Logo Polskiego Radia
Print

Украінскія працаўнікі сталі дарагія, фірмы шукаюць беларусаў

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 07.02.2018 13:45
Імкліва расьце лічба агенцтваў пасярэдніцтва, якія шукаюць працаўнікоў для польскіх фірмаў.
Photo: pixabay.com/CC0 Public Domain

Паводле дадзеных Міністэрства сям’і, працы і сацыяльнай палітыкі, у мінулым годзе польскія наймальнікі падалі 1,8 млн. заяў пра намер прыняць на працу іншаземца. У тым ліку 1,7 млн. заяў датычыла ўкраінцаў, на 36% больш, чым годам раней – піша «Dziennik Gazeta Prawna». Тым ня менш, усё яшчэ не хапае працоўных рук. Таму летась працадаўцы ўнесьлі 58 тыс. заяў пра намер узяць на працу беларусаў – гэта ў два разы больш, чым у 2016 годзе. Колькасьць супрацоўнікаў зь Беларусі будзе хутчэй за ўсё далей павялічвацца.

Чаму? Таму што ўкраінцам трэба плаціць ужо столькі ж, колькі палякам, – кажа Маніка Банысь з кампаніі Personnel Service, якая займаецца пошукам працаўнікоў для іншых фірмаў. Таму наймальнікі ўсё часьцей шукаюць працаўнікоў у Беларусі. Зыгмунт Пелус з Цэнтра бізнэсу і турызму ў Горадні дадае, што імкліва расьце лічба агенцтваў пасярэдніцтва, якія шукаюць працаўнікоў для польскіх фірмаў. Толькі ў Горадні іх каля 20, а па ўсёй Беларусі некалькі сотняў.

Беларусы, таксама, як і ўкраінцы, шукаюць у Польшчы магчымасьці зарабіць больш, чым на Айчыне. Сярэдні заробак у Польшчы ў тры разы вышэйшы, чым у Беларусі ды ў чатыры разы большы, чым ва Ўкраіне. Акрамя таго, беларусы прыяжджаюць у Польшчу, бо ўсё цяжэй знайсьці прыстойную працу ў Расеі.

Эканоміка Польшчы разьвіваецца на столькі імкліва, што прыбывае вакансій таксама для грузінаў, малдаван, расейцаў і армян, а таксама для жыхароў больш экзатычных краін – як Кітай, Індыя, Філіпіны і г.д.

Dziennik Gazeta Prawna/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт