Logo Polskiego Radia
Print

Украінцы ўсё часьцей атрымліваюць у Польшчы міжнародную ахову

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 13.02.2018 13:01
Міжнародная ахова дае іншаземцам такія ж правы, як і ўцекачам.
pixabay.com/Public Domain CC0

Польшча пачала ахвотна даваць украінцам прытулак, гэтак званы статус міжнароднай аховы, якая дае іншаземцам такія ж правы, як уцекачам. Пра гэта піша «Rzeczpospolita». Некалькі дзён таму прэм’ер-міністар Матэвуш Маравецкі даў інтэрвію амэрыканскай тэлестанцыі CNN. На пытаньне, чаму Польшча адмаўляецца прымаць уцекачоў, ён адказаў, што некаторыя забываць пра вайну ва Ўкраіне. Вельмі вялікая група людзей з Данбасу шукае прытулку ў Польшчы. Гэтыя людзі страцілі свае дамы і маёмасьць, таму палякі ставяцца да іх як да ўцекачоў, – тлумачыў кіраўнік ураду.

Сапраўды, летась упершыню за многія гады быў зафіксаваны рэзкі рост лічбы станоўчых адказаў аб прызнаньні міжнароднай аховы грамадзянам Украіны. Яе атрымала 276 украінцаў, а да 19 студзеня гэтага году такі статус атрымалі ўжо 23 украінцы. Гэта былі галоўным чынам людзі з Данбасу, сем’і з дзецьмі, хворыя і пажылыя. Раней заявы ўкраінцаў польскія ўлады масава адхілялі, а ахову на тэрыторыі Польшчы прызнавалі ў выключных сытуацыях. У сваю чаргу адваротная сытуацыя з чачэнцамі, якія ўсё радзей атрымліваюць дадзены статус на тэрыторыі Польшчы.

Грамадзяне Расеі, якім удасца атрымаць ахову ў Польшчы, як правіла выяжджаюць далей на Захад. Украінцы інакш – яны часьцей за ўсё намераныя застацца ў Польшчы, гэта таксама аргумэнт за тое, каб іх прымаць.

Уцекачы і асобы, ахопленыя міжнароднай аховай, могуць карыстацца сацыяльнай дапамогай у Польшчы. Цягам году яны таксама атрымліваюць фінансавую падтрымку ад дзяржавы. Усе іншаземцы могуць пасылаць дзяцей у дзяржаўныя школы, бясплатна вучыцца польскай мове і мець мэдыцынскае абслугоўваньне. Іншаземцы са статусам асобы пад міжнароднай аховай могуць без перашкод наймацца ў Польшчы на працу на агульных асновах.

Rzeczpospolita/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт