Logo Polskiego Radia
Print

Прагноз на 2018: якім будзе эканамічны рост?

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 05.01.2018 10:14
  • Прагноз на 2018 якім будзе эканамічны рост.mp3
Паказчыкі эканамічнага разьвіцьця, зацьверджаныя Лукашэнкам, выглядаюць сьціпла, але каб дасягнуць нават іх, спатрэбяцца высілкі.
pixabay.com/Public Domain CC0

Эканамічны рост у 3,5% і інфляцыя не вышэйшая за 6% – такія паказчыкі эканамічнага разьвіцьця на 2018 год зацьвердзіў Аляксандар Лукашэнка. Наколькі дасягальныя гэтыя лічбы, і якія выклікі стаяць перад беларускай эканомікай у новым годзе? На гэтыя тэмы мы размаўляем з эканамістамі Яраславам Раманчуком і Леанідам Злотнікавым.

Указ «Аб задачах сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусь на 2018 год», падпісаны кіраўніком Беларусі 31 сьнежня, прадугледжвае, што ўрад будзе праводзіць жорсткую крэдытна-грашовую палітыку й не дапусьціць абясцэньваньня рубля.

Грошай для падтрымкі прадпрыемстваў друкаваць ня будуць, таму эканамічны рост прагназуецца даволі сьціплым – на ўзроўні 3,5%. Прыярытэтамі для кіраўніцтва краіны будзе дывэрсіфкацыя рынкаў збыту і стварэньне высокапрадукцыйных месцаў працы.

Лічбы, агучаныя ва ўказе, трэба ўспрымаць не як дакладныя мэты, а як пажаданьні – камэнтуюць эканамісты. Гадавыя вынікі эканамічнага разьвіцьця могуць вельмі значна адрозьнівацца ад гэтых паказчыкаў як у лепшы, так і ў горшы бок. Для прыкладу, прагнозы эканамічнага роту, на якіх грунтуецца бюджэт значна сьціплейшыя – кажа эканаміст Леанід Злотнікаў.

Леанід Злотнікаў: Гэты дакумэнт зыходзіць зь іншых перадумоваў. Рост ВУП там прагназуецца на ўзроўні 2%, а інфляцыя – на ўзроўні 7,5%-8%. Калі гаворка ідзе не пра пажаданьні, а пра заканадаўчыя акты, то выкарыстоўваюцца больш рэалістычныя прагнозы. Аляксандар Лукашэнка ня першы раз зацьвярджае занадта высокі задачы эканамічнага разьвіцьця.Ён лічыць, што калі паставіць плянку павышэй і затым жорстка патрабаваць выкананьня гэтых паказчыкаў, то будзе зроблена больш.

Якія выклікі стаяць перад эканомікай Беларусі ў 2018 годзе? Іх можна падзяліць на зьнешнія і ўнутраныя. Унутраныя выклікі застаюцца старымі – кажа Леанід Злотнікаў. Беларуская эканоміка ня мае фактараў росту, а ўлады нейкім чынам павінныя павышаць заробкі насельніцтва. У іх застаецца два шляхі: альбо друкаваць грошы й тым самым раскручваць інфляцыю, альбо браць крэдыты. Хутчэй за ўсё, улады выберуць другі шлях – лічыць эканаміст.

Леанід Злотнікаў: Адсутнічаюць рэсурсы для вяртаньня пазыкаў, таму трэба браць новыя пазыкі. Самая вялікая эканамічная праблема праблема – гэта нашая фінансавая піраміда, калі крэдыты вяртаюцца за кошт новых крэдытаў. Крэдыты трэба ўвесь час недзе шукаць. Гэта будзе проста працяг праблемаў, якія існавалі ў папярэднія гады.

Ці маторам для росту беларускай эканомікі стане ІТ-сэктар, ільготы для якога беларускі кіраўнік працягнуў сваім Дэкрэтам №8? Лічбавая эканоміка ўжо дае Беларусі каля 1 мільярда даляраў прыбытку ў год. Працаўладкаваньне ў сфэры інфармацыйных тэхналёгіяў вырасьце, але межы росту ёсьць нават у ІТ – кажа Леанід Злотнікаў.

Леанід Злотнікаў: У Беларусі праграмуе многа людзей. Але адначасова разьвіваюцца інструмэнты аўтаматызацыі праграмаваньня. Верагодна, што штат праграмістаў у сьвеце ў будучыні перастане расьці. Патрэбна будзе не вялікая колькасьць звычайных кадзіроўшчыкаў, а праграмістаў-пастаноўшчыкаў. А такіх людзей вельмі мала. Таму цяжка сказаць, як доўга можна разьвівацца за кошт паслугаў ІТ-сэктару.

Самыя важныя зьнешнія рызыкі зьвязаныя з непрадказальнасьцю адносінаў з Расеяй і нестабільнасьцю расейскай эканомікі – кажа эканаміст Яраслаў Раманчук.

Яраслаў Раманчук: Самая вялікая рызыка зьвязаная з умовамі гандлю з Расеяй. Калі адбудзецца дэвальвацыя расейскага рубля, то беларускі рубель таксама будуць вымушаныя дэвальваваць. Калі расейцы ўвядуць абмежаваньні на беларускія тавары – гэта таксама будзе дрэнна. Пасьля крызысу 2011 году Беларусь так і не зрабіла сапраўдных крокаў, каб дывэрсіфікаваць эканоміку. Да сёньняшняга дня 45% экспарту беларускіх авараў прыходзіцца на Расею.

На думку Яраслава Раманчука, у 2018 годзе Беларусі па-ранейшаму пагражаюць гандлёвыя канфлікты з Расеяй, а таксама цяжкія перамовы наконт выдачы новых крэдытаў.

Апытаныя намі эканамісты не спадзяюцца, што 2018 год будзе прарыўным. У новы год Беларусь уступае з цяжарам старых праблемаў, галоўныя сярод якіх – гэта адсутнасьць крыніцаў для росту эканомікі й высокая прывязанасьць да гаспадаркі суседняй краіны, якая перажывае не найлепшыя часы.

Значных рэформаў, якія забясьпечаць тэхналягічны прарыў ці прыток інвэстыцыяў, пакуль не прадбачыцца. Расея таксама не намераная павышаць падтрымку беларускай эканомікі. У такіх умовах нават захаваньне стабільнасьці курсу рубля й дасягненьне сьціплага эканамічнага росту ўжо падаюцца сур’ёзнымі задачамі.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт