Logo Polskiego Radia
Print

Эўракамісія намерана павязаць фінансы са станам правасудзьдзя

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 22.01.2018 14:54
Няма іншых мэханізмаў, чым фінансавыя, каб аказаць прэсінг на некаторыя краіны.
Photo: pixabay.com/Creative Commons Public Domain CC0

Эўрапейская камісія распрацоўвае мэханізм, які зьвязвае выплату грашовых фондаў з ЭЗ з эфэктыўным функцыянаваньнем незалежнай сыстэмы правасудзьдзя – паведамляе «Rzeczpospolita». Падрабязнасьці праекту пакуль што невядомыя, яны будуць прадстаўленыя ў другой палове году.

У траўні ЭК прадставіць праект шматгадовага бюджэту супольнасьці. Першая дыскусія камісараў на гэтую тэму ўжо адбылася і, паводле інфармацыі выданьня, усе падтрымалі ідэю павязаць выдаткі са станам правасудзьдзя. Павінна гэтым заняцца экспэртка ЭЗ па пытаньнях юстыцыі Вера Юрова. Яна сказала ў размове з выданьнем, што крытэры павінны быць канкрэтныя, не павінна быць двухзначнага разуменьня. Эўракамісія зьвернецца да юрыстаў, экспэртаў па дапамогу ў падрыхтоўцы адназначных крытэраў.

Эўрапейская камісія неаднойчы падкрэсьлівала, што яна ня хоча накладваць на Польшчу фінансавыя пакараньні за парушэньне правілаў незалежнай судовай сыстэмы, але з іншага боку яна зразумела, што няма іншых мэханізмаў, чым фінансавыя, каб аказаць прэсінг на краіны, якія, на думку ЭК, парушаюць прынцыпы прававой дзяржавы, а такімі краінамі лічаць Польшчу і Вугоршчыну. У Брусэлі заўважылі, што кіруючая партыя «Права й справядлівасьць» зьмякчыла тон і памяняла прэм’ер-міністра ды некалькіх міністраў, якіх дрэнна ацэньвалі на Захадзе, толькі тады, калі пачалі казаць пра магчымасьць зьмяншэньня бюджэту дапамогі з ЭЗ для Польшчы.

У нядзелю вечарам новы міністар замежных спраў Польшчы Яцэк Чапутовіч сустрэўся (па ягонай просьбе) з эўракамісарам Франсам Цімэрмансам, які адказвае за распачатую супраць Польшчы працэдуру аховы вяршэнства закона. Калі міністрам быў Вітальд Вашчыкоўскі, то Цімэрманс звыш году спрабаваў з ім дамовіцца на сустрэчу, але безвынікова.

Rzeczpospolita/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт