Logo Polskiego Radia
Print

Вакол сьвету на ратунак сям’і

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 04.03.2018 10:30
  • Вакол сьвету.mp3
Звычайная польская сям’я вырушыла ў падарожжа вакол сьвету для захаваньня сямейнай блізкасьці.
Foto: pixabay.com/CC0

Падарожжы і вандроўкі нават у далёкія краіны сёньня не зьяўляюцца нечым надзвычайным.

Разьвіцьцё камунікацыі, транспарту й гандлю прывяло да таго, што сьвет стаў больш глябальным. Большая колькасьць людзей атрымала магчымасьць падарожнічаць, а турызм стаў адной з буйных галінаў сусьветнай эканомікі. Паводле падлікаў экспэртаў Сусьветнай арганізацыі па турызьме, сэктар прыўносіць у сусьветную эканоміку больш за 7 трыльёнаў даляраў у год.

Аднак сёньня турызм гэта ня толькі камэрцыя ды вялікія даходы. Ёсьць людзі, якія выбіраюць падарожжы як лад жыцьця, або дзеля вырашэньня нейкіх сваіх асабістых задач. Так сталася з адной польскай сям’ёй. Лапаціньскія вырашылі аб’ехаць увесь сьвет зь дзецьмі, дзеля ўмацаваньня сямейных сувязяў. Пра свой досьвед яны распавялі Польскаму радыё.

Войтэк-малодшы Лапаціньскі: Выглядала ўсё так, што ў бацькоў не было зусім часу на нас, на дзяцей. Патрэба сямейнай блізкасьці падштурхнула нас да паездкі. Мы паехалі ў гэтае падарожжа, каб больш зблізіцца, каб адкрыць адзін аднаго. Так сталася, хаця спачатку было цяжка. Першыя два месяцы мы зь сястрой так моцна сварыліся, што бацькі нават хацелі адправіць нас назад у Польшчу да бабулі. Калі мы зразумелі, што існуе сур’ёзная верагоднасьць вяртаньня ў школу, мы вырашылі, што трэба дамаўляцца. Так мы перасталі сварыцца. Гэта была асноўная прычына, апроч, зразумела, жаданьня адкрыць сьвет, здабыць досьвед ды адчуваньні.

Зь якім стаўленьнем вы сутыкнуліся? Якая была рэакцыя сваякоў, сяброў?

Луцыя Лапаціньска: Такая была рэакцыя, што тады мае сябры моцна цікавіліся тэлефонамі. Калі я ім распавяла пра нашу ідэю, яны сказалі, ага, добра, але ў якую гульню будзем гуляць. Так потым і засталося. Падчас падарожжа ў нас не было з імі кантакту. За той год толькі адна сяброўка адгукнулася да мяне з пытаньнем, што чуваць у мяне? Далей размовы не атрымалася, бо не было зацікаўленасьці. Пасьля вяртаньня я пайшла ў іншую школу й не кантактавалася зь імі.

З пункту гледжаньня бацькоў, гэтая вандроўка была патрэбнай, каб зразумець важнасьць міжлюдзкіх кантактаў. Гаворыць бацька Войцех Лапаціньскі.

Войцех-старэйшы Лапаціньскі: Найважнейшым матывам у гэтым падарожжы было тое, каб быць разам, прысьвяціць час сям’і, прысьвяціць час дзецям. Таксама дзеці прысьвяцілі свой час, каб быць зь сям’ёю. Гэта было нялёгкае падарожжа, ішлося з заплечнікамі. Таксама мы з жонкай хацелі паказаць дзецям наўпроставыя стасункі з другім чалавекам, што губляецца ў эпоху інтэрнэту, сотавых тэлефонаў, знаёмых на Facebbok. Мы ня ведаем другога чалавека, саромеемся папрасіць дапамогі, прывітацца, паразмаўляць. Гэтага нам не хапае ў нашым цывілізаваным, тэхналягічным, лічбавым сьвеце. У наша падарожжа вакол сьвету мы паехалі без мабільніка. Дзеля таго, каб прасіць дапамогі ў людзей, каб пабачыць і зразумець, як яны жывуць. Гэта была адна з важных мэтаў нашай вандроўкі.

Спачатку сям’я плянавала вандраваць 2 месяцы, але ў выніку падарожжа расьцягнулася на год. Вынікам вандроўкі сталі 2 кнігі з цыклю «Узяла брата ў падарожжа вакол сьвету» (усяго будзе 4), дзе чатыры аўтары: мама, тата, сын і дачка. Кожны зь іх распавядае пра свае эмоцыі, перажываньні, цяжкасьці й захапленьні, знаёмячы чытачоў са шляхам у 114 тысяч кілямэтраў, які вёў праз 42 дзяржавы.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт