалічную буханку хлеба, яно пачынае інакш адносіцца да ежы. Дарэчы, гэтая этыка глыбока сядзіць у кожным з нас, паколькі людзі вельмі неахвотна прызнаюцца, што яны выкідваюць харчаваньне.

Дзеля таго, каб прадукты харчаваньня выкарыстоўваць больш рацыянальна, вельмі важная адукацыя, у тым ліку дзяцей у школах, але важнае таксама заканадаўства. Некалькі гадоў таму ў Польшчы паявілася магчымасьць перадаваць бясплатна харчаваньне з кароткім тэрмінам захоўваньня ў Банкі харчаваньня без аплаты падатку. І многія крамы карыстаюцца гэтай магчымасьцю, – адзначае Марыя Кавалеўска.

М. Кавалеўска: Гэтыя крамы пастаўляюць прадукты ў Банкі харчаваньня вельмі рэгулярна. Кожны дзень мы атрымліваюць партыі тавараў, прызначаныя на дабрачынныя мэты. Але далёка ня ўсе гандлёвыя сеткі перакананыя, што варта правесьці гэтую работу, каб перадаць харчаваньне. Раней гэта зусім не аплачвалася, бо трэба было яшчэ заплаціць падатак. Калісьці прасьцей і таньней было ўтылізаваць прадукты, чым аддаваць іх бедным. Тым ня менш, прыдаўся б закон аб супрацьдзеяньні марнаваньню харчаваньня. Ён бы даў яшчэ больш магчымасьцяў супрацоўніцтва з крамамі, і быў бы чарговым крокам у правільным напрамку.

Адпаведны законапраект ужо падрыхтаваны, адбылося яго першае чытаньне. Цяпер дакумэнт разглядае Сэнат. Паводле новага права, вялікія гандлёвыя цэнтры будуць абавязаныя заключыць дамову з арганізацыяй, якая займаецца перадачай харчаваньня бедным людзям. Калі ж крамы адмовяцца ісьці на супрацоўніцтва, ім будзе пагражаць штраф. Сама ідэя закону, канешне, правільная, але пакуль што ідзе падрыхтоўка адпаведных правілаў, каб яны ішлі на карысьць бедным, але пры нагодзе не было дыскрымінацыі крамаў, каб яны, у сваю чаргу, не адчувалі сябе пастаўленымі пад сьценкай. З іншага боку, трэба таксама мяняць падыход спажыўцоў, хаця б дзеля таго, каб яны не шукалі прадуктаў зь вельмі доўгім тэрмінам прыдатнасьці, калі ведаюць, што ежа будзе спажытая сёньня або заўтра.

Польскае радыё/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт