Logo Polskiego Radia
Print

У Польшчы зьмяняюцца крытэры даросласьці

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 14.01.2018 10:30
  • крытэры даросласьці.mp3
Статыстыка сьведчыць, што ў Польшчы людзі ўсё пазьней уваходзяць у даросласьць.
Foto: pixabay.com/CC0

Верхняя мяжа перасунулася з 18 да 29 гадоў. Разам з тым зьмяняюцца й крытэры даросласьці. На першае месца выходзяць навыкі ды кампэтэнцыі, а не маёмасная сытуацыя.

Дасьледчыкі з Вышэйшай школы сацыяльнай псыхалёгіі адкрылі, што сучасныя палякі пазьней уваходзяць у даросласьць, чым іх дзяды ды бацькі. Дасьледчыкі праводзілі замер праз сацыялягічнае апытаньне на агульнапольскай пробе 3200 чалавек.

Крытэрамі ўваходу ў даросласьць навукоўцы спачатку вызначылі: пачатак працы, высяленьне ад бацькоў, вядзеньне самастойнай хатняй гаспадаркі, заснаваньне сям’і ды нараджэньне дзіцяці.

Аднак па выніках дасьледаваньня высьветлілася, што ў сучасным сьвеце крытэрыі даросласьці зьмяніліся. Сёньня моладзь уваходзіць у даросласьць інакш, няма ярка вызначанай мяжы паміж дзяцінствам і даросласьцю. Сёньняшняя моладзь зазначае, што для іх даросласьць асацыюецца ў першую чаргу з эмацыйнай сталасьцю, навыкамі ды кампэтэнцыямі. Напрыклад, здольнасьцю ўтрымліваць блізкія адносіны з іншымі асобамі, быць у блізкіх адносінах з дзіцём, утрымаць сям’ю. Распавяла ў размове з Польскім радыё псыхалягіня Дарота Вішэйка-Вэжбіцка з Вышэйшай школы сацыяльнай псыхалёгіі.

Дарота Вішэйка-Вэжбіцка: Некалі даросласьць вызначалася больш катэгарычна. Згодна з названымі 5 крытэрамі. Калі маладзён падпадаў пад гэтыя крытэры, можна было назваць яго дарослым. Меў дом, грошы, сям’ю ды працу. Сёньня моладзь інакш уваходзіць у даросласьць. Час уваходу зьмяніўся, няма разрыву з дзяцінствам, у даросласьць цяпер доўга ўваходзяць, доўга становяцца дарослым. Даросласьць не азначае наяўнасьць пашпарта ў кішэні, а пачуцьцё, што становісься дарослым, інтрапсыхічныя фактары.

Што гэта азначае? Якія гэта фактары?

Дарота Вішэйка-Вэжбіцка: Гэта ў першую чаргу сталасьць, навыкі ды кампэтэнцыя, якія прачыняюцца да таго, што маладзён прымае розныя ролі, якія асацыююцца з даросласьцю: роля мужа, працаўніка, галавы сям’і. Дзеля гэтага ён павінен мець адпаведныя навыкі, каб магчы выконваць гэтыя ролі. Нашы і замежныя дасьледаваньні паказваюць, што для моладзі сёньня даросласьць не атаясамляецца з дасягненьнем 18 гадоў, а са сталеньнем. Са здабыцьцём навыкаў, якія потым будуць разьвівацца цягам усяго жыцьця. Гэтыя навыкі засвойваюцца ад малога, яшчэ са школы.

Канкрэтна, якія гэта навыкі?

Дарота Вішэйка-Вэжбіцка: Гэта, напрыклад, навык утрыманьня сям’і. Моладзь зазначала, што для іх важны крытэр – гэта здольнасьць, ці я змагу ўтрымліваць сям’ю. Ці я змагу ўтрымліваць блізкія адносіны, ці змагу быць у блізкім кантакце з дзіцём, выхаваць яго, нешта яму перадаць. Як бачым, важны ня проста сам факт быцьця бацькам ці супругам, працаўніком. Важна ня тое, што вы апранулі гэтыя чаравікі, а як вы іх носіце.

Як у гэтым усім не згубіцца?

Дарота Вішэйка-Вэжбіцка: Сапраўды, з нашых дасьледаваньняў вынікае, што даросласьць ня ёсьць нечым такім моцна прыцягальным. 50% апытаных маладзёнаў заявілі, што даросласьць нічым ня лепшая за дзяцінства. Каля 30% заявілі, што яны ўвогуле не хацелі б станавіцца дарослымі. Для моладзі цяпер не зьяўляюцца важнымі тыя 5 згаданых крытэраў: праца, высяленьне ад бацькоў, свая сям’я ды дзіця. Затое 91% моладзі назвала важным крытэрам даросласьці – навык самастойнага прыняцьця рашэньняў ды прыняцьця за іх адказнасьці. Іншым важным крытэрам аказалася разважлівасьць, жыцьцёвая мудрасьць (88% рэспандэнтаў), якая дазваляе прымаць правільныя рашэньні.

Таксама сучасная моладзь у Польшчы лічыць важнымі наступныя крытэры даросласьці: здольнасьць зарабіць на сябе, здольнасьць плянаваньня ды разьвіцьця ўласнай прафэсійнай кар’еры, навыкі ўтрыманьня блізкіх партнэрскіх адносін. Дзеля гэтага ўсяго ўласная кватэра ды пасьведчаньне аб шлюбе не абавязковыя. Іх згадалі толькі 20% рэспандэнтаў.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт