Logo Polskiego Radia
Print

Прэм’ер Польшчы спрабуе ўлагодзіць канфлікт з Ізраілем і ЗША

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 02.02.2018 13:24
Законапраект, які ўводзіць кары за абвінавачаньне палякаў ва ўдзеле ў Галакосьце, ускладняе адносіны Варшавы зь яе саюзьнікамі.
PAP/Radek Pietruszka

Кіроўная польская партыя «Права і справядлівасьць» спрабуе знайсьці выхад з дыпляматычнага канфлікту з Тэль-Авівам і Вашынгтонам – піша газэта Rzeczpospolita. Скандал разгарэўся пасьля таго, як парлямэнт прыняў папраўкі ў закон аб Інстытуце нацыянальнай памяці Польшчы. Яны ўводзяць крымінальную адказнасьць за ўскладаньне на палякаў віны ў злачынствах нацызму.

Улады Польшчы сьцьвярджаюць, што закон прыняты для таго, каб караць людзей, якія ўжываюць выразы «польскія лягеры сьмерці» ў стасунку да канцлягераў, пабудаваных нямецкімі нацыстамі на акупаванай польскай тэрыторыі. Аднак прадстаўнікі заходніх урадаў асьцерагаюцца, што недакладныя фармулёўкі закону будуць выкарыстаныя супраць тых, хто расказвае пра саўдзел некаторых польскіх грамадзянаў у забойстве габрэяў.

Міністэрства замежных справаў Ізраіля выказала абурэньне новай рэдакцыяй закону. У нэгатыўным тоне дакумэнт пракамэнтавалі Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША, амэрыканскія кангрэсмэны, а таксама газэта Washington Post.

Вырашэньнем дыпляматычнага скандалу заняўся прэм’ер Польшчы Матэвуш Маравецкі. У нядзелю ён дамовіўся з урадам Ізраіля пра стварэньне сумеснай камісіі па аналізе фармулёвак новай рэдакцыі закону. Аднак ужо праз тры дні Сэнат Польшчы прыняў законапраект без паправак. У чацьвер Матэвуш Маравецкі выступіў з заявай, у якой падкрэсьліў, што польскі ўрад «асуджае ўсе злачынствы, зьдзейсьненыя на польскай зямлі падчас Другой сусьветнай вайны, незалежна ад таго, якой нацыянальнасьці былі злачынцы, а якой ахвяры». Прэм’ер зазначыў, што польскі ўрад ніколі ня будзе абмяжоўваць свабоды дыскусіі на тэму Галакосту.

Пры гэтым кіраўніцтва партыі «Права й справядлівасьць», на чале са старшынём Яраславам Качыньскім, выступае за тое, каб як мага хутчэй прыняць папраўкі да закону. Апошняе слова ў спрэчцы будзе належаць да прэзыдэнта Польшчы Анджэя Дуды. Ён можа накласьці вета на закон альбо скіраваць яго ў Канстытуцыйны суд.

Rzeczpospolita/ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт