Logo Polskiego Radia
Print

Дзяржавы Вышаградзкай групы прапануюць зьмяніць апеку над кінутымі дзецьмі

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 30.01.2018 15:03
  • апека.mp3
Кожнае дзіця мае права на захаваньне сваёй нацыянальнай тоеснасьці.
pixabay.com/Public Domain CC0

Краіны Вышаградзкай групы выступілі з прапановай унесьці папраўкі і дапаўненьні ў эўрапейскі кодэкс, які рэгулюе апеку над дзецьмі ў спрэчных сытуацыях. На думку польскага ўраду, у законах ЭЗ у гэтай сфэры ёсьць юрыдычны прабел, які неабходна ліквідаваць.

Польшча, Чэхія, Вугоршчына і Славаччына прапануюць увесьці больш дакладныя правілы на выпадак разводу інтэрнацыянальнай сям’і, у сытуацыі, калі дзіця іншай нацыянальнасьці застаецца па нейкіх прычынах у адной з краін ЭЗ. Ёсьць эўрапейская канвэнцыя, якая акрэсьлівае пытаньні апекі, але да гэтага часу не было гаворкі пра нацыянальную тоеснасьць дзіцяці. І таму паявілася заканадаўчая ініцыятыва краін Вышаградзкай групы. Гаворыць дырэктар на Польшчу асацыяцыі СОС «Дзіцячыя вёскі» Барбара Райкоўска.

Б. Райкоўска: Кожнае дзіця мае права захаваць сваю тоеснасьць – мову, рэлігію, свае карані. Калі дзіця пражывае за мяжою, і яшчэ ў мяшаным сужонстве, у выпадку расстаньня бацькоў улады дадзенай краіны не заўсёды старанна прыглядаюцца сытуацыі дзіцяці. Папраўка, якую прапануе Вышаградзкая група, павінна прымусіць улады ў такім выпадку заўсёды браць пад увагу дабро дзіцяці.

Канешне, у заканадаўстве кожнай дзяржавы можна знайсьці параграфы, якія акрэсьліваюць працэдуру апекі над кінутымі дзецьмі, і ўсе дэкляруюць, што дабро дзіцяці – самае важнае, але на практыцы падыход бывае розны. На колькі важна захаваць тоеснасьць дзіцяці, пераконвае Барбара Райкоўска, прыводзячы канкрэтны прыклад дзяцей, якія трапілі ў СОС «Дзіцячыя вёскі» у Польшчы.

Б. Райкоўска: Гэта было расейска-украінскае сужонства, якое пражывала ў Польшчы, дзеці нарадзіліся ўжо на польскай тэрыторыі. Пазьней, па розных прычынах, саюз распаўся, дзеці трапілі пад нашу апеку. Мы адразу стараліся пазнаць асяродзьдзе, у якім выхоўваліся дзеці, выйшлі на кантакт з амбасадай, сьвятаром (іншае веравызнаньне), стараліся стварыць ім умовы, у якіх яны маглі б захаваць сваю нацыянальную тоеснасьць, вывучаць мову. Але магло быць інакш, паколькі магло здарыцца, што дзеці былі б аддадзеныя ў сям’ю, якая не валодае патрэбнай мовай і ня хоча выхоўваць дзяцей у іх веры. Няма канкрэтнага параграфа ў законах, які накладвае адпаведны абавязак, таму магла б ня быць захаваная тоеснасьць.

Да таго часу, калі ўсе краіны ня прымуць адпаведнага заканадаўства, можа так здарыцца, што дзіця польскага сужонства, якое пражывае, скажам, у Вялікабрытаніі, трапіць пад апеку ангельцаў, якія не валодаюць польскай моваю.

Б. Райкоўска: Таму папраўка, пра якую ідзе гаворка, гэта крок у правільным напрамку. Дзякуючы ёй у такой сытуацыі дзіця ня зможа трапіць у сям’ю, якая не валодае польскай мовай, паколькі для дзіцяці гэта двайная траўма. Дзіця заўсёды хоча быць з бацькамі, нават калі ў яго доме было бедна і страшна. Таму расстаньне з бацькамі – гэта вялізная траўма, і хаця б таму яно не павінна трапіць у сям’ю, якая ня будзе яго разумець, бо ня ведае яго мовы. Тады дзіця перажыло б чарговую псыхалягічную траўму.

Іншая справа, пра якую гаворыцца ў папраўцы, гэта забарона разьдзяляць братоў і сясьцёр з адной сям’і. Гэта таксама важна, паколькі дзеці з адной сям’і абавязкова павінны трапляць пад апеку аднаго органа, – адзначае Барбара Райкоўска.

Б. Райкоўска: Нельга разьдзяляць братоў і сясьцёр. Гэта чарговая траўма для дзяцей. Людзі з адной сям’і, у тым ліку дзеці, вельмі зьвязаныя з іншымі сваякамі. Нельга разьдзяляць дзяцей толькі таму, што адна прыёмная сям’я ня можа заняцца некалькімі дзецьмі. Трэба такім чынам наладзіць працу адпаведных органаў, каб гэта было магчыма – каб дзеці траплялі пад апеку іншых асобаў разам. Нельга карыстацца самым простым вырашэньнем праблемы.

Калі гэтая папраўка пачне дзейнічаць, то органам апекі над дзецьмі ў розных краінах ЭЗ прыйдзецца паміж сабою супрацоўнічаць, каб падабраць як мага лепшы варыянт апекі над кінутым дзіцём. Зразумела, гэта будзе больш дарагая працэдура, чым цяпер, калі дзіця зьмяшчаюць у першую падыходзячую прыёмную сям’ю. Аднак гаворка ідзе пра дабро дзяцей, іх псыхалягічнае, а нават фізычнае здароўе, а на гэтым абсалютна нельга эканоміць. Сапраўды, цяпер кошты ў кароткай пэрспэктыве могуць быць меншыя, але грамадзкая, сацыяльная цана такой неадпаведнай апекі ў далейшай пэрспэктыве можа быць аграмаднай, – адзначае дырэктар польскага аддзелу асацыяцыі СОС «Дзіцячыя вёскі» Барбара Райкоўска.

PR24/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт