Logo Polskiego Radia
Print

Прапагандысты пойдуць у Інтэрнэт

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 07.02.2018 17:52
  • Прапагандысты пойдуць у Інтэрнэт.mp3
Чаго спадзявацца й чаго асьцерагацца ад замены кіраўніцтва беларускіх дзяржаўных СМІ?
pixabay.com/Public Domain CC0

Старых праўладных публіцыстаў на чале дзяржаўных СМІ нечакана замянілі маладыя мэнэджэры. У адзін дзень Аляксандар Лукашэнка абнавіў кіраўніцтва Бетэлерадыёкампаніі, газэты «СБ. Беларусь сегодня» і сталічнага тэлеканалу СТБ. Чаго спадзявацца і чаго асьцерагацца ад зьмены кіраўніцтва дзяржаўнай інфармацыйнай машыны? На гэта пытаньне адказваюць беларускія мэдыяэкспэрты.

«Я сябе няўтульна адчуваю сёньня […]. Часта людзей даводзіцца мяняць таму, што яны ня справіліся з абавязкамі […]. Але кіраўнікі, на пасаду якіх вы заступаеце, – гэта людзі вельмі годныя». Такімі словамі Аляксандар Лукашэнка павітаў новага старшыню Белтэлерадыёкампаніі Івана Эйсманта, новага галаву холдынгу «СБ-Беларусь сегодня» Дзьмітрыя Жука і кіраўніка тэлеканалу СТБ Ігара Луцкага. Былы тэлевядучы Эйсмант, а таксама зьвязаныя з інфармагенцтвам БЕЛТА Жук і Луцкі прыйшлі на зьмену Генадзю Давыдзьку, Паўлу Якубовічу ды Юрыю Казіятку.

Павал Якубовіч узначальваў «Советскую Белоруссию» цэлых 23 гады. Даверам і павагай Лукашэнкі карысталіся й іншыя звольненыя функцыянэры. Аднак у эпоху Інтэрнэту і сацыяльных сетак уладам спатрэбіліся людзі, якія лепш арыентуюцца ў мэнэджмэнце й тэхналёгіях – мяркуе мэдыяэкспэрт Паўлюк Быкоўскі.

Паўлюк Быкоўскі: Асоба, якая ўзначаліла Белтэлерадыёкампанію, рабіла кар’еру на тэлебачаньні. Таму мне падаецца, што зьмена кіраўніцтва была выклікана патрэбай у прафэсіяналізацыі. Калі казаць пра прызначэньне былога намесьніка міністра інфармацыі Луцкага кіраўніком СТБ, то варта нагадаць, што некалі той быў намесьнікам кіраўніка БЕЛТА й займаўся новымі тэхналёгіямі й мадэрнізацыяй агенцтва. Калі казаць пра прызначэньне Дзьмітрыя Жука на пасаду дырэктара холдынгу «СБ-Беларусь сегодня», то гэта выклікана як яго мэнэджэрскімі здольнасьцямі, так і патрэбай у мадэрнізацыі.

Можна спадзявацца, што дзяржаўныя СМІ цяпер стануць больш заўважнымі ў віртуальнай прасторы. Некаторыя журналісты асьцерагаюцца, што паралельна з гэтым улады ўзмацняць барацьбу з іншадумцамі ў Інтэрнэце. Блякаваньне сайтаў можа стаць больш частай зьявай – не выключае мэдыяэкспэрт Аляксандар Класоўскі.

Аляксандар Класоўскі: Нядаўна прызначаны міністар інфармацыі Алесь Карлюкевіч днямі на калегіі свайго ведамства зазначыў, што сёлета міністэрства «зробіць акцэнт на Інтэрнэт і сацыяльныя сеткі». У чарговы раз ён анансаваў папраўкі ў закон аб СМІ. У незалежнай журналісцкай супольнасьці, у прыватнасьці ў Беларускай асацыяцыі журналістаў, гэта выклікае трывогу. З досьведу вядома, што ўсе гэтыя папраўкі ў заканадаўства вядуць да таго, што заканадаўства становіцца ўсё больш драконаўскім.

Мэдыяэкспэрт не выключае, што Аляксандар Лукашэнка зьмяніў начальнікаў дзяржаўных тэлеканалаў і газэтаў, каб падрыхтаваць грунт для наступнай прэзыдэнцкай кампаніі. Яна распачнецца ў 2020 годзе. Пераконваць беларусаў у тым, што нязьменнаму кіраўніку краіны альтэрнатывы няма, будзе значна складаней, чым раней.

Аляксандар Класоўскі: Эканамічная сытуацыя стала горшай. Дзяржава ўжо не рызыкуе перад выбарамі друкаваць пустыя грошы. Леташнія пратэсты паказалі, што вобраз «Бацькі» ўжо дэсакралізаваны. Таму, я думаю, Лукашэнка ўскладае пэўныя надзеі на новае кіраўніцтва дзяржаўных СМІ. Ён спадзяецца, што тыя будуць больш таленавіта і крэатыўна прасоўваць яго імідж і будуць прапагандаваць яго палітыку ў новых, больш суровых умовах.

Аляксандар Лукашэнка заклікаў новапрызначаных кіраўнікоў дзяржСМІ падняць якасьць прадукцыі да ўзроўню заходніх і расейскіх масмэдыя. Але пры гэтым пры гэтым ён параіў не «скаціцца на тыя пазыцыі й тыя формы працы, якія сёньня існуюць на расейскіх каналах». Лукашэнка падкрэсьліў, што праўладныя масмэдыя павінны адбіваць інфармацыйныя атакі. Праўда, адкуль сыходзяць пагрозы, ён не ўдакладніў.

На думку Аляксандра Класкоўскага, найбольш кіраўніка Беларусі турбуюць інфармацыйныя атакі з Крамля. Апошнім часам расейскія праўладныя масмэдыя ўсё часьцей крытыкуюць Менск. Аднак аналітык не спадзяецца, што беларускія дзржСМІ стануць эфэктыўней змагацца з расейскай прапагандысцкай машынай.

Аляксандар Класоўскі: У адрозьненьне ад Расеі, у беларускіх дзяржаўных мэдыяў няма дастаткова сродкаў, каб набыць цэлую абойму яскравых прапагандыстаў. Акрамя таго, беларускія дзяржаўныя СМІ працуюць толькі па ўказцы зьверху. Самі ж дачыненьні Менска з Масквой застаюцца супярэчлівымі: назіраецца то канфрантацыя, то замірэньне.

З прыходам новага кіраўніцтва ня варта чакаць і значнага павелічэньня перадач на беларускай мове – дадае Паўлюк Быкоўскі.

Паўлюк Быкоўскі: Мы бачылі бюджэт Беларусі на 2018 год. У ім фінансаваньне тэлеканалаў прынцыпова не павялічылася. Таму я ня думаю, што ў дзяржСМІ ёсьць шанцы зрабіць больш ці набыць больш нерасейскага кантэнту.

Беларускія дзяржаўныя СМІ сапраўды могуць стаць больш заўважальнымі ў сеціве, а беларускія ўлады здольныя павялічыць кантроль над Інтэрнэтам – лічаць мэдыяаналітыкі. Аднак у экспэрты сумняюцца, што беларуская дзяржаўная прапаганда будзе ў стане лепш змагацца з канкурэнцыяй з Крамля.

«Улады, магчыма, і хацелі бы паставіць заслон інфармацыйнай пагрозе з Усходу, але і праз недахоп сродкаў, і праз прыроду дзяржаўных мэдыя, і праз празьмерную залежнасьць беларускага рэжыму ад Масквы, вялікіх зьменаў у гэтай сфэры чакаць не належыць» – падсумаваў Аляксандар Класкоўскі.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт